Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каго бачаць віцебчукі новым беларускім лідэрам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Ці мае Аляксандар Мілінкевіч шанцы перамагчы на гэтых выбарах? Гэтыя пытаньні віцебскім мінакам задавала наша карэспандэнтка

(Карэспандэнтка: ) “Каго, апроч Аляксандра Лукашэнкі, вы бачыце новым беларускім лідэрам пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў?

(Спадар: ) “Каго заўгодна, абы толькі не яго!”

(Карэспандэнтка: ) “Ці чулі вы, што ў Менску адбыўся Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім адзіным кандыдатам ад апазыцыі выбралі Аляксандра Мілінкевіча? Ці ёсьць, на вашую думку, у яго шанец стаць новым прэзыдэнтам?”

(Спадар: ) “Ня ведаю. Ён новы чалавек, ніхто пра яго ня чуў. Ніхто яго ня ведае і ня бачыў. Прынамсі, звычайныя людзі, а ня тыя, хто займаецца палітыкай у апазыцыі”.

(Хлопец: ) “На сёньняшні дзень мы нікога ня ведаем, апрача Аляксандра Рыгоравіча”.

(Спадар: ) “Было б добра, каб на месца Лукашэнкі стаў такі рашучы і такі прынцыповы чалавек, як Павал Севярынец. Але Аляксандар Мілінкевіч мне таксама падаецца постацьцю вельмі годнай”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці бачыце вы каго-небудзь, апрача Аляксандра Лукашэнкі, на прэзыдэнцкай пасадзе пасьля выбараў у 2006 годзе?”

(Хлопец: ) “Не, ня бачу”.

(Дзяўчына: ) “Толькі ён адзін. Мяне ўсё задавальняе. І нікога іншага я ня ведаю”.

(Спадар: ) “Лідэр ёсьць: у савецкіх людзей гэта Аляксандар Лукашэнка, а ў сьвядомых беларусаў — Зянон Пазьняк”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці мае Аляксандар Мілінкевіч шанцы на перамогу ў прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Спадар: ) “Ніякіх шанцаў ён ня мае! Бо ён ня лідэр, усё гэта адно гульня ў палітыку, адпрацоўка замежных грошай!”

(Карэспандэнтка: ) “А на вашую думку?”

(Спадарыня: ) “Я ў палітыцы не разьбіраюся і на такія тэмы не разважаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці мае Аляксандар Мілінкевіч шанец стацца новым беларускім лідэрам пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў?”

(Спадар: ) “Цалкам магчыма. Але я яго ня ведаю, я толькі пачуў пра яго нядаўна, пасьля ягонага абраньня на кангрэсе”.

(Спадар: ) “У Аляксандра Мілінкевіча ёсьць такі самы шанец стаць нацыянальным лідэрам, як і ў кожнага, хто возьме на сябе сьмеласьць стаць на чале не задаволенага цяперашнім кіраўніцтвам народу. Я лічу, што беларускаму народу ўвогуле не патрэбны такі лідэр, як прэзыдэнт, кароль або вялікі князь. Беларусі амаль ніколі не шанцавала на кіраўнікоў! Таму, мне здаецца, Беларусь можа ўратаваць толькі сам народ сваім супольным розумам”.
XS
SM
MD
LG