Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі апазыцыйнай кааліцыі пра сытуацыю ў АГП


Валер Каліноўскі, Менск Сытуацыю ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, частка якой нэгатыўна паставілася да вынікаў галасаваньня на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, камэнтуюць прадстаўнікі апазыцыйнай кааліцыі

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін перакананы, што частка актывістаў АГП занадта эмацыйна ўспрымае вынікі галасаваньня на кангрэсе, калі іх кіраўнік Анатоль Лябедзька атрымаў ўсяго на 8 галасоў меней за А.Мілінкевіча. Спадар Калякін мяркуе, што ў рэшце рэшт большасьць актыву АГП будзе працаваць у адзінай камандзе, хаця гэтыя супярэчнасьці могуць паўплываць і на еднасьць апазыцыйнай кааліцыі.

(Калякін: ) “Гэта з пазыцыі безадказных прадстаўнікоў АГП такое можа і быць. Калі яны хочуць зрабіць вялікае пахаваньне сваёй партыі, сваіх лідэраў і астатняга. Гэта яны могуць зрабіць. Заадно нашкодзіць і іншым. Той, хто хоча дапамагчы Лукашэнку застацца пры ўладзе, той можа думаць такімі катэгорыямі. Таму што працаваць мы будзем не на Мілінкевіча, Калякіна ці Лябедзьку, працаваць мы будзем на дэмакратыю ў Беларусі”.

Сяргей Калякін зазначае, што Аляксандар Мілінкевіч – самастойны палітык, беспартыйны, які не зьяўляецца прадстаўніком нейкай адной сілы, і імкнецца збалянсаваць інтарэсы ўсіх суб’ектаў кааліцыі. Крок Анатоля Лябедзькі, які зьбіраецца заўтра па Палітрадзе АГП узьняць пытаньне аб сваёй адстаўцы, спадар Калякін разглядае толькі як пастаноўку пытаньня пра давер лідэру ад калектыўнага органа партыйнага кіраўніцтва. Паводле Сяргея Калякіна, у ПКБ таксама ёсьць асобныя людзі, якім не падабаецца выбар кангрэсу, але гэта ня зьява.

Лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч перакананы, што ўсе папярэднія кааліцыйныя рашэньні мусяць застацца ў сіле, і цяпер трэба працаваць на Мілінкевіча:

(Шушкевіч: ) “Калі нейкая партыя паступіць інакш, я ня ўмешваюся ва ўнутраныя справы нейкай партыі, але мне здаецца, што гэта створыць пэўныя цяжкасьці.” Лідэр БНФ Вінцук Вячорка мяркуе, што раскольнікі могуць выпасьці з агульнага працэсу.

(Вячорка: ) “Я думаю, што Анатоль Лябедзька праявіць як раз разважлівасьць і адказнасьць і так, як ён заявіў пасьля кангрэсу, ён будзе верны дадзенаму слову, так як і ўсе іншыя давалі слова і былі б яму верныя пры любым зыходзе. Мы доўга вучыліся пераадольваць амбіцыі і дэкляравалі пра гатоўнасьць іх пераадолець. Цяпер гэта трэба даказваць на практыцы”.

Адзіны кандыдат ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч паведаміў Радыё Свабода, што сёньня ён правёў кансультацыі з Анатолем Лябедзькам і Сяргеем Калякіным, якія закончыліся пазытыўным вынікам:

(Мілінкевіч: ) “Мы абмяркоўвалі, што кожны можа зрабіць, каб умацаваць кааліцыю. Таму што ясна, што эмоцыі ёсьць пасьля гэтых выбараў. І я думаю, што ў бліжэйшыя дні вызначымся з кандыдатурамі самых адказных людзей у кампаніі. У мяне сёньня значна больш аптымізму, чым было адразу пасьля Кангрэсу.”

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, першае паседжаньне Палітычнай рады дэмакратычных сіл, утворанай Кангрэсам, пройдзе на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG