Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М. Пастухоў: "Выпадак з "Народнай Воляй" – вяршыня беззаконьня"


Агляд друку падрыхтавала Іна Студзінская, Менск “Выпадак з “Народнай воляй” – гэта вяршыня беззаконьня. Я бачу сьмерць той дзяржавы, дзе закон ня мае сілы і знаходзіцца пад чыёйсьці ўладай”. Гэты трапны выраз Платона узяў у якасьці эпіграфу для свайго артыкулу кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў, аналізуючы сытуацыю, у якой апынулася газэта.

У сёньняшнім нумары “Народная Воля” зьмяшчае шэраг камэнтароў да Кангрэсу дэмакратычных сіл. Сваімі думкамі аб Кангрэсе дзеліцца Вячаслаў Оргіш у артыкуле “Ці дазволіць Аляксандр Лукашэнка аднаполыя шлюбы?”

Аляксандар Зайцаў зь “Беларускіх навінаў” разважае пра тое, як будзе дзейнічаць апазыцыя пасьля абраньня Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам і як сам Мілінкевіч будзе сябе паводзіць у новым статусе. “Народная Воля” друкуе “Палітычнае пагадненьне дэмакратычных сіл Беларусі”, выступы Алега Манаева і Вінцука Вячоркі на Кангрэсе.

“Газэта Слонімская” піша пра “ноў-хау” мастоўскіх камунальнікаў. У чамаданчыку сантэхніка і электрыка разам з рабочымі інструмэнтамі будзе ляжаць цяпер касавы апарат. Майстар прыходзіць, ліквідуе няспраўнасьць, тут жа бярэ грошы, выдае чэк з гарантыяй. Гэта спросьціць узаемаадносіны кліента і ЖЭС.

“Пагарэў на дубінках і кайданках”. У Слонімскую міліцыю прыйшоў мужчына, які назваўся начальнікам аддзелу маркетынгу прадпрыемства “Жылбел плюс”. Ён меў адпаведныя дакумэнты на права рэалізацыі міліцэйскай фурнітуры. Попытам у слонімскіх міліцыянэраў карысталіся форменныя кіцелі, кашулі, фуражкі. Што было далей, распавядае журналіст “Газэты Слонімскай” Мікола Канановіч:

(Канановіч: ) “Насьцеражыліся ахоўнікі правапарадку, калі сталічны госьць выклаў для продажу наручнікі і гумовыя дубінкі. Пільнасьць праявіў начальнік штабу Слонімскага РАУС маёр Сяргей Якубовіч, які пацікавіўся, як прадавец вядзе ўлік рэалізаваных спэцсродкаў. На пытаньне гандляр упэўнена адказаць не змог. У Слоніме ваяж сталічнага госьця скончыўся ўзбуджэньнем супраць яго крымінальнай справы за махлярства”.

Як высьветлілася, да гэтага спрытны камэрсант пасьпеў пагандляваць у шасьці райаддзелах міліцыі Міншчыны і Берасьцейшчыны.

“Витебский курьер” паведамляе, што сёньня ў горадзе адкрываецца трэці форум “Інвэстыцыі для разьвіцьця бізнэсу і рэгіёнаў”. На форуме будуць прадстаўлены каля 60 праектаў прадпрыемстваў вобласьці і Паўночнай акругі Масквы. Па словах намесьніка старшыні Камітэту эканомікі аблвыканкаму Канстанціна Чорнага, бізнэсоўцам трэба вучыцца праводзіць прэзэнтацыі ўласных бізнэс-праектаў і пераконваць інвэстараў у прывабнасьці Віцебскай вобласьці.

“Вечерний Бобруйск” піша пра тое, што спынілася праца мясцовага малаказавода. Цяпер малако на перапрацоўку навакольныя калгасы вымушаныя везьці ўАсіповічы. Бяз працы ў Бабруйску засталіся больш за трыста чалавек.
XS
SM
MD
LG