Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч


Баранавічы Асабістыя нататкі мінулага тыдня слухачам “Свабоды” прадстаўляе Мікола Статкевіч — старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, каардынатар Эўрапейскай кааліцыі, які асуджаны за палітычную дзейнасьць і адбывае пакараньне ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу №2 у горадзе Баранавічы.

26 верасьня, панядзелак

Прачынаюся, як і хацеў, за пяць хвілінаў да пад’ёму — у 5.55. Можна нават не глядзець на гадзіньнік. Некалькі хвілінаў ляжу. Акно насупраць мяне. Неба паміж клеткамі кратаў пачынае сьвятлець.Зорак ужо няма. Апранаюся. Як заўсёды раптоўна і рэзка зьвініць званок пад’ёму. Дзень пачаўся.

Прачынаюцца мае суседзі — Аляксандар, Дзьмітры і Сяргей. Запальваюць сьвятло, апранаюцца. Празь некалькі хвілінаў — другі званок. Адчыняем дзьверы ў калідор, шыхтуемся, як і ўсе, уздоўж сьцяны каля свайго пакою. Зьяўляецца дзяжурны афіцэр. Павольна ідучы паўз нас, зачытвае прозьвішчы асуджаных. Пачуўшы сваё прозьвішча, трэба дадаць імя, імя па бацьку і, зрабіўшы два крокі наперад, стаць каля супрацьлеглай сьцяны. Калі больш як сотня насельнікаў паверху апынаецца на другім баку калідора, праверка завяршаецца, і мы вяртаемся ў пакой.

Хлопцы пачынаюць абмяркоўваць, ці паменела зморшчынаў на сьценах. У суботу, пакуль я быў на працы, яны клеілі шпалеры ў пакоі. Кепска намачылі, кепска прагладзілі — і цяпер яшчэ спадзяюцца, што неяк само рассмокчацца. Я прапаную павесіць на сьцены мапы. Аляксандар прапануе закрыць сваю працу табліцай Мяндзялеева, бо мы ж “хімікі”. Сьмяемся. Апранаем курткі, выходзім і ідзем да акенца дзяжурнага, якое каля лесьвіцы. Выхад на лесьвіцу зачынены дзьвярыма-кратамі. Там ужо чарга чалавек дваццаць. Чакаю. Называю прозьвішча і пакой, але дзяжурны ўжо працягвае складзены кавалачак паперы — мой табэль — і націскае кнопку. Шчоўкае электрычны замок, дзьверы адчыняюцца і — свабода.

Ужо разьвіднела. Перахожу вуліцу і праз прыватны сэктар з рознакалібэрных хатак і катэджаў іду ў бок мікрараёну, які ўжо прачынаецца на ўзгорку. Па дарозе збочваю на стадыён ліцэю. Штодзённая зарадка ў любых умовах, ад Крайняй Поўначы да Валадаркі — звычка, якой ніколі ня здраджваю. Разьмінка, падцягваньні, адцісканьні, прэс на швэдзкай сьценцы. Потым наверх, да бацькавага дому. Там душ, кава і ў іншай вопратцы (джынсы, кароткая куртка, мяккі абутак) іду на працу. Гэта прыблізна два з паловай кілямэтра, таму амаль ніколі не карыстаюся аўтобусам, каб кампэнсаваць адсутнасьць ранішняй прабежкі.

Праца амаль у цэнтры гораду. Прыходжу да 8.00, вітаюся з калегамі, адчыняю свой пакойчык і — наперад. На абед у мяне дзьве гадзіны. Абедаю ў бацькі, таму гадзіна ідзе на дарогу (таксама пехам). У 18.00 дыспэтчар Таня робіць запіс у табэлі аб часе працы. Ізноў да бацькі. П’ю гарбату, пераапранаюся у спартовую вопратку і — у спэцінтэрнат.

Дзіўна і непрыемна. Ніяк не магу прывыкнуць: штодзённа самому ісьці за краты. Прыйсьці трэба да 19.00, каб не спазьніцца на праверку. Увогуле, спазьненьне на праверкі і п’янка — найбольш распаўсюджаныя і караныя тут парушэньні. Але сёньня панядзелак, таму замест пастраеньня будзе штотыднёвы сход. Кантынгент зьбіраецца у невялікай залі. Вельмі душна. Начальства каля гадзіны ў выхаваўчых мэтах прапануе пугу і пернік. У якасьці пугі выступае “зона” для парушальнікаў (з канкрэтнымі прыкладамі). У якасьці перніка — хатні рэжым ці ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Таксама з канкрэтнымі прыкладамі.

