Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі прэм''ер заклікаў адрозьніваць сфэру палітыкі ад эканамічнага супрацоўніцтва


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскі прэм''ер Альгірдас Бразаўскас сёньня пракамэнтаваў сваю сустрэчу з беларускім кіраўніком ураду Сяргеем Сідорскім у Вільні і заявіў, што эканамічнае супрацоўніцтва Літвы і Беларусі ня будзе закранаць палітычную сфэру.

Літва належыць да эўрапейскай супольнасьці і прытрымліваецца агульнай пазыцыі Эўразьвязу, у тым ліку і ў палітычных дачыненьнях зь Беларусьсю, заявіў сёньня літоўскі прэм''ер-міністар, калі каментаваў сваю сустрэчу з прэм''ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім . Разам з тым, Бразаўскас заклікаў адрозьніваць сфэру палітыкі ад эканамічнага супрацоўніцтва.

Кіраўнік літоўскага ураду пра сваю сустрэчу з беларускім калегам сказаў:

(Бразаўскас:) “Мы абмеркавалі вельмі шмат пытаньняў. Увогуле, нельга адным сказам ахарактарызаваць дачыненьні. Ёсьць дачыненьні на ўзроўні палітычным, і тут мы прытрымліваемся і будзем прытрымлівацца агульнай эўрапейскай лініі. З іншага боку ёсьць суседзкія дачыненьні. ”

Альгірдас Бразаўскас таксама заявіў сёньня у часе інтэрвію у ранішнім жывым эфіры літоўскага “Радыё навінаў” (“Žinių radijas”):

(Бразаўскас:) “Нашыя (Літвы і Беларусі) дачыненьні у эканоміцы, гандлі, будоўлі, у сфэры інвэстыцыяў існуюць і будуць існаваць. Літва зацікаўленая транзітам грузаў праз Клайпедзкі порт, каля 240 літоўскіх кампаніяў інвеставалі свой капітал у Беларусі і пасьпяхова працуюць.”

На пытаньне, ці можа візыт беларускага прэм''ера у Вільню адкрыць шлях да перамоваў з іншымі прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, літоўскі прэм''ер адказаў:

(Бразаўскас:) “Так, -- у той сфэры, пра якую я цяпер казаў, -- бяз сумневаў. Тым больш, што нашыя прадпраймальнікі у гэтым вельмі зацікаўленыя. І шмат ёсьць іншых фактараў. Гаворачы пра нашыя эканамічныя дачыненьні зь Беларусьсю, трэба аддзяліць асобны, так бы мовіць, палітычны сэктар нашых дачыненьняў. І ў кожным сэктары ёсьць што рабіць.”

Беларускі прэм''ер Сяргей Сідорскі ўчора у Вільні браў удзел у адкрыцьці выставы “Беларусь ЭКСПА-2005”, а напярэдадні, у аўторак, літоўскі і беларускі прэм''еры разам вячэралі. Літоўскае міністэрства замежных справаў пацьвердзіла, што наведваньне С. Сідорскім Вільні было ўзгодненае з дыпляматычным ведамствам. Візіт С.Сідорскага у Літву называюць “кароткім неафіцыйным візітам”.

Літоўскі друк сёньня абмяркоўвае асобу Сяргея Сідорскага як магчымага канкурэнта Аляксандра Лукашэнкі, які можа замяніць “дыктатара на пасадзе прэзыдэнта Беларусі”. Таксама у літоўскім друку сёньня паведамляюць, які падарунак прывёз беларускі прэм''ер свайму літоўскаму калегу з нагоды адкрыцьця у Вільні выставы “Беларусь ЭКСПА-2005” і іх першай сустрэчы.

Газэта “Экстра жынёс” ("Extra žinios") напісала пра тое што, Альгірдас Бразаўскас прыняў падарунак ад беларускага калегі -- дарагі тэлевізар на вадкіх крышталях і адзначыла, што у дадзеным выпадку спрацавала “адно простае правіла – чым больш адкрыта бяруцца падарункі, тым менш трэба даваць тлумачэньняў”.
XS
SM
MD
LG