Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: “Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі — гэта асабісты праект Лукашэнкі.”


Валер Каліноўскі, Менск Адзіны кандыдат ад беларускай апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах выказаў сваё стаўленьне да працэсу стварэньня так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. У інтэрвію маскоўскай газэце “Известия” Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што саюзная дзяржава — гэта асабісты праект А.Лукашэнкі. Аднак і пашыранае ўяўленьне , што беларуская апазыцыя мае антырасейскія настроі - гэта таксама лукашэнкаўскі міт.

Нэгатыўнае стаўленьне адзінага кандыдата ад апазыцыі да саюзнага будаўніцтва грунтуецца на пазыцыі ўсіх удзельнікаў дзясяткі дэмакратычных сілаў, патлумачыў “Свабодзе” сваю пазыцыю Аляксандар Мілінкевіч. Паводле яго, уся “дзясятка” выступае за тое, каб Беларусь была сувэрэннай і нэўтральнай у вайсковым сэнсе краінай:

(Мілінкевіч: ) “Нават камуністы ў “дзясятцы” кажуць, што незалежнасьць Беларусі — гэта абсалютная каштоўнасьць. А ўсё ж саюз, які сёньня распрацоўваецца, гэта вельмі значная страта сувэрэнітэту. Трэба, здаецца, абазначаць сытуацыю. Тым больш, што ў Беларусі няма такіх сілаў, якія б падтрымалі саюз у сёньняшнім ягоным выкананьні”.

Спадар Мілінкевіч мяркуе, што такую пазыцыю трэба выказваць шчыра, не баючыся, што камусьці ў Расеі гэта можа не спадабацца. Ён прапануе будаваць адносіны Беларусі і Расеі не на “мітах і маніпуляцыях, як гэта робіць Аляксандар Лукашэнка”, а на рэальных падставах добрасуседзтва, з улікам інтарэсаў Расеі, але і не на страту інтарэсам Беларусі.

(Мілінкевіч: ) “Я лічу, што гэта міт. І ня толькі я, але і вядучыя экспэрты ў Маскве так лічаць. Проста дачыненьні трэба будаваць на рэальным падмурку, на ўзаемавыгадных адносінах. А тое, што там прапануецца — гэта не адпавядае ні інтарэсам Расеі, ні інтарэсам Беларусі. Што да Беларусі, то зразумела чаму, а для Расеі гэта дрэнна, бо калі такі саюз праз рэфэрэндум правесьці ў Беларусі, то ніхто ў сьвеце яго не прызнае. У такім грамадзтве, дзе не выконваецца выбарчы закон, закон аб рэфэрэндуме, праводзіць рэфэрэндумы бессэнсоўна. Значыць, і юрыдычнай падставы для саюзу дакладна ня будзе”.

Акрамя таго, спадар Мілінкевіч адкрыта заявіў “Известиям”, што ў яго спадзяваньняў на тое, што ў выніку перамогі апазыцыі ўлада прызнае гэта, няма, таму нельга абысьціся без вулічных выключна мірных акцыяў, у прыватнасьці, дзьвюх — у выпадку праблемаў з рэгістрацыяй адзінага кандыдата і на наступны дзень пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня.

Спадар Мілінкевіч ня лічыць гэта дачасным абвяшчэньнем плянаў апазыцыі.

(Мілінкевіч: ) “Так, плянуецца, і ня я першы пра гэта кажу. У прэсе гэта было. Хаця ня ўсе стратэгічныя моманты мы выказваем, некаторыя трымаем у таямніцы, але аб некаторых шчыра кажам. Хай улады ведаюць, што гэта будзе пратэст, але пратэст мірны, ніякі не рэвалюцыйны, што мы маем права адстойваць свае правы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG