Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Былога кіраўніка Саюзу палякаў не пусьцілі ў Польшчу</B>


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня на тэрыторыю Польшчы не ўпусьцілі былога старшыню Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуша Кручкоўскага. Гэта адбылося на памежным пераходзе “Брузгі—Кузьніца Беластоцкая”, куды ён прыехаў на аўтамабілі.

Спадару Кручкоўскаму выдалі дакумэнт аб тым, што яго не ўпусьцілі ў РП з прычыны таго, што ён уяўляе сабой пагрозу для бясьпекі польскай дзяржавы. Т.Кручкоўскі сказаў нашаму карэспандэнту, што для яго гэта прагучала так, нібыта ён належыць да Аль-Кайды. Паводле яго, забарона на ўезд у Польшчу для яго паходзіць ад міністра замежных справаў гэтай краіны Адама Ротфэльда. Спадар Кручкоўскі лічыць гэтае рашэньне палітычным: яно выклікана тым, што ён не дазволіў уцягнуць Саюзу палякаў у палітычную барацьбу ў Беларусі. Ён называе такое рашэньне дыскрымінацыяй яго як паляка і парушэньнем правоў чалавека.

Забарону на ўезд у краіну для паплечнікаў спадара Кручкоўскага польскі бок увёў пасьля таго, як мін’юст РБ абвясьціў нелегітымным новае кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс і абавязаў былое кіраўніцтва на чале з Тадэвушам Кручкоўскім паўторна правесьці 6-ы зьезд Саюзу, які адбыўся у Ваўкавыску 27 жніўня. Дагэтуль некалькі паплечнікаў Кручкоўскага пры спробе трапіць у Польшчу ўжо атрымалі адмову ад польскіх памежнікаў.
XS
SM
MD
LG