Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Васіль Юрэвіч: “Ня кожны можа дазволіць сабе маліцца богу за такія грошы”


Любоў Лунёва, Менск Амаль 2 тысячы даляраў павінен заплаціць дзяржаве адміністратар пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” Васіль Юрэвіч. Так яго пакараў суд Маскоўскага раёну Менску за правядзеньне нядзельнага набажэнства. Паводле папярэдніх прысудаў, бацька чатырох непаўналетніх дзяцей мусіць заплаціць яшчэ 4 тысячы даляраў.

Васіля Юрэвіча судзілі ў будынку міліцыі Маскоўскага раёну. Тых, хто прыйшоў, каб прысутнічаць на судзе, у памяшканьне не пусьцілі. Раней Васіль Юрэвіч падаў скаргу ў пракуратуру, каб там зьвярнулі ўвагу на складаньне пратаколу. У адміністрацыйнай справе адсутнічалі рапарты супрацоўнікаў міліцыі, якія б зафіксавалі склад правапарушэньня. Ён быў вельмі зьдзіўлены, калі ўбачыў, што цяпер да пратаколу дадалі ажно чатыры рапарты замест неабходных двух.

Васіль Юрэвіч спадзяваўся, што суд, трэці ўжо за не санкцыянаванае ўладамі набажэнства, спыніць справу. Але і гэтым разам адміністратара царквы пакаралі штрафам 2 тысячы даляраў. Цяпер ён мусіць заплаціць дзяржаве каля 6 тысяч даляраў. Васіль Юрэвіч так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Юрэвіч: ) “Ня кожны можа сабе дазволіць маліцца богу за такія грошы… За 6 тысяч даляраў… Гэты прысуд зноў замоўлены. Міліцыянты, якія ўдзельнічалі ў судовай справе, нахабна хлусілі. Судзьдзя вынесла рашэньне аб тым, што я зноў вінаваты. Я бачу, што яны робяць усё магчымае, каб мы адмовіліся ад нашых набажэнстваў і не зьбіраліся разам. Я лічу, што суткі мне далі толькі таму, што ня хочуць прыцягваць увагу грамадзкасьці”.

Нагадаем, царква “Новае жыцьцё” ў 2002 годзе набыла ва ўласнасьць былы калгасны кароўнік на ўскрайку гораду. Вернікі за свае сродкі яго адрамантавалі для правядзеньня набажэнстваў. Царква налічвае каля 1000 вернікаў, сярод іх 348 дзяцей, якія наведваюць нядзельную школу. Праблемы пачаліся ў жніўні, калі гарадзкія ўлады пазбавілі пратэстантаў зямельнага надзелу і пачалі працэдуру пераводу будынку з прыватнай у дзяржаўную маёмасьць. Гаворыць пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка:

(Ганчарэнка: ) “Мы ўсё роўна будзем працягваць маліцца, зьбірацца на набажэнствы, і мы ня спынімся. Будзем зьвяртацца ў міжнародныя структуры і ўздымаць гэтае пытаньне, каб адстойваць свае правы і сваю пазыцыю. Я заўважыў, што з нас усё пачыналася. Нас першымі выкінулі з Дамоў культуры. Іншыя назіралі за гэтым, а праз паўгоду зь імі абышліся такім жа чынам. Улады разьлічваюць спачатку расправіцца з намі, каб запалохаць астатніх. Зламаць дух вернікаў”.

З 2 верасьня вернікі не пакідаюць свайго храму. Яны наладзілі дзяжурствы дзеля таго, каб улады не захапілі будынак, калі там нікога ня будзе. Згодна з заканадаўствам, калі будзе прынята судовае рашэньне забраць будынак у дзяржаўную маёмасьць, судовыя выканаўцы могуць зрабіць гэта гвалтоўна.
XS
SM
MD
LG