Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наведнікаў гарадзенскага кірмашу найбольш прыцягнула бясплатнае лідзкае піва (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні адкрылася выстава-кірмаш “Эўрарэгіён “Нёман”, яна працягнецца тры дні. У эўрарэгіёне “Нёман”, апроч Гарадзеншчыны, удзельнічаюць памежныя рэгіёны Польшчы, Літвы і Калінінградзкай вобласьці Расеі. Аднак на кірмашы прадстаўленая прадукцыя, пераважна харчовая, амаль выключна гарадзенскіх прадпрыемстваў. Літоўскіх ды польскіх вырабаў няма. Такім чынам, назва кірмашу “Эўрарэгіён “Нёман” не адпавядае зьместу выставы.

На адкрыцьці былі польскі і літоўскі консулы, а таксама амбасадар Літвы Пятрас Вайцекунас, які сказаў: “Шкада, што няма яшчэ ўкраінцаў, так бы мы маглі ўзнавіць Вялікае Літоўскае княства...”

Калі трапляеш на кірмаш, першай бачыш вітрыну з “пладова-ягаднымі моцнымі мацаванымі” вінамі — “Афіцэрскім” ды іншым, якія ў народзе здавён называюць “чарнілам”. На выставе — каўбасы, піва, батоны, ёгурты — усё тое, што паўсюль у крамах. Ні славутага літоўскага хлеба, ні беластоцкіх кумпякоў тут ня знойдзеш. Вось як гэта патлумачыў для нашага Радыё начальнік аддзелу зьнешнегандлёвай дзейнасьці Гарадзенскага аблвыканкаму Віктар Зданчук:

(Зданчук: ) “Літоўскія і польскія прадстаўнікі прыяжджаюць як наведнікі выставы, яны хочуць бачыць нашу прадукцыю і параўнаць канкурэнтаздольнасьць. А для таго, каб прывезьці сюды польскую, літоўскую прадукцыю, яна павінна тут прадавацца. Таму ім трэба болей вывучаць наш рынак. І, напэўна, іхняя прадукцыя не канкурэнтаздольная побач з нашай”.

Цэны ў іх вялікія ды праблемы, якія ўзьнікаюць на мяжы — гэта, напэўна, асноўныя прычыны, — дадаў спадар Зданчук. Спадзяваньні пакаштаваць на кірмашы літоўскае піва аказаліся марнымі.

(Зданчук: ) “Я ня ведаю: калі літоўцы сюды прывязуць піва, тады, канешне, пакаштуем, але пакуль што яны гэтага, напэўна, зрабіць ня могуць. Альбо ў іх піва не хапае ці яшчэ нейкія праблемы. У нас піва заўжды хапае, мы нават ваду сваю экспартуем вельмі пасьпяхова ў Літву”.

Адзін чыноўнік мне сказаў, што мясцовыя ўлады цяпер праводзяць наступальную экспартную палітыку, канкурэнты на ўнутраным харчовым рынку ім непатрэбныя. Дзейнічае, канешне, і абмежаваньне, паводле якога большасьць харчоў у крамах павінна быць беларускай вытворчасьці. Даходзіць да абсурду: то ў Горадні спрабуюць забараніць лідзкае піва прадаваць, то ў Ашмянах — ваўкавыскую каўбасу і сьмятану.

Гэты чыноўнік мне сказаў, што эўрарэгіён “Нёман” у пэўным сэнсе знаходзіцца ў закансэрваваным да лепшым часоў стане. Пры яго стварэньні мова ішла аб свабодным руху капіталаў, тавараў, рабочай сілы, аб спрошчаным перасячэньні мяжы паміж удзельнікамі — рэгіёнамі Беларусі, Польшчы, Літвы і Калінінградзкай вобласьці. Большасьць з гэтых прынцыпаў сёньня не выконваецца.
XS
SM
MD
LG