Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 6 кастрычніка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвонаармейская праўда”, 1935 год:

“Ад вайскора паступіў матэрыял аб тым, што на вучэбным пункце Плешчаніцкага райсовета Асоавіяхіма (БССР) скарыстоўвалі падручнік, які даўно ўжо выкінуты з усіх бібліятэк, як нацдэмаўскі. Плешчаніцкі РК КП(б)Б, якому быў накіраваны гэты матэрыял на расследванне, паведаміў нам, што факты поўнасцю пацвердзіліся. Партарганізатар РайАСО — Барадаўкін, ён-жа і паліткіраўнік вучэбнага пункта, выключан з партыі. Таксама прыцягваюцца к партадказнасці і работнікі РайАНА. Падручнікі з ужывання із’яты”.

“Звязда”, 1945 год. Вітаньне Ларысе Александроўскай:

“Совет Народных Камісараў БССР і Цэнтральны Камітэт КП(б) Беларусі шлюць Вам гарачае прывітанне і віншаванне з дваццаціпяцігоддзем Вашай артыстычнай і грамадскай дзейнасці. Мудрая палітыка партыі Леніна-Сталіна забяспечыла хуткі рост і росквіт беларускага мастацтва і падняла да творчасці народныя таленты. Вы сваёй творчай дзейнасцю ўнеслі і ўносіце вялікі ўклад у развіццё опернага і ўсяго нацыянальнага мастацтва Совецкай Беларусі. Адзначаючы Вашы выдатныя заслугі ў галіне развіцця беларускага совецкага мастацтва, Соўнарком БССР і ЦК КП(б) Беларусі жадаюць Вам, Ларыса Пампееўна, здароўя і новых творчых поспехаў на карысць нашай соцыялістычнай Радзімы”.

“Имя”, 1995 год. Дырыжор Камэрнага хору Беларусі Ігар Мацюхоў:

“На жаль, сёньня ў рэспубліцы няма традыцыі здаровага спаборніцтва ў харавой справе. Усталявалася дыктатура ўлады адной асобы, якая заваявала ўвесь харавы пляцдарм. Віктар Уладзімеравіч Роўда ня церпіць, калі нехта займаецца гэтай справай на добрым узроўні. І дапамогі ад яго, нават ягоным выпускнікам і калегам, чакаць не даводзіцца. Дзіўна, але ў рэспубліцы цяпер знарок падтрымліваецца сярэдні местачковы ўзровень харавога мастацтва. Нармальнай канкурэнцыі няма. А найбольш істотна, што мяняць нешта ўсе баяцца”.
XS
SM
MD
LG