Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай вобласьці за суткі рэгіструецца да трыццаці пажараў


Казімер Яноўскі, Гомель Апошнія дні амаль 500-тысячны Гомель апынуўся ў палоне дыму. Працяглае сухое надвор’е спрычынілася да распаўсюду лясных і тарфяных пажараў.

Ужо чацьверты дзень на захадзе ад абласнога цэнтру гарыць лес Макееўскага лясьніцтва. Верхавы пажар удалося лякалізаваць. Аднак працягвае дыміцца лясны подсьціл. На паўнач ад Гомелю гараць тарфянікі блізу паселішча Бальшавік. З усходу дым цягнецца ад урочышча Клёнкі, дзе разьмешчаны сотні лецішчаў гараджанаў.

(Спадар: ) “Я сам дачнік. Мая дача ў каапэратыве інстытуту “Гіпражыўмаш”. Мер ніякіх не прымалі — тарфянік гарыць трэці месяц. Зямля ўся ўпала, падгарэла і абвальваецца ўніз. Калі чалавек туды праваліцца, яго адтуль ня выцягнеш. Там глыбіня тарфяніка два з паловай мэтра. Ён і гарыць. Дыхаць няма чым — дым, угарны газ”, — апавёў гараджанін, які назваўся Аляксандрам Пятровічам.

Напрыканцы мінулага тыдня ў Клёнках загарэўся яшчэ адзін тарфяны масіў, парослы хмызьняком і маладымі бярозамі. Густы едкі дым падымаецца над пажоўклым кустоўем.

(Вясковец: ) “Во торф гарыць! Дні чатыры ўжо. Раніцай выходжу, вочы выядае гэты дым”, — паказвае чарговы ачаг пажару вясковец Пётар.

Людзі сталі скардзіцца, баяцца, што агонь зьнішчыць іх лецішчы. І ўжо два дні пажарныя машыны імкнуцца патушыць тарфянік у Клёнках. Але пакуль безвынікова.

Прэсавы сакратар рэгіянальнай управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Руслан Габрылёў распавёў, што апошнім часам за суткі ва ўправу паступае да трыццаці паведамленьняў пра лясныя ды тарфяныя пажары.

Цяпер у лясах і на балотах багата паляўнічых і зборшчыкаў журавінаў. Неахайнасьць зь недакуранымі цыгарэтамі ды распальваньне ў сухое надвор’е вогнішчаў і спрычыняюцца да шматлікіх пажараў. На заражаных землях разам з дымам узьнімаецца ў паветра і радыяцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG