Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці думае Джэймс Бонд пра Беларусь?


Ігар Карней, Менск 6 кастрычніка 1962 году на экраны кінатэатраў Вялікай Брытаніі выйшаў першы фільм з сэрыі пра сакрэтнага агента брытанскай выведкі Джэймса Бонда “Доктар Ноў”. У розныя часы “агентам 007” былі самыя розныя акторы, аднак іх, паводле сцэнару, аб’ядноўвала адна місія – яны змагаліся з дыктатарскімі рэжымамі, якія ня толькі прыгняталі ўласны народ, але і марылі пра ўсясьветнае панаваньне. Дарэчы, у СССР фільм быў забаронены, перадусім, з палітычных прычынаў. Ці можна ўявіць працяг “бандыяны” на беларускім матэрыяле?

Цягам дзесяцігодзьдзяў геаграфія выратавальных дэсантаў Бонда пашыралася – ад арабскіх краінаў зь іх тэрарыстычным патэнцыялам да разьдзеленых крывавымі міжусобіцамі Балканаў. Хочаш ці не, але ўсе пяць выканаўцаў гэтай ролі – Шон Конары, Джордж Лэйзэнбі, Роджэр Мур, Цімаці Дэлтан і Пірс Броснан – асацыююцца выключна з выратавальнікамі паднявольных народаў і змагарамі з дыктатарамі. Статус Беларусі ў эўрапейскай супольнасьці шмат у чым падобны да тых рэжымаў, зь якімі ў “бандыяне” змагаецца агент 007. Ці ёсьць падставы да віртуальных аналёгій? - пытаюся ў былога супрацоўніка беларускай контарвыведкі, падпалкоўніка ў запасе Валерыя Косткі.

(Костка: ) “Сярод мэтаў зьнешняй выведкі заўсёды былі пытаньні адхіленьня няўгодных і ўтрыманьня марыянэтачных рэжымаў. Схемы могуць быць розныя, і чым менш мы нацыянальна сьвядомыя, чым менш мы думаем аб нацыянальнай ідэі, якая аб’ядноўвае, тым верагодней, што тут могуць зьявіцца Джэймсы Бонды, Максімы Ісаевы ці яшчэ нехта. Мяркую, усе гэтыя схемы і пляны ўжо распрацаваныя і часткова яны ажыцьцяўляюцца”.

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд – унутраныя Ісаевы і Бонды “плённа працуюць?” Узяць хоць бы Кангрэс дэмсілаў і інцыдэнт з прадстаўнікамі так званых сэксменшасьцяў?”

(Костка: ) “Гэта дакладна ня “джэймсбонды”. Гэта якаясьці спэцслужба наняла артыстаў, пераапранула, пераабула іх, пад’ехалі куды трэба, зьнялі і паказалі. Разумныя зразумеюць, іншыя насамрэч пачнуць думаць, што сэксуальныя меншасьці “дамагаюцца” адзінага кандыдата. Але гэта ня тыя “бонды”, якіх вы маеце на ўвазе”.

(Карэспандэнт: ) “Дзеяньні фільмаў з удзелам Джэймса Бонда адбываюцца шмат у якіх праблемных рэгіёнах. На ваш погляд, Беларусь можа калі-небудзь апынуцца…”

(Костка: ) “…здымачнай пляцоўкай? Думаю, занадта мы ўжо перабольшваем ролю гэтых самых “бондаў” і, мабыць, самой Беларусі ва ўсясьветнай палітыцы, каб сюды скіраваліся цэлыя эскадры ўсталёўваць нейкі парадак. Перадусім, мы павінны ў сваіх мазгах навесьці парадак, а потым само сабой усё ўсталюецца і ў нашай краіне. А так мы ўсе “размытыя” і нас кідаюць туды-сюды ўсялякімі гульнямі”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, у супэрмэна – выратавальніка Беларусі – вы ня верыце?”.

(Костка: ) “Нацыянальна сьвядомы розум – вось выратавальнік Беларусі, усіх грамадзянаў, якія любяць і паважаюць сваю краіну. А ўсё астатняе – казкі, дзе 50% ілюзій, а 49% – падману. Таму ня думаю, што Джэймсы Бонды будуць вырашаць пытаньні Беларусі. Гэта могуць вырашаць групавыя інтарэсы, добра фінансаваныя той ці іншай краінай. Тут могуць быць уплывы, уплывы моцныя. Але мне хацелася б, каб лёс Беларусі вырашаў разумны выбар саміх беларусаў”.

Вядомы расейскі палітык Канстанцін Баравы лічыць, што пакуль зьяўленьне Джэймса Бонда ў Беларусі выглядае гіпатэтычным, на тэрыторыі краіны досыць “прадуктыўна” працуюць ягоныя клясавыя апанэнты – рознага кшталту Шцірліцы-Ісаевы, прапісаныя ад імя Масквы.

(Баравы: ) “Амаль нічога з таго, што адбываецца ў Беларусі, немагчыма было б уявіць, каб за Лукашэнкам не стаялі сілы ў Расеі. Нічога! Гэты рэжым не праіснаваў бы і год! Ёсьць група бандытаў, якія хочуць усім валодаць і нікога не дапускаць да гэтага пірага. Гэта злачынства, звычайнае злачынства супраць народу Беларусі, якое будзе асуджанае гэтым жа народам”.

Яшчэ адзін чалавек, які пільна сочыць за падзеямі ў Беларусі і сьвеце, – дысыдэнтка зь вялікім досьведам, нараджэнка Беларусі Валерыя Навадворская. Яна перакананая, што ў любым выпадку дыктатурам наканаваны адзін, досыць сумны, фінал.

(Навадворская: ) “Канец будзе адзін: ужо былі найменей два лідэры, якія лічылі “заходнікаў” “адмарозкамі”. Аднаго зь іх звалі Мікалай Чаўшэску. Дзе ён зараз, думаю, ня трэба да бабкі хадзіць. У Вугоршчыне, дарэчы, было нават горш: там чэкістаў “берыеўскай генэрацыі” ў 1956 годзе проста вешалі, калі народ давялі да немагчымасьці існаваньня”.

Аўтар раманаў аб агенце 007, ангельскі пісьменьнік Ян Флемінг, колісь служыў у ваенна-марской выведцы ў тым жа званьні, што і “камандар Бонд”, і сучасьнікі пісьменьніка кажуць, што той надзяліў свайго героя аўтабіяграфічнымі рысамі. У любым выпадку, дваццаць фільмаў аб Джэймсе Бондзе аказаліся самай даходнай галіной брытанскага культурнага экспарту, склаўшы больш, чым сур’ёзную канкурэнцыю галівудзкім блёкбастарам. А для кагосьці гэта яшчэ і падстава гаварыць аб экспарце дэмакратыі ў трэція краіны.
XS
SM
MD
LG