Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засьведчылі вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратытычных сілаў Віктар Карняенка і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі. (эфір 3 кастрычніка)

(Валер Карбалевіч: ) “Вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў, драматычная канкурэнцыя сярод лідэраў даюць багата матэрыялу для аналізу працэсаў, якія адбываюцца ў апазыцыйным асяродзьдзі. Найперш, узьнікае заканамернае пытаньне: чаму менавіта Аляксандар Мілінкевіч выбраны адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў? Якія тут чыньнікі адыгралі галоўную ролю? Здаецца, ягоны выступ на кангрэсе быў ня самы яркі ў параўнаньні зь іншымі кандыдатамі? Магчыма, у гэтым працэсе выразна адчуваецца недаацэненая роля рэсурсных цэнтраў у палітычным жыцьці Беларусі, супастаўная з роляй партыяў? Можна нагадаць, што ў мінулай прэзыдэнцкай кампаніі менавіта рэсурсныя цэнтры былі моцным апірышчам для вылучэньня Сямёна Домаша. А вось цяпер на іх абапіраецца Мілінкевіч”.

(Віктар Карняенка: ) “Я прынцыпова ня згодны з тою роляй рэсурсных цэнтраў, якая была прапанаваная вамі. Я ведаю гэтую тэму дакладна. Таму што цягам пяці-шасьці гадоў працаваў кіраўніком арганізацыі, адной з праграмаў якой была гэтая рэсурсавасьць. Магу сказаць, што, канечне, рэсурсныя цэнтры працавалі над умацаваньнем грамадзянскай супольнасьці. І, безумоўна, яны ў рэгіёнах дастаткова аўтарытэтныя арганізацыі.

Але, калі вярнуцца да пытаньня, чаму ўсё ж такі Мілінкевіч перамог на кангрэсе, то трэба нагадаць, што роля ягонага першаснага вылучэньня належыць палітычным партыям. Адзін з чыньнікаў, які дадаў Мілінкевічу галасоў на кангрэсе, была ягоная беспартыйнасьць. Лягчэй было падтрымаць чалавека, не зьвязанага нейкімі вузкапартыйнымі, карпаратыўнымі інтарэсамі. Я зь вялікай павагай стаўлюся да ўсіх кандыдатаў. Але давайце ўявім, што не было б Мілінкевіча, а БНФ вылучыў бы Вячорку. Тады гэта было б міжпартыйнае спаборніцтва, да якога наўрад ці далучыліся б структуры грамадзянскай супольнасьці. Гэтыя структуры адыгралі сваю ролю ў падтрымцы Мілінкевіча.

Я не ўжываў бы такіх тэрмінаў, як “перамога” ў дачыненьні да выбараў на кангрэсе. Гэта было вырашэньне ўнутранай праблемы апазыцыі. Перамога будзе тады, калі зьменіцца дыктатарскі рэжым. Таму цяпер гэта не перамога, а проста вызначэньне ролі розных палітыкаў”.

(Аляксандар Дабравольскі: ) “Я б сфармуляваў вынік кангрэсу так: важна ня тое, што перамог Мілінкевіч, а тое, што агульнымі намаганьнямі мы выбралі адзінага кандыдата, ці, больш дакладна кажучы, адзінага прэтэндэнта. У прадстаўнікоў розных арганізацыяў была палітычная воля абраць такога кандыдата. Мы будзем працаваць на таго, каго абраў кангрэс. Мы павінны адкінуць усе свае незадаволенасьці і знайсьці кожны свайго месца ў агульнай працы. Усе прэтэндэнты павінны цяпер дэманстратыўна і фактычна працаваць разам”.

(Карбалевіч: ) “Падчас працы кангрэсу можна было назіраць такую зьяву. Большасьць выступоўцаў увогуле і тых, хто выступаў у падтрымку таго ці іншага прэтэндэнта, зьвярталі ўвагу на тое, ці, умоўна кажучы, “свой” гэты кандыдат, наколькі ён ідэйна блізкі самой апазыцыі, ці будзе ён актыўна абараняць інтарэсы дэмакратыі на майдане, ці добрым ён будзе прэзыдэнтам. Але зусім мала казалі пра тое, наколькі кандыдат “прахадны”, ці здольны ён атрымаць падтрымку электарату. Магчыма, у гэтым прычына таго, што перамог Мілінкевіч і ня мелі шанцаў такія палітыкі, як Лявонаў, Вайтовіч, Фралоў, якія для гэтага асяродзьдзя, так бы мовіць, не “свае”. А разьлік на майдан рэальны тады, калі кандыдат ад апазыцыі абапіраецца на падтрымку ня менш як паловы насельніцтва. Ці не падаецца вам, што гэта галоўная праблема сёньняшняй апазыцыі — недаацэнка грамадзкай падтрымкі?”

(Карняенка: ) “У Беларусі склалася такая сытуацыя, што рэйтынгі ўсіх апазыцыйных палітыкаў невысокія. Гэта тлумачыцца аб’ектыўнымі прычынамі. Няма ўплывовых незалежных мэдыяў. Любому палітыку цяжка раскруціцца, нават калі ён мае вялікі патэнцыял. Галоўным для нас у дзейнасьці цяпер павінна стаць каманда. Ці стане наш кандыдат “прахадным”, вызначыць нашая дзейнасьць. Калі мы будзем чакаць, што прыйдзе час выбарчай кампаніі, мы выканаем пэўныя тэхналягічныя задачы, зьвязаныя са зборам подпісаў і іншым, і на гэтым усё, то спадзявацца на перамогу будзе цяжка.

