Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская выстава ў Варшаве (фотарэпартаж)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 5 кастрычніка ў цэнтры Варшавы адкрылася выстава фотаздымкаў “Welcome to Belarus” фотамастачкі і грамадзкай дзяячкі з Наваградку Тацьцяны Царук. На выставе акрамя ўласна здымкаў можна было паглядзець беларускія кнігі і часопісы ды паслухаць палескія сьпевы.

Выстава Тацьцяны Царук гэта 60 здымкаў з жыцьця Наваградчыны – на іх прыгажосьць тамтэйшай прыроды, вясковыя краявіды, мясцовыя жыхары са сваімі штодзённымі заняткамі. Цягам апошніх гадоў на фотавыставах за мяжой звычайна паказваюць іншую Беларусь, чаму менавіта такі ракурс абрала мастачка? Гаворыць спадарыня Царук.



(Царук: ) “Гэта Беларусь і не палітычная і адначасова палітычная, і нетурыстычная, і такая, якую мы бачым, адышоўшы пару мэтраў ад дарогі. Гэта ж за гэтых людзей, якія ня маюць ані сілы ані сродкаў, каб пастаяць за сябе, змагаецца і апазыцыя, каб яны маглі дажыць спакойна пасьля ўсяго перажытага. Гэта тая Беларусь, якая адыходзіць вось з гэтым пакаленьнем”.

Беларусь Тацьцяны Царук відавочна падабалася дзесяткам жыхароў Варшавы, якія прышлі на выставу. Гаворыць адзін з наведвальнікаў.

(Наведвальнік: ) “Выстава цікавая. Гэта мясьціны, зь якіх мае продкі прыехалі ў Польшчу, таму маю такое адчуваньне, што дакранаюся да нечага блізкага, сэрцам дакранаюся”.



Выставу арганізавала польскае таварыства прававой адукацыі, супрацоўніца якога спадарыня Марына Гуля выпадкова пабачыла працы Тацьцяны Царук у часе экскурсіі ў Наваградак.

(Гуля: ) “Калі я ўбачыла здымкі Тацьцяны дык адразу была перакананая, што гэтую выставу павінна пабачыць Варшава”.

У часе выставы выступіў таксама фальклёрны гурт з польскай сталіцы, які зьбірае і выконвае палескія песьні.

XS
SM
MD
LG