Пасьля ёсьць час пачытаць ці нешта напісаць. Хлопцы глядзяць невялікі старэнькі тэлевізар, які я адрамантаваў і прынёс сюды. Ідуць толькі дзьве праграмы — БТ і АНТ. У 21.30 званок на апошнюю праверку. Пасьля ў мяне ёсьць яшчэ хвілін пятнаццаць, каб пачытаць у ложку. Яшчэ адна звычка, ад якой проста неахвота пазбаўляцца. У 22 гадзіны выключаем сьвятло. Хлопцы яшчэ спрабуюць паглядзець фільм, які нядаўна пачаўся. Але дзяжурны, заўважыўшы сьвятло тэлевізара скрозь зашклёнае акенца ў дзьвярах пакою, заходзіць і сварыцца. Хлопцы выключаюць тэлевізар. Усё. Яшчэ адзін дзень прайшоў.

27 верасьня, аўторак

Сёньня цудоўная раніца, і, відаць, будзе цудоўны дзень. Старыя і каржакаватыя таполі, якія стаяць паміж прыватным сэктарам і мікрараёнам, у ранішнім сьвятле падобныя да магутнай дубровы. Нават старая ракета РС-12, пастаўленая ў мікрараёне ў гонар скарачэньня савецкіх і амэрыканскіх ракет у Эўропе, выглядае на фоне ружовага неба прыгожай. На працу іду берагам Сьвяцілаўскага возера. За трыццаць гадоў, як мае бацькі, настаўнікі са Случчыны, пераехалі сюды, тут шмат што зьмянілася. Справа адбудаваны вялікі мікрараён, наперадзе за возерам стаіць касьцёл. Увогуле, горад мне падабаецца. Падабаюцца прыватныя дамкі сярод садоў, ахайна адрамантаваны цэнтар, брукаваная вуліца Савецкая, дзе ў адзіным на ёй неадрамантаваным і неатынкаваным будынку “Рамбыттэхнікі” я працую. Падабаюцца мясцовыя жыхары і мае добразычлівыя калегі па працы. Таксама падабаецца, што тутэйшыя кабеты, усе, незалежна ад узросту, фізычных дадзеных і сацыяльнага статусу, імкнуцца прыгожа выглядаць і апранацца (“а раптам выпадзе выпадак”).

Хаця горад рабочы, каля сарака прадпрыемстваў на амаль 180 тысяч жыхароў, пэўную шляхетнасьць яму надае наяўнасьць уласнага унівэрсытэту. Эканамічная сытуацыя ў горадзе складаная. Амаль усе прадпрыемствы не выконваюць прагнозных паказчыкаў, расьце запазычанасьць у пэнсійны фонд. Заробкі невялікія, удвая меней “сярэдніх” 550 тысяч, пра якія кажа БТ. Выключэньне складала мясцовая філія “Атлянту”, але нядаўна і тая перайшла з трохзьменнай да двухзьменнай працы — скарачэньне збыту.

Дык адкуль жа той эканамічны рост, пра які цьвердзіць афіцыёз? Адказ на гэтае пытаньне бачу, калі па вялізарным мосьце праходжу над чыгункай. Унізе, на шматлікіх каляінах, бясконцыя таварныя цягнікі. Але гэты чыгуначны хаос беспамылкова клясыфікуецца па нешматлікіх катэгорыях. Брудныя цыстэрны з надпісамі “бэнзін” ці “нафта”, больш чыстыя са звадкаваным газам, падобныя збоку на трапэцыі вагончыкі “Беларуськалію”, блакітныя цыстэрны з надпісам “Гроднаазот”. Там-сям відны адкрытыя вагоны зь бярвеньнямі. Рэальная, а ня штучна падпертая экспартная эканоміка Беларусі — як на далоні.

