Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Узбэкістану


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Міністры замежных спраў краінаў Эўрапейскага Зьвязу на нарадзе ў Люксэмбургу прынялі дэклярацыю аб увядзеньні санкцыяў супраць Узбэкістану. Гэта адказ аб’яднанай Эўропы на адмову Ташкенту дазволіць міжнароднае расьсьледаваньне травеньскіх падзеяў у Андыжане.

Перадусім уводзіцца эмбарга на экспарт ва Ўзбэкістан зброі і абсталяваньня, якія могуць быць выкарыстаныя дзеля ўнутраных рэпрэсіяў. Да гэтага абсталяваньня адносяцца шаломы, бронекамізэлькі, кайданкі, сьлезацечны газ, брандспойты, шчыты, прыборы начнога бачаньня і іншыя паліцэйскія прылады. Таксама ўводзіцца забарона на паездкі ў 25 эўрапейскіх краінаў шэрагу ўзбэцкіх афіцыйных асобаў, якія мелі непасрэднае дачыненьне да падаўленьня паўстаньня ў Андыжане. Будуць прыпыненыя і плянаваныя сустрэчы паводле гэтак званага Пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве, якое ад 1999 году дазваляла Эўрапейскаму Зьвязу разьвіваць палітычныя стасункі з Узбэкістанам і весьці эканамічныя справы ў гандлі, транспарце, мытных і паштовых паслугах, тэлекамунікацыях, а таксама ў і іншых галінах.

Рашэньне прынятае пасьля некалькіх месяцаў дыпляматычнага напружаньня паміж Захадам і Ўзбэкістанам, зьвязанага з разгонам мірнай дэманстрацыі 13 траўня ўрадавымі сіламі. Як лічаць на Захадзе, зроблена гэта было “неадэкватна жорстка”. Узбэцкія ўлады заяўляюць, што тады загінулі 187 чалавек і адмаўляюць, што сілы бясьпекі распачалі страляніну па няўзброеных людзях. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць, што былі забітыя як найменей 700 чалавек. У адказ на заклікі правесьці незалежнае расьсьледаваньне трагічнага інцыдэнту Ташкент, які дагэтуль быў саюзьнікам ЗША ў барацьбе з тэрарызмам, пачаў мяняць сваю зьнешнюю палітыку. Ён пайшоў на збліжэньне з Расеяй і Кітаем, а ў ліпені запатрабаваў ад ЗША пакінуць авіябазу, якую тыя выкарыстоўвалі дзеля антытэрарыстычных апэрацыяў у Аўганістане. ЗША пагадзіліся пакінуць гэтую базу на пачатку наступнага году.

Аднак, як адзначаюць аналітыкі, санкцыі ня могуць цалкам падарваць паліцэйскую моц краіны, бо туды, як правіла, зброю і адпаведнае абсталяваньне пастаўляюць Расея, Кітай і іншыя неэўрапейскія дзяржавы.Тым болей, што на мінулым тыдні Расея ў чаканьні рашэньня аб эмбарга, вуснамі міністра абароны Сяргея Іванова заявіла, што ў яе няма падставы абмежаваць пастаўкі зброі ва Ўзбэкістан, і што яна будзе і надалей разьвіваць усе стасункі з Узбэкістанам. Пакуль невядома, ці будзе мець эфэкт і абмежаваньне на паездкі ўзбэцкіх чыноўнікаў у краіны Эўропы, бо пакуль няма самога сьпісу гэтых чыноўнікаў.
XS
SM
MD
LG