У нас ёсьць арганізацыйныя структуры. І цяпер трэба скласьці іх у каманду. З вынікаў кангрэсу выцякае, што перавага Мілінкевіча над Лябедзькам вызначылася толькі васьмю галасамі. Кангрэс фактычна падзяліўся на дзьве часткі. І задача палітыкаў — скласьці іх у адну каманду. Я думаю, што ў іх хопіць волі і мужнасьці зрабіць гэта. І калі мы да выбараў правядзем пэўную працу з насельніцтвам, гэта і будзе ўплываць на “праходнасьць” кандыдата. Афіцыйная прапаганда будзе ляпіць вобраз ворага зь любога палітыка. Але ў нас ёсьць рэальныя магчымасьці даказаць хлусьлівасьць гэтай пазыцыі. Мы можам праводзіць кампанію ад дзьвярэй да дзьвярэй, сустракацца з насельніцтвам. То бок, на першы плян я стаўлю здольнасьць каманды, а не асабістыя якасьці таго ці іншага прэтэндэнта”.

(Дабравольскі: ) “Дэлегаты кангрэсу рабілі вельмі мудра, калі абмяркоўвалі кандыдатуры прэтэндэнтаў. Яны, найперш, зьвярталі ўвагу на такія якасьці: ці будзе ён добрым прэзыдэнтам. І гэта правільна. Таму што вылучаць кандыдатам чалавека, які пасьля перамогі стане такім жа, як Лукашэнка, будзе так трымацца за ўладу, было б самай вялікай памылкай. Гэта быў галоўныя крытэр. Другі крытэр: ці здольны чалавек павесьці за сабою людзей, аб’яднаць іх. І гэта ўплывае на “праходнасьць” кандыдата. Цяпер трэба аб’яднаць усіх людзей, якія ўдзельнічалі ў кангрэсе, а такім чынам, і ўсіх тых людзей, якія стаяць за імі. Таму тыя, хто набраў большасьць галасоў на кангрэсе, павінны быць у адной зьвязцы, узяць на сябе адказнасьць за вынік кампаніі”.

(Карбалевіч: ) “Мае суразмоўцы ўжо шмат казалі пра праблему адзінства апазыцыі. Падчас кампаніі 2001 году пасьля вызначэньня адзінага кандыдата адной з важных праблемаў было тое, што не ўдалося да канца аб’яднаць каманды Домаша і Ганчарыка. А ці ўдасца пазьбегнуць такой праблемы цяпер? Ці ўдасца інтэграваць каманды ўсіх прэтэндэнтаў, якія балятаваліся на кангрэсе?”

(Дабравольскі: ) “Мы з Карняенкам у 2001 годзе працавалі ў кампаніі. І таму маем досьвед. Перадумовы аб’яднаньня сёньня большыя. Цяпер кандыдат вылучаны ня позна, адрозна ад 2001 году. І ёсьць час, каб вырашыць усе праблемы. Другое адрозьненьне: цяпер кандыдат вылучаны вялікай колькасьцю людзей, а не кулюарна. І цяпер ніхто ня можа сказаць, што ў яго не было магчымасьці ўдзельнічаць у працэсе выбару і сказаць сваё слова. А тады такая магчымасьць была толькі ў пецярых чалавек. Гэта прынцыповае адрозьненьне.

Цяпер мы стварылі кааліцыю, якая даказала сваю жыцьцяздольнасьць, нягледзячы на разыходжаньні. І мы вельмі даражым еднасьцю і духам даверу. Зразумела, ёсьць праблемы. І я хачу сказаць усім людзям, якія так ці інакш незадаволеныя вынікамі кангрэсу: апазыцыйны форум прыняў сваё рашэньне, і цяпер трэба думаць, як мы будзем ісьці да перамогі”.

(Карняенка: ) “Я згодзен з тым, што перадумовы кампаніі значна адрозьніваюцца ад сытуацыі 2001 году. Цяпер усё залежыць ад нас саміх. Я веру ў адказнасьць Анатоля Ўладзімеравіча Лябедзькі, Сяргея Іванавіча Калякіна, Станіслава Станіслававіча Шушкевіча. Гэтыя людзі павінны знайсьці агульную мову паміж сабою і з адзіным кандыдатам, знайсьці сваё месца ў камандзе. Яшчэ ёсьць чыньнікі, якія дазволяць нам стварыць сапраўдную каманду. Калі мы ня згубім дынаміку, якая была ў час падрыхтоўкі да кангрэсу, і прапануем актывістам канкрэтнае дзеяньне, тады і атрымаецца каманда. Каманда ня можа сфармавацца на аснове рэзалюцыяў. Гуртавацца трэба ў дзеяньні”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Кангрэс дэмакратычных сілаў быў важным этапам перадвыбарчай кампаніі апазыцыі. Наперадзе ня менш важныя задачы і праблемы: рэальнае аб’яднаньне ўсіх сілаў і структураў апазыцыі, распрацоўка стратэгіі і тактыкі кампаніі, пачатак яе практычнай рэалізацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG