Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча з Сідорскім – “чарговая праблема Бразаўскаса”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Rzeczpospolita” піша, што кіраўнік літоўскага ўраду сустрэўся са сваім беларускім калегам Сяргеем Сідорскім у Вільні двойчы, прычым супрацоўнікі Бразаўскаса тлумачылі, што гэта было толькі “рабочае спатканьне”.

“Літоўскі прэм’ер апошнім часам мае сур’ёзныя праблемы. Напачатку апазыцыя абвінаваціла яго ў падтрымцы расейскай кампаніі “Лукойл”, а цяпер Бразаўскас сустракаецца з высокапастаўленым прадстаўніком беларускага рэжыму... У часе адкрыцьця беларускай гандлёвай выставы, якая была ўпрыгожаная вялізным партрэтам Аляксандра Лукашэнкі з усьмешкай на твары кіраўнікі ўрадаў у добрым настроі абмяркоўвалі пляны будучага гандлёвага супрацоўніцтва”, – адзначае польскі штодзёньнік і піша далей, што літоўская апазыцыя лічыць, што Вільня павінна паводзіць сябе вельмі асьяцрожна ў дачыненьнях зь Менскам.

“У такіх пытаньнях ня можа быць імправізацыяў. Краіны Эўразьвязу, што тычыцца дачыненьняў і з Расеяй і зь Беларусьсю, павінны мець супольную палітыку.”, – заявіў лідэр апазыцыйнай літоўскай кансэрватыўнай партыі Андрыюс Кубіліус.

“Rzeczpospolita” нагадвае, што Літва зацікаўленая перадусім у тым, каб Беларусь карысталася портам у Клайпедзе і акрэсьлівае сваю палітыку ў дачыненьнях зь Беларусьсю як “палітыку карыснага дыялёгу”, перадусім у справах эканамічнага супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG