Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” дайшла да падпісчыкаў (абноўлены)


Ганна Соусь, Менск Падпісчыкі атрымалі чарговы нумар недзяржаўнай газэты “Народная Воля”. Ён прысьвечаны Кангрэсу дэмакратычных сілаў і адзінаму кандыдату на прэзыдэнта ад апазыцыі Аляксандру Мілінкевічу. Праз падпіску ў належныя тэрміны па краіне сёньня было распаўсюджана 16 тысяч асобнікаў “Народнай Волі”, яшчэ 11 тысяч асобнікаў накладу будуць раздадзены бясплатна.

Сёньня раніцай у кабінэце галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча ляжалі некалькі дзясяткаў стосаў са сьвежым нумарам газэты — усяго каля 11 тысяч асобнікаў. Гэтая частка накладу звычайна распаўсюджвалася праз сыстэму “Белсаюздруку”, які ў аднабаковым парадку скасаваў дамову з 1 кастрычніка.

Іосіф Сярэдзіч не хаваў радасных пачуцьцяў. Выхад “Народнай Волі” не ўдалося спыніць ні на адзін дзень, нягледзячы на ўсе перашкоды. 3 кастрычніка была заключаная дамова са Смаленскай друкарняй, у гэты ж дзень у Менску былі аформленыя ўсе неабходныя паперы ў банку і мытным камітэце, і ўжо ўчора ўвечары надрукаваны наклад прыбыў у Менск і праз сыстэму “Белпошты” сёньня раніцай быў разьвезены падпісчыкам па ўсёй Беларусі.

Сёньня Іосіф Сярэдзіч падзякаваў усім супрацоўнікам рэдакцыі за плённую працу над нумарам, прысьвечаным Кангрэсу дэмакратычных сілаў, і паведаміў, што “Народная Воля” як была, так і застаецца штодзённай газэтай. Адзінае, што крыху страціць у апэратыўнасьці з той прычыны, што цяпер вымушаная друкавацца за мяжой.

Іосіф Сярэдзіч не губляе надзеі вырашыць сытуацыю з распаўсюдам выданьня праз сыстэму “Белсаюздруку” ў Міністэрстве інфармацыі. Сёньня ён плянаваў сустрэцца зь міністрам інфармацыі Ўладзімерам Русакевічам, аднак той, паводле супрацоўнікаў міністэрства, захварэў. Намесьніца міністра Лілія Ананіч адмовілаіся сустрэцца з рэдактарам “Народнай Волі”, спаслаўшыся на напружанасьць працоўнага графіку.

Якім чынам будуць распаўсюджвацца 11 тысяч асобнікаў накладу, якія раней прадаваліся праз шапікі “Белсаюздруку”? Частка сёньняшняга нумару будзе бясплатна перададзеная камандзе адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары Аляксандра Мілінкевіча. Пра далейшыя пляны распавядае шэф-рэдактар “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Гэтая частка накладу будзе распаўсюджвацца партыямі і грамадзкімі арганізацыямі. Зь імі дамоўленасьці ўжо ёсьць. Газэта будзе распаўсюджвацца такім чынам амаль што бясплатна. Пакуль ніякая з партыяў ня мае грошай на тое, каб купляць у нас частку накладу. Але на далейшае мы, канечне, хацелі б, каб частка накладу ўсё ж выкуплялася. Газэта, сапраўды, нідзе не прадаецца. Мы спадзяваліся, што будуць прадаваць яе ў шапіках “Белпошты”, але, нават не скасаваўшы з намі дамоўленасьцяў, яны ўсё ж продаж газэты ў розьніцу прыпынілі. Я рэкамэндую зьвяртацца ў офісы грамадзкіх арганізацыяў ці палітычных партыяў альбо прыходзіць да нас у рэдакцыю, дзе ў нас ёсьць частка накладу, якую мы даем людзям”.

Нагадаем, што на мінулым тыдні друкарня “Чырвоная зорка”, прадпрыемства “Белсаюздрук” і яго падразьдзяленьні ў аднабаковым парадку з 1 кастрычніка скасавалі дамовы з “Народнай Воляй” на распаўсюд і друкаваньне выданьня.
XS
SM
MD
LG