Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Jane''s: Латвія далучаецца ад ціску на рэжым Лукашэнкі


Кастусь Бандарук, Прага Аўтарытарны рэжым у Беларусі і нерашучае стаўленьне да яго з боку заходнеэўрапэйскіх краін выклікае ўсё большую занепакоенасьць з боку суседніх зь Беларусьсю краінаў. Да ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі з боку Польшчы і Літвы далучылася Латвія. Аб гэтым паведамляецца ў справаздачы брытанскай інфармацыйна-анлітычнай групы “Jane’s”.

З часу далучэньня да Эўразьвязу балтыйскія рэспублікі выпрацавалі ў дачыненьні да краінаў СНД палітыку “шчыльнага суседзтва” маючы на ўвазе болей эканамічнае супрацоўнітцва, чым пашырэньне ідэалаў свабоды і дэмакратыі. Аднак латыскія эўрадэпутаты лічаць сваім абавязкам усталяваньне дэмакратычных свабодаў ў Беларусі. Яны ініцыююць розныя дэбаты, выступаюць з пэтыцыямі і арганізуюць візыты беларускіх дысыдэнтаў ў балтыйскія рэспублікі.

Паводле дэпутата Алдыса Кушкіса, у адрозьненьне ад новых сяброў Эўразьвязу, у якіх яшчэ жывая памяць пра рэпрэсіі ў савецкім стылі, старыя эўрапейцы не ўсьведамляюць сапраўднага аблічча беларускага рэжыму. Яны наіўна вераць у афіцыйную прапаганду, у тое, што ў Беларусі нармальна дзейнічаюць розныя палітычныя партыі, і нават не дапускаюць думкі, што аўтакратычная сыстэма магчымая ў наш час.

Нежаданьне больш рашуча асудзіць беларускі рэжым часткова выплывае з заходняга прагматызму і эканамічнай выгады. Яркім прыкладам такога блізарукага прагматызму, які бярэ верх над прынцыпамі, зьяўляецца той факт, што нямецкі Бундэсвэр замаўляе мундзіры для дзяржаўнай паліцыі ў Дзяржынску, горадзе названым імем заснавальніка НКВД.

У Беларусі няма свабоднага рынку -- кажа Кушкіс, а заходнія інвэстары павінны дзейнічаць у рамках вызначаных дзяржаўным апаратам. Паводле Іевы Купцэ, лідэра недзяржаўнай арганізацыі “Адкрытая Беларусь”, “гэта недарэчна, што 300 кілямэтраў ад Рыгі існуе рэжым у савецкім стылі”. Лукашэнка стварыў сыстэму кантраляванай свабоды -- лічыць яна. Ва ўмовах глябалізацыі ён ня можа сабе дазволіць поўнай ізаляцыі краіны, ён дазваляе грамадзянам падарожнічаць за мяжу, дазваляе прадпрымальніцкую дзейнасьць, але ўсё ўважліва кантралюе.

Латыскія прадпрымальнікі, якім цяжка спаборнічаць на заходніх рынках, хацелі б мець больш шырокі доступ да 10-мільённага беларускага рынку, але бізнэс у Беларусі -- вельмі рызыкоўная справа. Праўда, латыскі гандлёвы абмен зь Беларусьсю ў 5 разоў перавышае аналягічны абмен зь іншымі балтыйскімі рэспублікамі, але ён мог бы быць значна большы. Неабходна плаціць беларускай дзяржаве розныя зборы, на школы альбо шпіталі, а ўлады ў любы момант могуць закрыць прадпрыемства, у прыватнасьці за падтрымку недзяржаўных арганізацыяў.

Латвія, Эстонія, Літва і Польшча стварылі ўрадавыя рабочыя групы, якія спрабуюць выпрацаваць сумесную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, аднак латыскія палітыкі ня вераць у эфэктыўнасьць вонкавага ўплыву на рэжым Лукашэнкі. На думку былога дарадцы прэзыдэнта Вайры Вікэ-Фрэйбэргі Андрэйса Пілдэговічса, каб у краіне маглі адбыцца палітычныя зьмены, сам народ павінен хацець гэтага. Ніхто ня можа вызваліць краіну звонку.

Нам гэта можа не падабацца, кажа Пілдэговічс, але рэжым Лукашэнкі можа быць асілены ураганам рэвалюцыі толькі тады, калі зьмены падтрымае палова беларускага грамадзтва.
XS
SM
MD
LG