Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаворылі Блэр і Пуцін?


Кастусь Бандарук, Прага У рамках эўрапейска-расейскага саміту, прэм’ер Брытаніі Тоні Блэр сустрэўся сёньня з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуцінам. “Гаворка йшла ня толькі аб эканоміцы і вырашэньні пытаньня візавага рэжыму, але і ад супрацоўніцтве ў галінах энэргетыкі і барацьбы з тэрарызмам, а таксама аб унутрыпалітычнай сытуацыі ў Расеі” -- сказаў Пуцін. Двухдзённы саміт паказаў аднадумнасьць Эўразьвязу і Расеі ў пытаньнях эканамічнага супрацоўніцтва, аднак выявіў значныя разыходжаньні ў пытаньнях стаўленьня да ўраду Ўзбэкістану ў сьвятле падзеяў ў Андыжане, а таксама да ядзерных амбіцыяў Ірану.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Лёндане Ўладзімір Пуцін адзначыў, што двухбаковы гандаль паміж Расеяй і Вялікай Брытаніяй перажывае росквіт. Летась, гандлёвы абмен перавысіў 9 мільярдаў даляраў, і павялічыўся на 43% у параўнаньні з 2003 годам. Лёндан выразна зацікаўлены ў эканамічным супрацоўніцтве з Расеяй, у прыватнасьці зь яе квітнеючым, энэргетычным сэктарам. У часе калі Эўропа шукае спосабаў, як забясьпечыць свае ўсё большыя энэргетычныя патрэбы, усе вочы накіраваныя на Расею, як на надзейнага пастаўшчыка энэргіі.

Пуцін і Блэр абмяркоўваюць, у прыватнасьці, удзел Вялікай Брытаніі ў пабудове паўночна-эўрапейскага газаправоду пад дном Балтыйскага мора, якім Расея мае намер пастаўляць газ праз Нямеччыну ў заходнюю Эўропу. Расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што эўрапейскія партнэры будуць адыгрываць ключавую ролю ў гэтым праекце.

(Пуцін: ) "Мы прынялі для сябе стратэгічнае рашэньне, прынялі рашэньне аб тым, каб дапусьціць эўрапейскіх партнэраў да здабычы газу на тэрыторыі Расеі. Яны пайшлі нам насустрач, пусьцілі нас у сваю сетку разьмеркаваньня, у тым ліку і электраэнэргіі, на тэрыторыі Эўропы, і сумесна мы маем намер ажыцьцяўляць буйныя інфраструктурныя праекты, у тым ліку і пабудову паўночна-эўрапейскага газаправоду. Сумесна, эўрапейцы будуць кантраляваць усё, ад здабычы, да канчатковага спажыўца. І мы будзем у гэтым удзельнічаць. Гэта стварае абсалютна новую сытуацыю. Такім чынам, чуткі аб страце энэргетычнай незалежнасьці Эўропы моцна перабольшаныя".

Як паведаміў брытанскі амбасадар ў Расеі -- Энтані Брэнтан, Пуцін і Блэр абмяркуюць таксама супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з тэрарызмам. Пасьля сэрыі бомбавых замахаў у Лёндане ў ліпені, Вялікая Брытанія ўзмацняе барацьбу з тэрарызмам.

Аднак, на думку аглядальнікаў, бакі спрабуюць урэгуляваць таксама некалькі важных рознагалосьсяў, сярод іх разыходжаньне ў стаўленьні да Ірану. Расея дапамагае Ірану ў галіне атамнай энэргетыкі, у прыватнасьці ў пабудове АЭС у Бушэры, хаця Захад выказвае боязь, што Тэгеран можа вырабіць ядзерную зброю. Эўразьвяз абураны таксама падтрымкай з боку Масквы для ўзбэцкага ўраду, не зважаючы на крывавае здушэньне паўстаньня ў Андыжане. У адрозьненьне ад заходніх краін Расея выступае супраць міжнароднага расьсьледаваньня гэтых падзеяў. На думку намесьніка дырэктара маскоўскага Інстытуту ЗША і Канады – Віктара Крэменюка, на прыкладзе стаўленьня Масквы да падзеяў ў Андыжане бачна, што Расея хоча аднавіць свае ўплывы ў Цэнтральнай Азіі, і адначасова прадухіліць тое, што яна лічыць заходнім умяшаньнем у справы рэгіёну.

Пасьля сустрэчы з Блэрам, Пуцін узнагародзіў групу брытанцаў, якая ў жніўні выратавала пэрсанал расейскага батыскафу ў Ціхім Акеане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG