Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

5 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка.


RFE/RL 5 кастрычніка ў 1921 годзе ў Лёндане быў заснаваны Міжнародны ПЭН-клюб -- пісьменьніцкая арганізацыя сусьветнага маштабу. Першым прэзыдэнтам беларускага ПЭН-клюбу быў Васіль Быкаў. А нядаўна на гэтую пасаду абралі паэта Ўладзімера Някляева. А цяпер -згадкі пра іншыя гістарычныя падзеі.

5 кастрычніка 1796 году нарадзіўся расейскі граф Міхаіл Мураўёў, які працяглы час быў адміністратарам на далучаных да Расеі беларускіх землях. Мураўёў вядомы тым, што ператварыў фактычна ўніяцкую краіну ў праваслаўную. Па ўсёй Беларусі былі збудаваныя сотні аднолькавых праваслаўных цэркваў, якія дагэтуль называюць “мураўёўкамі”. Да таго ж граф Мураўёў праводзіў жорсткую палітыку русіфікацыі ва ўсіх сфэрах жыцьця Беларусі. На ягоным сумленьні жыцьці беларускіх паўстанцаў за незалежнасьць, у тым ліку і нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага, якога ён загадаў павесіць, за што Мураўёва празвалі ў народзе вешальнікам.

5 кастрычніка 1902 году нарадзіўся Рэй Крок, амэрыканскі рэстаратар, стваральнік сеткі рэстаранаў хуткае абслугі McDonald`s. Пасьля сканчэньня першай сусьветнай вайны, дзе 15-гадовы Крок служыў кіроўцам-санітарам, ён вярнуўся ў родны Чыкага і пераспрабаваў мноства ўсялякіх прафэсіяў. Быў джазавым піяністам, гандляваў нерухомасьцю. А ў 1954-м годзе наведаў рэстаран братоў Морыса і Рычарда Макдональдсаў, якія ўжывалі ўсялякія новыя тэхналёгіі хуткае абслугі і прыгатаваньня ежы. Вось жа Крок вырашыў іхныя ідэі распаўсюдзіць і ўвасобіць у цэлай сетцы рэстаранаў, і братам плаціў паўпрацэнта даходаў за выкарыстаньне іхнага прозьвішча. Першы такі рэстаран быў адчынены ў 1955 годзе. Калі Крок памёр, па ўсім сьвеце налічвалася ўжо сем з паловай тысяч Макдональдсаў.

5 кастрычніка 1936 году нарадзіўся Вацлаў Гавэл, драматург, апошні прэзыдэнт Чэхаславакіі і першы прэзыдэнт сучаснай Чэскай Рэспублікі. Гавэл -- адзін з самых вядомых сёньня ў сьвеце інтэлектуалаў. Ён шмат разважае і піша пра тыя зьмены, якія адбываюцца ў сьвядомасьці людзей на перавале ад камунізму да нармальнага, неэкстрэмальнага жыцьця.

5 кастрычніка 1830 году ня стала чалавека, які сваім лёсам сьведчыў пра лучнасьць Літвы і Беларусі, літоўскага і беларускага народаў. Гэта мастак Язэп Аляшкевіч. Нарадзіўся ён у літоўскай Шылуве, але ў сям`і музЫкі, якая прыехала сюды з Радашкавічаў. Скончыў Язэп Віленскую мастацкую школу. Вучыўся ў францускіх майстроў, а пасьля перабраўся ў Санкт-Пецярбург. Аляшкевіч часта прыяжджаў у Беларусь, і тут напісаў шмат партрэтаў, у тым ліку Льва Сапегі, Мікалая Радзівіла, Чартарыйскіх, Адама Міцкевіча ды іншыя.
XS
SM
MD
LG