Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

6 кастрычніка 1596 году была заключаная Берасьцейская царкоўная унія


RFE/RL Першая сёньняшняя дата – з гісторыі аднаго знакамітага роду. 6 кастрычніка 1506 году пінскі князь Фёдар Яраславіч выдаў грамату Данілу Іванавічу Ірцішчу на валоданьне вёскай Дастоева Пінскага павету Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. У выніку сын Данілы Іванавіча Іван меў ужо прозьвішча Ірцішч-Дастаеўскі, а ягоны ўнук Сьцяпан – проста Дастаеўскі. Гэтая гісторыя і дала нагоду вялікаму пісьменьніку праз шмат гадоў сказаць: «Продкі мае выйшлі зь літоўскіх балот».

6 кастрычніка 1596 году была заключаная Берасьцейская царкоўная унія – пагадненьне пра аб''яднаньне на тэрыторыі Рэчы Паспалітай праваслаўнай царквы з каталіцкай на ўмовах прызнаньня вяршэнства папы рымскага і асноўных дагматаў каталіцкай царквы, з захаваньнем праваслаўных абрадаў, багаслужбы на роднай мове. Так у Беларусі была створаная ўніяцкая царква, якая мелася стаць нацыянальнай царквою беларусаў.

6 кастрычніка 1966 году Ўладзімер Караткевіч піша эсэ пра Беларусь «Зямля пад белымі крыламі» -- гэта быў кароткі варыянт будучай знакамітай кнігі з такой самай назвай. Між іншым, той самы першы варыянт быў надрукаваны ў весьніку агенцтва друку Навіны «Па Савецкім Саюзе».

6 кастрычніка 1876 году нарадзіўся Ян Булгак, беларускі фотамайстар і этнограф. Родная вёска Булгака – Асташына ў цяперашнім Наваградзкім раёне. Дзякуючы Булгаку, да нашага часу дайшлі выявы людзей, вёсак і гарадоў, а таксама архітэктурных помнікаў краю, якіх даўно няма ў рэчаіснасьці.

Таксама 6 кастрычніка ў розныя гады нарадзіліся польскі кампазытар і піяніст Караль Шыманоўскі, швэйцарскі архітэктар і пачынальнік мадэрнізму ў архітэктуры Шарль Ле Карбюзье, нарвэскі дасьледнік і падарожнік Тур Хеердал і літоўскі кінаактор Ёзас Будрайціс.

А яшчэ 6 кастрычніка ў Туркмэніі адзначаецца Дзень памінаньня. Там згадваюць ахвяраў ашгабадзкага землятрусу, які адбыўся ў 1943 годзе. Між іншым, праўдзівыя зьвесткі пра маштабы ахвяраў таго землятрусу былі рассакрэчаныя зусім нядаўна. За адну ноч тады загінула 110 тысячаў чалавек. А прычынай такіх масавых стратаў называюць эканомію на будаўніцтве дамоў, пры якім небясьпека землятрусу ня ўлічвалася.
XS
SM
MD
LG