Спускаюся з мосту. Наперадзе складанае аўтамабільнае скрыжаваньне. Шмат аўтамабіляў, сярод іх дастаткова прыстойных. Адкуль грошы? Дзьве асноўныя крыніцы існаваньня для маладых і энэргічных мужчын, якія не займелі “кропкі” на базары, — гэта праца за мяжой і кантрабанда. Працаваць мараць у Эўропе ці Амэрыцы. Але трапіць туды ўсе цяжэй. Таму мусяць ехаць у Расею, але гэта лічыцца небясьпечным — падмануць, а то і заб’юць. Дарогу перасякае старая “Аўдзі-100” з паднятай задняй часткай. Такія машыны завуць “салавозамі”. Кажуць, што за раз яны бяруць паўтары тоны польскага сала. А цяпер у Польшчы бэнзін падаражэў. Мяжа корміць.

28 верасьня, серада

Сёньня з раніцы цікавая праца. Ня фэны, старыя пральныя машыны ці пыласосы, а відэамагнітафон. Да яго б яшчэ неабходныя рамонтныя прыборы і дэталі. Пазьней ідзем у гаражы “Рамбыттэхнікі” — з рамонту прывезьлі рухавік ад старэнькага грузавічка ЎАЗ. Зьбіраецца пяць мужчынаў. Падвязаўшы жалязяку вяроўкамі да трубы, праз кабіну ўціскваем яе на месца. Цяпер у бліжэйшыя дні буду круціць гайкі ў яме пад УАЗам. Праца, якая вельмі супакойвае. Мяне і бралі, каб на гэтым грузавічку з напарнікам езьдзілі па вёсках і зьбіралі зламаную бытавую тэхніку. Учора начальнік установы сказаў, што я павінен сядзець у адным месцы і езьдзіць не магу, бо інакш мяне будзе цяжка кантраляваць. А як жа мой працоўны кантракт? Не хвалюе.

З гаражу вяртаемся назад. Грукаюць у дзьверы — ізноў праверка з установы. Афіцэр адтуль, але разам зь ім незнаёмы капітан. Мо ўжо сьведкаў з сабой цягаюць, каб даказаць, што правяралі? Адміністрацыя асабліва не хавае, што я для іх — вялікая праблема, якая займае значную долю іхнага часу. Іх кантроль за мной таксама кантралюецца, ды яшчэ як.

Нядаўна ў нядзелю, калі прыехала жонка і забрала мяне на паўдня да бацькі, аднаго маёра накіравалі праверыць, чым мы там займаемся, мо рэвалюцыю рыхтуем? Той выявіў сябе сапраўдным кансьпіратарам — дзеля фактару раптоўнасьці прыйшоў у цывільным і ў дамафон не званіў, чакаў, пакуль нехта выйдзе з пад’езду. У выніку “пінкертоны” з назіраньня прамінулі яго і потым абвінавацілі: не было тут праверкі. Паскардзіліся ў Берасьце, прыяжджаў начальнік абласнога дэпартамэнту разьбірацца. Мы з бацькам, каб уратаваць маёра, нават тлумачэньні пісалі: быў, правяраў.

Увогуле кажуць, што тут па мне працуе цэлая брыгада “пінкертонаў” зь Менску. Калі гэта так, то спроба ў мінулую пятніцу спракаваць мяне на бойку і падвесьці пад “зону” — гэта іх справа.

Мне незразумелы гэты звышпільны нагляд, яго мэты. Да выбараў і адпаведна магчымых рэвалюцыяў часу яшчэ шмат. Што я думаю пра гэтую ўладу, даведацца лёгка — выйшаў на партыйны сайт bsdpng.info і чытай. Мае госьці — кіраўнікі партыі зь Менску, партыйны і дэмакратычны актыў з Баранавічаў і вобласьці — асобы таксама вядомыя. Няўжо ўсё гэта дзеля таго, каб выкрыць магчымае жудаснае злачынства — маё спазьненьне на працу на тры хвіліны? Цяпер зразумела, чаму ў нас бомбы на вуліцах выбухаюць — усе спэцслужбы занятыя такой “працай”. Нават пасьля тэрактаў у Віцебску тэрарыстаў пачалі шукаць у звыклым месцы — офісах апазыцыйных арганізацыяў. Усё гэта нагадвае анэкдот пра небараку, які ноччу згубіў нешта каштоўнае, але шукае ня там, дзе згубіў, а пад ліхтаром. Бо там сьвятлей.

Вечар, 18.40. Выходжу з бацькавай кватэры. Да “хіміі” ісьці дванаццаць хвілінаў. За касьцёлам садзіцца барвовы агромісты дыск сонца. Прыгожа.
XS
SM
MD
LG