Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцёл Сьвятога Язэпа вернікам вяртаць па-ранейшаму не зьбіраюцца


Галіна Абакунчык, Менск Нацыянальны архіў завяршае работу над складаньнем зборніка дакумэнтаў, прысьвечанага першаму Ўраду Беларусі. Да друку рыхтуюцца таксама даведнікі да 20-годзьдзя чарнобыльскай аварыі і да 65-годзьдзя з пачатку другой усясьветнай вайны. Напярэдадні прафэсійнага сьвята Дня архівіста, які адзначаецца 6 кастрычніка, пра гэта паведамілі ў Нацыянальным архіве краіны. Яго супрацоўнікі заяўляюць таксама, што ўлады не зьбіраюцца аддаваць вернікам касьцёл Сьвятога Язэпа. Там па-ранейшаму застануцца архівы навукова–тэхнічнай дакумэнтацыі ды літаратуры й мастацтва Беларусі.

Дзень архівіста ў Беларусі адзначаюць толькі ад 2000 году, аднак паслугамі архівістаў скарыстоўваліся яшчэ пры аднаўленьні Залатагорскага касьцёла, будаўніцтве менскага мэтро, мэмарыялу ў Трасьцянцы ды ў іншых выпадках. Сёньня Нацыянальны архіў Беларусі захоўвае дакумэнты ад пачатку ХІІ стагодзьдзя. Многія зь іх тычацца вядомых асобаў і княскіх родаў, як, да прыкладу, Радзівілаў, Станіслава Манюшкі, Янкі Купалы й многіх іншых. Аднак, вельмі шмат дакумэнтаў з гісторыі й культуры Беларусі знаходзяцца па-за яе межамі. Перадусім, у Расеі й шэрагу іншых краінаў. Аднак пра атрыманьне гэтых дакумэнтаў пытаньне ня вырашанае й да сёньня – кажа намесьнік старшыні Камітэту архіваў і справаводзтва пры Савеце міністраў Вольга Бірукова.

(Бірукова: ) “Гаворка можа весьціся толькі пра вяртаньне копіяў гэтых дакумэнтаў. Пра гэта неаднойчы вялася гаворка й на больш высокім узроўні. Працавала нават камісія па вяртаньні архіўнай спадчыны. Аднак, я ня ведаю ці ўдалося вярнуць які-небудзь дакумэнт на радзіму. У нас такіх зьвестак няма”.

Паводле спадарыні Біруковай, застаюцца нявырашанымі таксама іншыя пытаньні. Да прыкладу, кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу ў Беларусі зьвярнулася з патрабаваньнем вярнуць у сваю ўласнасьць менскі касьцёл сьвятога Язэпа й кляштар бэрнардынцаў. Зараз у будынку колішняга касьцёла месьціцца Архіў навукова–тэхнічнай дакумэнтацыі, а таксама Архіў літаратуры й мастацтва Беларусі. Будынак былога кляштару займае вайсковая камэндатура й пракуратура. За вяртаньне каталіцкіх сьвятыняў вернікі праводзяць нават вулічныя набажэнствы. Аднак, гэтае пытаньне па-ранейшаму застаецца нявырашаным – кажа Вольга Бірукова.

(Бірукова:) “У дзяржавы няма такога памяшканьня, каб разьмясьціць гэтыя два архівы. Мы згодныя аддаць гэты будынак толькі ўзамен раўнацэннага будынка, каб мы там разьмясьцілі гэтыя два архівы. Мы ня супраць, але дайце нам узамен памяшканьне”.

Паводле Вольгі Біруковай, мяркуецца, што адзін з архіваў, магчыма, будзе пераведзены ў будынак новаўзьведзенай Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак іншы застанецца ў сьценах былога касьцёла па-ранейшаму. Вось як гэтую сытуацыю пракамэнтаваў гістрык Алег Трусаў.

(Трусаў:) “Канечне, вернікам храм вярнуць трэба, але спачатку ўлады павінны перадаць добры будынак архіву. А рабіць такія рэчы, як сутыкаць ілбамі культурна-асьветніцкія ўстановы й вернікаў – гэта проста правакацыя ўладаў. Вунь, управа справамі прэзыдэнта колькі будынкаў мае – няхай яны й перададуць належным чынам”.

Паводле гістарычных крыніцаў, касьцёл і кляштар ордэну бэрнардынцаў у Менску быў заснаваны ў XV стагодзьдзі. Яны ўваходзілі ў кляштарны комплекс, дзе ў розныя гады працавала пачатковая школа, школа філязофіі, існавала бібліятэка на паўтары тысячы тамоў унікальнай літаратуры. У 1863 годзе манахі-бэрнардынцы падтрымалі паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пасьля яго падаўленьня, паводле загаду Мураўёва-вешальніка ўсе яны былі гвалтоўна выселеныя ў Магілеў, а кляштар зачынены. У касьцёле некаторы час месьцілася праваслаўная царква, а з 1872 году ён быў перабудаваны пад архіў і ў гэткім выглядзе захаваўся да сёньняшняга дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG