Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адменіць новы школьны закон паборы з бацькоў?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня – Ўсясьветны дзень настаўніка. Паводле Арганізацыі Аб''яднаных Нацыяў, цяпер на плянэце самая шматлікая група высокапрафэсійных кадраў менавіта пэдагогі: іх налічваецца больш за 59 мільёнаў. У Беларусі, аднак, для спэцыялістаў гэтай прафэсіі сьвята вызначаецца па савецкім календары.

Адна з так званых “далікатных” пэдагагічных тэмаў - паборы школы з бацькоў на рамонт і дапаможнікі - дасягнула ў Беларусі заканадаўчых вышыняў. Разважаючы над праектам закону пра абавязковую сярэднюю адукацыю, сябра сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў Галіна Юргілевіч паведаміла наступнае.

(Юргілевіч: ) “Мы прапісалі аб забароне збору усялякіх сродкаў у навучальнай установе. Я мяркую, што і самі кіраўнікі навучальных установаў, пэдагогі ад такога церпяць. У гэтым пляне могуць быць розныя злоўжываньні”.

Паводле статыстыкі, ў Беларусі цяпер 4 тысячы школ і 1 мільён 200 тысяч вучняў. Калі дадаць сюды бацькоў, то, як мінімум, трэцяя частка насельніцтва краіны наўпрост прыцягнутая да вырашэньня матэрыяльных праблемаў сярэдняй адукацыі. Масавы характар так званых дабраахвотна-прымусовых грашовых збораў прызнаецца і ўладамі. Гаворыць дэпутатка Галіна Юргілевіч.

(Юргілевіч: ) “Каб расьсекчы вось гэты “гордзіеў вузел”, як мне ўяўляецца, трэба адшукаць разумны кампраміс. Вельмі добры сродак ва ўмацаваньні матэрыяльнай базы – гэта наяўнасьць платных адукацыйных паслугаў. Але яна не павінна быць на мяжы дазволенага, а адбывацца, напрыклад, у рамках закону аб крымінальнай адказнасьці”.

А вось як камэнтуе сытуацыю пэдагог зь Берасьця Мікалай Коўш.

(Коўш: ) “Ліквідаваць паборы ў школе вельмі-вельмі проста. Ня шэсьць працэнтаў валавога ўнутранага прадукту накіроўваць на адукацыю, а даць хаця б 10 працэнтаў. І тады пытаньні ўсе зьнікнуць. Зараз грошай няма. Таму праз апякунскія саветы ці іншыя захады з бацькоў вучняў зьбіраюць грошы. Адказвае за гэта настаўнік, адказвае дырэктар школы. Яго становішчу я не зайздрошчу. З аднаго боку грашовыя складкі не дазваляюць, а з другога боку – спрабуюць узаконіць тое, што не дазволена. Патрэбна нармальна фінансаваць школу. Тады будзе добрая аплата працы, адэкватная той ролі, якую павінен мець у грамадзтве настаўнік”.

Ніколі ня рана і ня позна сказаць настаўніку: “Дзякуем і віншуем!” Пра гэта нагадвае традыцыйнае пасланьне Арганізацыі Аб''яднаных Нацыяў з нагоды Ўсясьветнага дня працаўнікоў адукацыі. На пытаньне “Хто для вас лепшы настаўнік?” – адказваюць мінакі на вуліцах Менска.

(Першы спадар: ) “Гэта мой навуковы кіраўнік. Ён быў і ёсьць. Усё ягонае жыцьцё, так як ён жыў і працуе – я таксама імкнуся рабіць такім жа чынам”.

(Спадарыня: ) “Вядома, у першую чаргу гэта бацькі. Па – другое, калегі па працы, старэйшыя, у каго я вучылася”.

(Другі спадар: ) “Гэта Алег Вікенцьевіч Луцэвіч – мастак, які навучаў нашых вельмі добрых мастакоў. Я ў 2002 годзе трапіў у каталёг 1000 лепшых мастакоў канца ХХ стагодзьдзя”.

Афіцыйных мерапрыемстваў з нагоды Усясьветнага Дня настаўніка ў Беларусі не адбудзецца. Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, ліміт сродкаў быў вычарпаны 3 кастрычніка. У Беларусі для настаўнікаў свой каляндар – яшчэ савецкі.
XS
SM
MD
LG