Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША наведалі рэдакцыю “Народнай Волі” (фота)</B>


Ганна Соусь, Менск Кіраўнікі дыпляматычных місіяў выказалі падтрымку калектыву рэдакцыі і перадалі тэкст дэклярацыі Эўразьвязу ў сувязі з уціскам незалежнай газэты “Народная Воля”.

У рэдакцыйным памяшканьні “Народнай Волі” ледзь хапіла месца для кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу і ЗША, якія прыйшлі падтрымаць незалежную газэту ў складаны для яе час. Ад імя усіх амбасадараў краінаў Эўразьвязу да калектыву рэдакцыі зьвярнуўся Браян Бэнэт, амбасадар Вялікабрытаніі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе:

(Бэнэт: ) “Мэта нашага візыту — выказаць занепакоенасьць лёсам “Народнай Волі”. Мы занепакоеныя судовай справай, накладаньнем вялікага штрафу на газэту, скасаваньнем дамоваў манапалістамі ў галіне друкаваньня і распаўсюду. Гэта ўсё частка агульнай карціны ціску на незалежныя газэты, індыкатар кірунку, прынятага ў гэтай краіне. Мы хацелі б, каб насельніцтва Беларусі мела магчымасьць доступу да свабодных сродкаў масавай інфармацыі і магчымасьць свабодна галасаваць на выбарчых участках. Такім чынам мы тут, каб выказаць сваю падтрымку “Народнай Волі”. Дзеяньні супраць гэтай газэты — адзін з паказьнікаў таго, што Беларусь адыходзіць ад дэмакратычных прынцыпаў, якія падзяляюць нашыя краіны”.

Амбасадар Вялікабрытаніі перадаў калектыву “Народнай Волі” дэклярацыю Эўразьвязу, прынятую ў сувязі з уціскам незалежнай газэты. У ёй гаворыцца пра занепакоенасьць Эўразьвязу будучыняй незалежнай прэсы ў Беларусі. Эўразьвяз заклікае ўрад Беларусі паважаць абавязаньні, прынятыя ў рамках АБСЭ ў дачыненьні да свабоды слова. У дэклярацыі прпануецца гэтаксама міністру інфармацыі Беларусі сустрэцца з кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў Эўразьвязу ў Менску для абмеркаваньня становішча са СМІ ў Беларусі.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол гэтаксама выказаў падтрымку супрацоўнікам “Народнай Волі”: (Крол: ) “Наша сусмесная сустрэча з вамі сёньня — гэта добры прыклад нашай адзінай пазыцыі — Эўропы, у тым ліку Заходняй і Ўсходняй Эўропы і ЗША. Гэта ня толькі добры прыклад падтрымкі і павагі вам, але і нашыя сумесныя дзеяньні ня толькі тут у Менску, але і ў Брусэлі, Вашынгтоне, Маскве, Варшаве, і ў суседніх краінах. Ваша праца тут, ваш гераізм вельмі важныя для пабудовы дэмакратычный, свабоднай Беларусі. І ўсе нашыя дзеяньні разам з вамі — гэта за Беларусь”.

Паводле амэрыканскага амбасадара, гэта ня толькі прыгожыя словы, але і канкрэтныя дзеяньні, якія ёсьць і будуць.

Галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч распавёў дыпляматам пра складаную сытуацыю, у якой апынулася “Народная Воля”, падзякаваў за падтрымку і запэўніў, што “Народная Воля” і надалей застанецца адданая дэмакрытчным каштоўнасьцям. На завяршэньне візыту ўсе дыпляматы і супрацоўнікі “Народнай Волі” зрабілі на ганку рэдакцыі агульны фатаздымак на памяць.

Радыё Свабода пацікавілася ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі, ці азнаёміліся ў гэтай установе з Дэклярацыяй Эўразьвязу, прынятай у сувязі зь ціскам на незалежную газэту “Народная Воля”. Паводле памочніка міністра Віктара Казлова, гэтага дакумэнта ў міністэрстве яшчэ не атрымалі.

Ужо тры нумары “Народнай Волі” былі надрукаваныя за мяжой у друкарні ў Смаленску. 16 тысяч асобнікаў атрымалі падпісчыкі праз сыстэму “Белпошты”. Астатнія 4 тысячы ( а “Народная Воля” была вымушаная паменшыць наклад з 27 да 20 тысяч) распаўсюджваюцца бясплатна пры дапамозе палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, а таксама самімі супрацоўнікамі “Народнай Волі”. Атрымаць газэту таксама можна ў рэдакцыі “Народнай Волі”.

Нагадаем, што на мінулым тыдні друкарня “Чырвоная зорка” і ўсе падразьдзяленьні “Белсаюздруку” ў аднабаковым парадку скасавалі з 1 кастрычніка дамовы на друкаваньне і распаўсюд “Народнай Волі”.
XS
SM
MD
LG