Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец заклікаў дэмакратаў згуртавацца


Вінцэсь Мудроў, Алёшча, Полацкі раён Вядомы беларускі палітык Павал Севярынец, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі ў адным з глухіх куткоў Полаччыны, выступае супраць спробаў рэвізіі вынікаў Кангрэсу дэмсілаў і заклікае дэмакратаў згуртавацца вакол адзінага кандыдата.

(Севярынец: ) “Абраньне адзінага кандыдата я ацэньваю вельмі і вельмі станоўча. Мне здаецца, што гэта першы крок з сэрыі вырашальных, якія могуць прывесьці да прамогі. Падкрэсьліваю, могуць — толькі тады, калі будзе ўнутранае адзінства. І ня толькі паводле літары, але й паводле духу”.

Так ахарактарызаваў Павал Севярынец вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Як высьветлілася, ён уважліва сачыў за яго хадою, знаёмы з усімі пэрыпэтыямі і з усім тым, што адбываецца пасьля яго заканчэньня. Паводле Паўла, самае небясьпечнае сёньня — гэта спробы рэвізіі вынікаў кангрэсу, якія маюць месца ў шэрагу партыйных структураў. Калі такіх тэндэнцыяў своечасова не спыніць, дэмакраты замест адзінства (Павал ужыў рэаліі таго месца, дзе адбывае “хімію”) чарговы раз рынуць хто ў мох, хто ў алешнік. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец:) “Усе спробы рэвізаваць хаду Кангрэсу, ягоныя вынікі і мэханізм яго правядзеньня мне падаюцца абсалютна неканструктыўнымі. Яны будуць толькі шкодзіць агульнай працы, і цяпер практычна ўсім кандыдатам у прэзыдэнты, якія зьбіраюцца ісьці на выбары самастойна, аднаасобна, можна параіць толькі адно: узгадняць свае пазыцыі з адзіным кандыдатам, падтрымліваць адзінага кандыдата, патрабаваць ад яго выкананьня часткі сваіх праграмаў, нейкіх абавязкаў, якія бяруць на сябе гэтыя кандыдаты. Гэта прынцыповы момант, і тут, як мне здаецца, ня можа быць ніякага гандлю”.

Нагадаем, што Павал працуе на лесапункце, што месьціцца на станцыі Алёшча Полацкага раёну. Нядаўна лесапункт ледзь не згарэў. Сярод ночы, праўдападобна, у выніку кароткага замыканьня, занялася агнём піларама. Сама яна згарэла дашчэнту, але астатнія пабудовы і мэханізмы ўдалося ўратаваць. Пра падзеі, што адбыліся апошнім часам у жыцьці самога “палітхіміка”, распавёў ён сам:

(Севярынец: ) “Пяць дзён я быў у Віцебску, якраз гэтым часам сачыў за хадою кангрэсу: тэлефанаваў сваім калегам з “Маладога фронту”. За гэты час прыйшло багата лістоў, у нядзелю чакаю прыезду некалькіх дэлегацыяў зь Менску і Віцебску. Пераехаў у інтэрнат, у пакой на чатырох чалавек — там усе “хімікі”, маладыя людзі. Перанёс рэчы… у асноўным, займаўся гэтым”.
XS
SM
MD
LG