Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурная суполка “Бум-бам-літ” сьвяткуе 10-годзьдзе


Валянціна Аксак, Менск Усе гэтыя дзесяць гадоў пра іх казалі і пісалі больш крытычна, чым прыхільна. Але яны застануцца ў гісторыі беларускае літаратуры, бо ня проста стваралі новыя паводле зьместу і формы мастацкія тэксты, а канцэптуальна расхінулі беларускую літаратурную прастору ў эўрапейскую культурную і часавую пэрспэктыву. Так у інтэрвію нашаму радыё ахарактарызаваў ролю суполкі “Бум-бам-літ” у сучасным літаратурным працэсе знаны філёзаф і культуролягВалянцін Акудовіч.

Сваё дзесяцігодзьдзе “Бум-бам-літ” адзначае вялікай імпрэзай у Доме літаратара. У яе праграме прадстаўлены ўсе творчыя жанры, якімі суполка за часы свайго існаваньня ўражвала, зьдзіўляла, а часта і шакавала публіку. Але гэта ўжо хутчэй даніна павагі гісторыі сваёй супольнай творчасьці, чым новыя мастацкія знаходкі, кажа былы каардынатар “Бум-бам-літу” Зьміцер Вішнёў:

(Вішнёў: ) “Мы ўжо ня тыя, хто грукаў у тазік у 1995 годзе. Усё ж такі пішам сур’ёзныя, я спадзяюся, і не зусім сур’ёзныя кнігі”.

Праз суполку за часы яе існаваньня прайшло звыш ста маладых літаратараў, але сталымі “бумбамлітаўцамі” зь іх заставаліся каля трыццаці. На творчым рахунку бальшыні ўжо дзьве-тры кнігі. Некаторых, як да прыкладу Альгерда Бахарэвіча, Ільлю Сіна, актыўна перакладаюць на нямецкую, украінскую, чэскую мовы. Вальжына Морт летась стала ляўрэаткай міжнароднага паэтычнага фэсту ў Славеніі, і цяпер яе друкуюць у некалькіх ангельскамоўных выданьнях. Сябры суполкі запачаткавалі і выдаюць часопіс “Тэксты”.

Але набыткі “бумбамлітаўцаў” палягаюць ня ў колькасьці і нават ня ў якасьці створаных тэкстаў і выдадзеных кнігаў, лічыць знаны філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч. З усіх нефармальных творчых суполак, якія існавалі ў беларускім літаратурным працэсе, “Бум-бам-літ” адрозьніваецца тым, што істотна паўплываў на зьмены эстэтычнай прасторы.

(Акудовіч: ) “Гэта, канечне, толькі пэўны фрагмэнт ад цэлага цела беларускае сучаснае літаратуры, але бяз гэтага фрагмэнту яна была б значна бяднейшай. І канцэптуальна бяднейшай. Таму што “Бум-бам-літ” — ня проста яшчэ адна суполка, ён канцэптуальна зьмяніў сытуацыю, рассунуўшы яе і ў пэрспэктыву эўрапейскай літаратуры, і ў пэрспэктыву часу”.

Сёньняшняя вечарына суполкі называецца “Хаўтуры па “Бум-бам-ліце”.Чаму так трагічна, тлумачыць Зьміцер Вішнёў:

(Вішнёў: ) “Літаратары, якія атабарыліся вакол гэтага руху, сёньня ўжо адасобіліся, і кожны займаецца сваёй уласнай творчасьцю, яны проста перарасьлі сваё літаратурнае дзяцінства”.

Калектыўны грукат у славуты тазік “бумбамлітаўцаў” пачуты. Застаецца спадзяваньне пачуць сола кожнага на флейце, зробленай з таго меднага тазіка.
XS
SM
MD
LG