Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч: “Мы наламалі гэтулькі дроў з Канстытуцыяй, што трэба адумацца.”


Алесь Дашчынскі, Менск 7 кастрычніка 1977 года была прынятая апошняя савецкая канстытуцыя. Пасьля распаду савецкай імпэрыі пачаўся так званы парад сувэрэнітэтаў. Былыя саюзныя рэспублікі прымалі свае канстытуцыі. Праца над першай канстытуцыяй незалежнай Беларусі пачалася яшчэ ў ліпені 1990 года, калі была ўтворана канстытуцыйная камісія з 74 чалавек пад кіраўніцтвам Мікалая Дземянцея. Праз два гады яе ўзначаліў новы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. А падпісаў канстытуцыю 15 сакавіка 1994 года ўжо Мечыслаў Грыб. Як склаўся лёс яе распрацоўшчыкаў дасьледаваў наш карэспандэнт.

Спачатку над праектам працавалі дзьве камісіі: афіцыйнай кіраваў намесьнік старшыні Вярхоўнага Савета Васіль Шаладонаў, альтэрнатыўнай - дэпутат Віктар Ганчар. Потым яны аб''ядналіся. Згадвае Васіль Шаладоўнаў.

(Шаладоўнаў: ) “Калі былі распрацаваны гэтыя два праекты, яны, фактычна, у асноўным супалі і Вярхоўны Савет прыняў рашэньне, што павінен дапрацоўвацца адзін зь іх і з гэтым у свой час пагадзіўся й Ганчар. Засталася адна група, якая дапрацоўвала з улікам напрацовак той групы, якую ўзначальваў Ганчар, і той групы, якую ўзначальваў я. У асноўным канцэпцыі адной і другой групы супадалі на працэнтаў 85 ”.

Пазьней Віктар Ганчар быў актыўным удзельнікам выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, віцэ-прэм''ерам, кіраваў эканамічным судом СНД і Цэнтравыбаркамам. Ён не прызнаў вынікі рэфэрэндуму 1996 года. Шэсьць гадоў таму Віктар Ганчар быў скрадзены.

У сваю чаргу Васіль Шаладонаў лічыць, што асабіста ягоны лёс склаўся “нармальна”. В.Шаладонаў быў намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савета, Генэральным пракурорам, потым намесьнікам міністра па краінах СНД, узначальваў кансулят у Пецярбургу, а цяпер кіруе Сталым камітэтам так званай саюзнай краіны ў Менску. Цяпер шэраг палітыкаў намагаецца распрацаваць так званы Кансытуцыйны акт саюза Беларусі і Расеі, які, ня выключана, пацягне за сабой новыя зьмены ў цяперашняй канстытуцыі краіны. Разважае Васіль Шаладонаў:

(Шаладоўнаў: ) “Сувэрэнітэтам валодае дзяржава. Яна можа з улікам інтэграцыйных працэсаў заўсёды нейкую частку сувэрэнітэту перадаваць, аб’ядноўвацца, калі за гэтым ідзе прагрэс”.

Яшчэ адзін распрацоўшчык першай канстытуцыі Дзьмітры Булахаў быў старшынёй камісіі Вярхоўнага Савету па заканадаўстве. Потым адным з асноўных хаўрусьнікаў Лукашэнкі. Да нядаўняга часу працаваў першым намесьнікам старшыні выканкаму СНД.

(Булахаў:) "Сувэрэнітэт – гэта не абраз, на які трэба маліцца, каб разьбіць сабе лоб. Гэта сродак для дасягненьня найбольшай выгады для ўласнага народа”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, пры якім было прынята больш за сто артыкулаў канстытуцыі, цяпер з’яўляецца актывістам апазыцыі. Паводле спадара Шушкевіча ў Дзьмітрыя Булахава ніколі не было патрыятызму і беларускасьці.

(Шушкевіч: ) "І калі ён так гаворыць, значыць на гэта рыхтуецца замах. Цяпер вельмі часта гавораць, што абсалютызаваць сувэрэнітэт ня трэба: глябалізацыя, інтэграцыя Эўропы, розныя амэрыканскія аб’яднаньні – гэта ўсё правільна. То ў нас гаворка ідзе абсалютна пра іншае. Такія як Абрамовіч, як Булахаў зараз прапішуць, як здаць гэтую краіну, таму што яна для іх – не радзіма. Яна для іх – мейсца, дзе можна ўтульна ўладкавацца пры гэтай ўладзе. Яны служаць гэтай уладзе”.

Аднойчы апазыцыйная моладзь у дзень канстытуцыі прынесла на плошчу ў Менску макеты трох дамавінаў – якія сымбалізавалі хаўтуры па Канстытуцыі ў 1995, 1996 і 2004 гадах. Так маладзёны ўспрымаюць усе тры рэфэрэндумы, якія былі праведзены пад кіраўніцтвам яшчэ аднаго былога распрацоўшчыка канстытуцыі Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер апазыцыйныя палітыкі закліваюць да вяртаньня да канстытуцыі 1994 года. Падчас кангрэсу дэмакратычных сілаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька даў клятву на Бібліі, канстытуцыі 1994 года і кнізе твораў Васіля Быкава. А Станіслаў Шушкевіч выказаўся адносна магчымага рэфэрэндуму па канстытуцыі ў выпадку перамогі дэмсілаў.

(Шушкевіч:) "Мы наламалі гэтулькі дроў з канстытуцыяй, што трэба адумацца. Палякі прынялі спачатку малую канстытуцыю. Пасля працавалі па ёй. Пасьля выпрацавалі канстытуцыю ў парлямэнце і толькі пасьля, удасканаліўшы яе канчаткова за больш чым два гады, паставілі яе на рэфэрэндум. Дык вось пакуль ня пройдзе гэтых крокаў, нельга яе прымаць і выносіць на рэфэрэндум. Таму што небясьпечным можа быць рэфэрэндум па канстытуцыі. Не жартуйце з канстытуцыяй, няма больш сур''ёзнага дакумэнта”.
XS
SM
MD
LG