Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі АМОН зноў затрымаў віцебскіх апазыцыянэраў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Пасьля выбухаў 14 і 22 верасьня ў Віцебску вядзецца ўзмоцненае патруляваньне вуліцаў тутэйшымі міліцыянтамі ды менскім АМОНам. Сёньня патруль трэці раз за апошнія 10 дзён затрымаў сябраў КХП БНФ Аляксандра Салаўяна і Уладзімера Плешчанку, якія шточацьвер і штопанядзелак выходзяць на вуліцу Леніна, каб распаўсюджваць партыйныя выданьні. (фота -архіў)

Разам з імі быў затрыманы і беспартыйны апазыцыянэр Барыс Хамайда, які распаўсюджвае ў Віцебску часопіс “ARCHE" і ўласную газэту “Выбар”. Аднак сёньня ў міліцыянтаў выклікалі падазрэньні ня гэтыя выданьні, а два паасобнікі “Навінаў БНФ”, што ляжалі ў сумцы спадара Хамайды.

Таму спадароў Плешчанку ды Салаўяна неўзабаве адпусьцілі з пастарунку, нават не складаючы пратаколаў, а Барыса Хамайду вырашылі везьці ў суд.

Рашэньне міліцыянтаў адмяніў адзін з кіраўнікоў Чыгуначнага райаддзелу, якому спадар Хамайда здолеў давесьці, што бюлетэнь Партыі БНФ ён не выдае і не распаўсюджвае, як, зрэшты, і газэту “Комсомольская правда”, што таксама была сярод ягоных рэчаў .

Барыса Хамайду адпусьцілі дахаты. Аднак тэма судоў для яго і там ня страціла актуальнасьці: пад дзвярыма апазыцыянэра чакаў судовы выканаўца, які прыйшоў рабіць вопіс маёмасьці – для пагашэньня ранейшых нясплочаных штрафаў. Агульная сума гэтых штрафаў вельмі вялікая: толькі апошні з іх, прысуджаны за віншаваньне з Днём вайсквае славы 8-га верасьня складае амаль 4 мільёны рублёў. Уласнае маёмасьці, якую можна было б канфіскаваць на такую суму, у кватэры спадара Хамайды не знайшлося.
XS
SM
MD
LG