Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Варшаве (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве, на сьценах будынкаў, прыпынках грамадзянскага транспарту ўсё часьцей з’яўляюцца графіці і налепкі, аўтары якіх пратэстуюць супраць дыктатуры ў Беларусі. Хто гэта робіць і ці мае гэта сэнс па-за межамі краіны?

“Свабоду Беларусі!”, “Дыктатуры ў Беларусі – не!” – надпісы і налепкі такога зьместу з’яўляюцца ў Варшаве рэгулярна. У некаторых месцах, як прыкладам на сталічным пляцы Збаўцы, выкананы чырвонай фарбай пры дапамозе трафарэту малюнак з выявай кіраўніка беларускай дзяржавы і надпісам “Стоп Лукашэнка!”, да іх ужо прызвычаіліся.



(Варшавянка: ) “Я заўважыла гэты малюнак даволі даўно на вуліцы. Добра гэта ці не? Ня ведаю” (Варшавянка: ) “Кожны народ хоча быць свабодным, таксама і беларусы і так там павінна быць”, -- кажуць гандляркі кветкамі, што стаяць побач з малюнкам.

Віталь Сіліцкі – беларускі студэнт заяўляе, што і ён і іншыя беларусы, якія бяруць удзел у беларускім жыцьці ў Польшчы не лічаць, што налепкі і, асабліва прыгожыя з мастацкага пункту гледжаньня графіці палітычнага зьместу, гэта нешта непрымальнае.

(Сіліцкі: ) “Гэта робіць напэўна нехта зь беларусаў, што жывуць у Варшаве. У такі спосаб яны, магчыма, хочуць нагадаць палякам, што адбываецца ў іх за ўсходняй мяжой і з гэтым зьвязаныя ўсе гэтыя надпісы”

Паводле спадара Сіліцкага, у зьяўленьні графіці на сьценах варшаўскіх будынкаў ёсьць нейкая пасьлядоўнасьць.

(Сіліцкі) “Яны звычайна пачынаюць з’яўляцца пасьля таго, як у тэлебачаньні паказваюць нейкі матэрыял пра Беларусь, ці беларускаму пытаньню шмат увагі надае прэса”.



Між тым, у часы “Салідарнасьці” і асабліва ваеннага становішча, надпісы ў падтрымку польскіх змагароў з’яўляліся ў шэрагу эўрапейскіх і сусьветных сталіцаў. Мацей Новак – былы актывіст “Салідарнасьці” кажа, што інфармацыя аб гэтым дадавала яму і ягоным калегам надзеі.

(Новак: ) “ У нас было ўражаньне, што мы робім важныя рэчы, бо пра гэта ўсе гавораць за мяжой і што доўга ўжо гэты рэжым не пратрымаецца”.

Больш за тое, з сымболікай “Салідарнасьці” у 80-я перад фатографамі пазавалі знаныя заходнія зоркі. Пад уплывам паведамленьняў аб ваенным становішчы адну са сваіх песьняў “The New Year’s Day” напісаў вядомы ірляндзкі гурт “U2”. Усё гэта паспрыяла таму, што пра падзеі ў Польшчы ў дэмакратычным сьвеце добра ведалі.
XS
SM
MD
LG