Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Алена Лебэнбаўм стала Аленай Верабей


Іна Студзінская, Менск Агляд публікацыяў у недзяржаўнай прэсе

“Народная Воля” распавядае пра паседжаньне Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дзе абмяркоўвалася заява аб адстаўцы лідэра партыі Анатоля Лябедзькі. Сваё рашэньне ён абгрунтаваў так: “Няма вынiку – я падаў у адстаўку”. Пра тое, што канкрэтна падштурхнула Анатоля Лябедзьку да такога рашучага кроку – чытайце ў эксклюзіўным iнтэрвію, якое палiтык даў “Народнай волi”. Застаецца дадаць, што Палітрада адстаўку спадара Лябедзькі аднагалосна адхіліла.

Мiнiстар адукацыi Аляксандар Радзькоў заявіў, што яго ведамства сочыць за тым, каб навучальны працэс у ВНУ “ня быў палiтызаваны”. А на месцах распрацоўваюцца пляны iдэалягiчнай i выхаваўчай работы на 2005/2006 гады. Пра тое, як гэта ажыцыяўляецца ў навучальных установах, можна прачытаць у артыкуле “Студэнтаў будуць адлiчаць з ВНУ за ўдзел у мiтынгах” у чацьвярговай “Народнай Волі”.

“Бобруйский курьер” паведамляе, што побач з горадам хутка будзе пабудаваны сучасны завод па перапрацоўцы цьвёрдых бытавых адыходаў, інакш кажучы, сьмецьця. Недахопу ў сыравіне ня будзе, бо таго сьмецьця, што ўжо ёсьць, хопіць на 6-7 гадоў працы новага заводу.

Газэта правяла апытаньне бабруйчанаў: “У якой краіне, у якім горадзе яны б хацелі жыць?”. Пра вынікі яго распавядае журналіст Віктар Качан.

(Качан: ) “Абсалютная большасьць аказалася патрыётамі, выказаліся за тое, каб жыць у Бабруйску. Ну а тыя, хто не ў Бабруйску, называлі гарады Менск, Гомель, Мазыр. За мяжу ніхто ня хоча. Нават украінцы выказваліся за тое, каб заставацца жыць у сваёй любімай краіне”.

«Брестский курьер» публікуе рэпартаж з адкрыцьця ў Бярозаўскім раёне могілак, дзе перазахаваныя парэшткі нямецкіх салдат. Мясцовыя ўлады забаранілі рэпарцёрам рабіць фота- і відэаздымкі, а нямецкай дэлегацыі - даваць камэнтары журналістам як незалежных, так і дзяржаўных выданьняў.

“Брестский курьер” адсочвае сытуацыю з пінскай незалежнай газэтай “Мясцовы час”, якой улады пастаянны ставяць палкі ў колы. Пра апошні ўціск на рэдакцыю “Мясцовага часу” распавядае намесьнік рэдактара “Брестского курьера” Зьміцер Паталятаў.

(Паталятаў: ) “Некалькі месяцаў таму рэдакцыя пераехала ў гатэль “Спорт”. Аднак цяпер кіраўніцтва гатэлю атрымала вуснае распараджэньне ад гарадзкіх уладаў ануляваць дамову аб арэндзе для “Мясцовага часу”. У іх такая складаная сытуацыя, што яны ўжо ня могуць распаўсюджваць сваю газэту ў Пінску, а цяпер фактычна ня маюць і свайго памяшканьня”.

Сьветлагорскі “Ранак плюс” публікуе матэрыял “Усё – пад кантролем”. Пра тое, як выконваецца указаньне прэзыдэнта аб павелічэньні долі дзяржавы ў акцыянаваньні цэлюлёзна-картоннага камбінату. Цяпер 75,96% акцыяў ЦКК належыць дзяржаве, 18% - замежным акцыянэрам, і толькі 5 % - ва ўласнасьці фізычных асобаў. А яшчэ ў Сьветлагорску адноўленыя добраахвотныя народныя дружыны.

Алена Варабей жыве на дзьве хаты – у Маскве і Берасьці. У Маскве ў знакамітай артысткі-парадысткі кватэра і прэстыжная праца, ў Берасьці – бацькі і двухгадовая дачка Соня. Дарэчы, сапраўднае прозьвішча Лебэнбаўм Алена зьмяніла на псэўданім Варабей з-за Аляксандра Разэнбаўма, паведамляе “Комсомольская правда” в Белоруссии».
XS
SM
MD
LG