Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Кангрэсу Анатоль Лябедзька ставіць пытаньне пра давер да сябе як да лідэра партыі


Валер Каліноўскі, Менск Расчараваньне сярод актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі з прычыны таго, што іх лідэр ня выйграў падчас галасаваньня на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, пагражае адзінству апазыцыйнай кааліцыі. Каб спыніць такія настроі, Анатоль Лябедзька мае намер заўтра паставіць на палітрадзе партыі пытаньне пра давер да сябе як да лідэра АГП, або пра адстаўку. Ад гэтага залежыць і вырашэньне другога пытаньня парадку дня заўтрашняй палітрады АГП — аб рэалізацыі партыяй рашэньняў кангрэсу.

Многія актывісты АГП застаюцца ў палоне эмоцыяў пасьля Кангрэсу дэмакратычных сілаў, сьцьвярджае лідэр партыі Анатоль Лябедзька. Яны не ўспрынялі рашэньня кангрэсу ды мяркуюць, што трэба, каб тое ж зрабіў і іх лідэр, ды патрабуюць правядзеньня надзвычайнага зьезду, які б выпрацаваў новую стратэгію партыі на выбарах. Спадар Лябедзька з гэтым ня згодны:

(Лябедзька: ) “У нас сёньня адбываецца бунт чалавечых сэрцаў. Гучыць хор галасоў, што мы ня будзем працаваць на таго і таго, што мы можам пайсьці туды і туды… Таму я павінен паставіць пытаньне такім чынам: альбо людзі падтрымліваюць стратэгію аб’яднаньня, фактычным ініцыятарам якой я быў асабіста, і за якую я нясу адказнасьць, і такім чынам мы дасягаем стабілізацыі сытуацыі і працуем як адна каманда… Калі ж не, то я не магу ўзначальваць структуру, у якой няма кансэнсусу”.

Пытаньні пра давер да сябе як да кіраўніка партыі Анатоль Лябедзька абяцае ўзьняць на паседжаньні палітрады АГП у сераду. Ён кажа, што настрой на перагляд дамоўленасьцяў існуе ў партыйных структурах Магілёўскай, Менскай і Берасьцейскай абласных арганізацыяў і ў Менску. Якая частка актывістаў мае такі настрой, спадар Лябедзька сказаць ня можа і ня лічыць гэта прынцыповым:

(Лябедзька: ) “Нават калі ёсьць там і меншасьць, я не хацеў бы, каб мы ўваходзілі ў кампанію, падзеленыя на нейкія фракцыі і групы. Павінна быць каманда, якую зьвязваюць рашэньні, якая будзе працаваць як адзін мэханізм. А ня так, што частка будзе працаваць, а другая — ня будзе, ці будзе ўдзельнічаць у іншых працэсах”.

Кіраўнік Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ігар Шынкарык паведаміў пра сутнасьць настрояў у сваёй суполцы:

(Шынкарык: ) “Мы ўчора зьбіраліся, савет менскай гарадзкой арганізацыі, нас у савет цяпер уваходзіць 12 чалавек, і зь іх за тое, каб працаваць на Мілінкевіча — толькі адзін, усе астатнія — супраць”.

Спадар Шынкарык кажа, што паводле ягоных зьвестак такая ж сытуацыя ў і некаторых абласных арганізацыях АГП, якія патрабуюць скліканьня пазачарговага зьезду партыі. Асабістых прэтэнзіяў да спадара Мілінкевіча ў Ігара Шынкарыка няма, але ён мяркуе, што той павінен дыстанцыявацца ад некаторых асобаў са свайго атачэньня. Тым ня менш, спадар Шынкарык зазначае, што пытаньне аб адмове ад удзелу ў кааліцыі ім і ягонымі аднадумцамі не ўздымаецца.

(Шынкарык: ) “Мы хочам правесьці працу над памылкамі пакуль унутры партыі, высьветліць, чаму так здарылася, хто што дзесьці не дарабіў, ці зрабіў ня так. Пакуль мы настроеныя разабрацца ў сябе ўнутры, і пытаньня аб развале кааліцыі ці выхадзе з кааліцыі мы ня ставім, і ніхто ня будзе ставіць”.

Спадар Шынкарык прызнае, што шмат будзе залежаць ад пазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, ад ягоных крокаў, скіраваных на супрацоўніцтва.
XS
SM
MD
LG