Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міхаіл Марыніч просіць вызваліць яго з-за пагаршэньня здароўя


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч, які адбывае пакараньне ў менскай калёніі, зьвярнуўся да адміністрацыі з просьбай аб датэрміновым вызваленьні з прычыны стану здароўя. Міхаіл Марыніч скардзіцца на пагаршэньне здароўя і адсутнасьць неабходнага лячэньня ў калёніі.

Пра пагаршэньне здароўя Міхаіла Марыніча расказала Радыё Свабода ягоная жонка Тацяна. Жанчына спаслалася на апошнія лісты, якія яна атрымала ад мужа зь менскай калёніі:

(Тацяна Марыніч: ) “На жаль, у яго зноў зьнікла адчувальнасьць левай паловы тулава, узмацніліся болі ў руцэ і назе. Аб гэтым ён паведамляе дактарам, але, на жаль, пакуль ніякага рашэньня аб датэрміновым вызваленьні не прынята. Ён зьвярнуўся з заявай на імя начальніка калёніі аб датэрміновым вызваленьні”.

Тацяна Марыніч нагадала, што дзейнічае адмысловая сумесная пастанова міністэрстваў аховы здароўя і ўнутраных справаў, якой зацьверджаны сьпіс хваробаў, пры якіх магчымае датэрміновае вызваленьне. У Міхаіла Марыніча арытмія сэрца, ён перанёс інсульт і інфаркт — тыя хваробы, якія ёсьць у гэтым сьпісе. Паводле Тацяны Марыніч, яе муж спадзяецца, што гэта будзе ўлічана пры разглядзе заявы.

Таксама Тацяна Марыніч паведаміла, што муж накіраваў скаргу на папярэдняе рашэньне турэмнай камісіі, якая адмовіла яму ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Нагадаю, гэта было ў верасьні. Рашэньня камісіі ў менскай калёніі не камэнтуюць, аднак зь іншых крыніцаў вядома, што сябры камісіі вырашылі, нібыта Марыніч “недастаткова” праявіў сябе на шляху выпраўленьня. Вядома, што былы міністар і амбасадар, які пайшоў у апазыцыю, гэтак і не прызнаў сябе вінаватым і не адмовіўся ад заяваў аб тым, што яго справа ёсьць палітычнай.

Паводле некаторых зьвестак, аўтарытэт Міхаіла Марыніча ў калёніі застаецца высокім, пра ягоны лёс ведаюць іншыя вязьні, яны шукаюць зь ім кантактаў і спрабуюць яму дапамагчы. Былы вязень, які сустракаўся зь Міхаілам Марынічам ў менскім турэмным шпіталі, кажа, што Марыніч апавядаў яму пра жорсткае абыходжаньне зь ім аршанскіх турэмшчыкаў:

(Спадар: ) “Расказваў, што ў аршанскай калёніі праляжаў з інсультам амаль тыдзень, а ў газэтах пісалі, што толькі два дні. І цягам гэтых дзён нібыта загад быў ад адміністрацыі, да яго ніхто не падыходзіў зь лекараў. А што ім? Усё роўна. У калёніі чалавек памрэ — сьпішуць і ўсё, нічога ім ня будзе”.

У менскай калёніі адмаўляюцца камэнтаваць зьвесткі пра тое, што Міхаіл Марыніч адчувае сябе горш і просіць датэрміновага вызваленьня. Раней у Дэпартамэнце выкананьня пакараньня неаднаразова заяўлялі, што Міхаілу Марынічу аказваецца ў калёніі неабходная мэдычная дапамога.

Міхаіл Марыніч быў арыштаваны ў красавіку 2004 году і пазьней асуджаны на 3,5 гады зьняволеньня паводле абвінавачваньня ў крадзяжы маёмасьці недзяржаўнай арганізацыі, якую ён узначальваў. Сёлета яму зьменшылі тэрмін пакараньня на адзін год па амністыі, але ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні адмовілі.
XS
SM
MD
LG