Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва мае намер узьняць пытаньне ў Радзе Эўропы адносна зьмякчэньня ўмоваў ізаляцыі Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Сойме старшыня парляманцкага камітэту замежных справаў Юсьцінас Каросас заявіў, што пазыцыя Эўразьвязу адносна ізаляцыі афіцыйнай беларускай улады цягам некалькіх гадоў не дала ніякага выніку, таму трэба шукаць іншыя шляхі, якія б дапамаглі зьмяніць недэмакратычны рэжым.

Юсьцінас Каросас, у прыватнасьці сказаў:

(Каросас:) “Дасюль мы кіраваліся прызнанай Радай Эўропы пазыцыяй ізаляцыі ўладаў Менску. Аднак мы павінны шукаць новыя шляхі, паколькі тыя, якія выкарыстоўваем цяпер, занадта слаба ўплываюць на дэмакратызацыю і фармаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі”.

На гэтым тыдні літоўскі парлямантар Ю.Каросас у Эўрапарляманце браў удзел у паседжаньнях камітэтаў, якія займаюцца пытаньнямі замежнай палітыкі. Паводле Ю.Каросаса, яго калегі выказвалі заклапочанасьць тым, што цяперашняя палітыка Эўразьвязу ў дачыненьнях зь Беларусьсю перашкаджае канструктыўнаму супрацоўніцтву з гэтай краінай і не дае вынікаў.

Сацыял-дэмакрат Ю.Каросас заявіў таксама, што яго прапанова шукаць іншых шляхоў у дачыненьнях зь Беларусьсю не азначае, што ён падтрымлівае палітыку А.Лукашэнкі. Кіраўнік літоўскага парляманцкага камітэту замежных справаў кажа, што прапаноўвае дачыненьні зь Беларусьсю “пашыраць, а не зьмякчаць” і што Эўразьвяз павінен падтрымаць такую пазыцыю, каб бліжэйшыя суседкі Беларусі ў вырашэньні эканамічных пытаньняў маглі мець дачыненьні з беларускімі палітычнымі інстытуцыямі, не парушаючы прынцыпы Эўразьвязу ў стаўленьні да дыктатарскага рэжыму .

Літоўскі парлямантар заявіў пра намер прапанаваць міністру замежных спрваў Літвы Антанасу Валёнісу ўзьняць гэтае пытаньне на Радзе Эўропы, паколькі, паводле Ю.Каросаса, гэтая праблема стварае падставы для палітычных спэкуляцыяў.

(Каросас:) “Трэба шукаць шляхі ў Радзе Эўропы, каб суседнім зь Беларусьсю краінам было дазволена мець дачыненьні зь ёю крыху іначай, чым іншым краінам Эўразьвязу. У прыватнасьці, ажыцьцяўляць гаспадарча-гандлёвы інтарэс і тым самым расштурхоўваць закасьцянелыя дзяржаўныя інстытуцыі недэмакратычнай краіны”.
XS
SM
MD
LG