Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму многія архівы застаюцца недаступнымі?


Валянціна Аксак, Менск У Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень архівіста, усталяваны паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі ў 2000 годзе. А падставай для яго стаў прыняты 6 кастрычніка 1995 году Закон аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах. Адмыслоўцы гэтае сфэры лічаць, што і закон, і ўказ паспрыялі разьвіцьцю архіваводзтва ў краіне. А ці паспрыяў дзяржаўны клопат пра архівы даступнасьці дакумэнтаў навукоўцам, дасьледчыкам найперш новай і найноўшай гісторыі краіны?

Кіраўнік аддзелу публікацыі дакумэнтаў Нацыянальнага архіву краіны вядомы гісторык Віталь Скалабан у інтэрвію нашаму радыё сказаў, што цяпер у краіне амаль для ўсіх дакумэнтальных сховішчаў узьведзеныя новыя будынкі, створаныя гарадзкія і раённыя архівы і кожны дасьледчык мае добрыя ўмовы для працы з дакумэнтамі. Паводле яго, усе фонды Нацыянальнага архіву краіны даступныя.

(Скалабан: ) “Яны даступныя, і чаргі дасьледчыкаў я ня бачу. Яны даступныя, калі ласка! У нас вельмі шмат замежных дасьледчыкаў працуе”.

Вядомы дасьледчык палітычнае гісторыі ХХ стагодзьдзя Ігар Кузьняцоў пацьвердзіў, што сапраўды патрэбныя яму для працы партыйныя дакумэнты, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве, даступныя. Чаго нельга сказаць пра дакумэнты часу другой усясьветнай вайны, якія знаходзяцца ў Менскім абласным архіве. Хаця фармальна гэтыя дакумэнты не засакрэчаныя.

(Кузьняцоў: ) “Калі ў Менскім абласным архіве я спрабаваў атрымаць дакумэнты, зьвязаныя з калябарацыяй на тэрыторыі Беларусі і ў Менскай вобласьці ў прыватнасьці, то мне ў катэгарычнай форме было адмоўлена, няглядзечы на тое, што паводле ўсіх дзейных законаў такія дакумэнты павінны выдавацца. Мне задалі галоўнае пытаньне: “А мы ж ня ведаем, куды вы іх будзеце выкарыстоўваць?” Гэта значыць, што ёсьць нейкае ўказаньне зьверху, якое зьяўляецца галоўнай перашкодаю для таго, каб нават у рамках прынятага Закону аб архівах атрымаць патрэбны дакумэнт”.

Прыняцьцё Закону аб архівах супала ў часе з істотным абмежаваньнем доступу дасьледчыкаў да архіўных фондаў, лічыць доктар навук аўтар альтэрнатыўнае гісторыі Беларусі ХІХ—ХХ стагодзьдзяў Захар Шыбека. Усе крыніцы для гэтае працы ён пасьпеў атрымаць да 1995 году.

(Шыбека: ) “Тады якраз і былі зробленыя ўсе важныя назапашваньні невядомых фактаў. Цяпер наша гістарычная навука перажывае такую цяжкую паласу, калі гэта ўсё прыпынілася. Гісторыя можа жыць толькі на новых фактах, на новых крыніцах. Цяпер гэта скончылася”.

Што ж да архіваў спэцорганаў, то яны фактычна і не былі ніколі даступнымі для навукоўцаў у патрэбным аб’ме, лічыць дасьледчык гісторыі палітычных рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў.

(Кузьняцоў: ) “Ніводнага прафэсійнага гісторыка не дапусьцілі ў сьвятая сьвятых — архівы Камітэту дзяржбясьпекі. Гэта перш за ўсё апэратыўныя загады, гэта перапіска, гэта прыняцьцё рашэньняў, гэта дакумэтны, з дапамогай якіх можна было б знайсьці месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў, назваць імёны катаў — усе гэтыя дакумэнты закрытыя на сто працэнтаў”.

На думку спадара Кузьняцова, закрытыя тыя дакумэнты, які паказваюць тэхналёгію, схему рэпрэсіяў. І пакуль яны не раскрытыя, існуе магчымасьць паўтарэньня гэтай схемы.
XS
SM
MD
LG