Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна зноў асуджае Беларусь, але супраць “жалезнай заслоны”


Юры Сьвірко, Кіеў Напярэдадні візыту ўкраінскага прэм’ер-міністра ў Менск афіцыйны Кіеў зноў далучыўся да дэклярацыі Эўразьвязу наконт перасьледу газэты “Народная воля”. Гэта адбылося ўпершыню пасьля прыезду ў Кіеў беларускага міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, які казаў пра новае сяброўства з Украінай, і заявы новага сакратара ўкраінскае рады нацыянальнае бясьпекі Анатоля Кінаха пра недапушчальнасьць міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

Украiна, як і іншыя дзяржавы, што хочуць увайсьці ў Эўрапейскі Зьвяз, далучылася да заявы яго брытанскага старшынёўства, дзе беларускую ўладу заклікалі паважаць свае забавязаньні ў межах АБСЭ наконт свабоды выказваньняў, свабодных мэдыяў і інфармацыі.

Раней, калі ў жніўні Кіеў далучыўся да падобнай дэклярацыі Эўразьвязу з асуджэньнем уціску Саюзу палякаў на Беларусі, беларускае МЗС выклікала ўкраінскага амбасадара ў Менску й заявіла яму пратэст. Пазьней, на сайце МЗС зьявілася даведка пра беларуска-ўкраінскія дачыненьні, дзе Кіеў абвінавацілі ў “антыбеларускіх дэмаршах” і сталай падтрымцы эўразьвязаўскай пазыцыі. Але гэтыя сказы з даведкі зьнялі з сайту перад візытам міністра Сяргея Мартынава ў Кіеў, дзе той гаварыў пра тое, што гэта было толькі ў пачатку году, а цяпер – іншы ўзровень і характар адносінаў.

Потым нечаканую заяву зрабіў новапрызначаны сакратар Рады нацыянальнае бясьпекі й абароны Анатоль Кінах, які да таго быў першым віцэ-прэм’ерам, а ў свой час прэм’ер-міністрам Украіны. Спадар Кінах заявіў пра “дакладную пазыцыю” Кіева не дапускаць нават спробы міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Гэтая заява выклікала рэзкую крытыку ва ўкраінскіх СМІ, бо паводле прэзыдэнцкага ўказу рабіць заявы на замежнапалітычныя тэмы ад імя Ўкраіны могуць толькі тры асобы – кіраўнік дзяржавы, прэм’ер-міністар і міністар замежных справаў.

Анатоль Кінах быў вымушаны апраўдвацца, але ў сваім інтэрвію ў сёньняшнім нумары “Газеты по-киевски» заявіў:

“На выпадкі парушэньня правоў чалавека мы будзем рэагаваць жорстка, незалежна ад назвы краіны. Але мы павінны дапамагчы Беларусі ўдзельнічаць у міжнародным жыцьці. Ад жалезнай заслоны вакол Беларусі прасьцей нікому ня стане”.

Кіраўнік прэсавай службы МЗС Украіны Васіль Філіпчук заявіў мне, што Ўкраіна й надалей будзе далучацца да дэклярацыяў Эўразьвязу, якія спрыяць дэмакратыі. Спадар Філіпчук выказаў спадзяваньне, што такая пазыцыя Кіева ня будзе ўспрымацца як недружалюбны крок. Ён таксама сказаў, што ня бачыць нічога няслушнага ў заявах Анатоля Кінаха, бо Ўкраіна сапраўды выступае супраць міжнароднай ізаляцыі Беларусі.
XS
SM
MD
LG