Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

25 гадоў таму загінуў Пётр Машэраў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чацьвертага кастрычніка спаўняецца чвэрць стагодзьдзя як ня стала кіраўніка тагачаснай БССР, першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Пятра Машэрава. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён загінуў у аўтамабільнай аварыі. Між тым шмат хто дагэтуль не выключае крамлёўскай змовы супраць папулярнага ў Савецкім Саюзе беларускага лідэра.

Я знаходжуся на гэтак званым “машэраўскім перакрыжаваньні”. Тут 4 кастрычніка 1980 году загінуў у аўтакатастрофе Пётр Машэраў. Гэта на шашы Менск–Масква, побач з паваротам на Смалявіцкую птушкафабрыку. Дарэчы, тое месца ніяк не абазначанае... Хоць здавён у народзе ёсьць традыцыя ставіць хаця б невялічкія помнікі там, дзе на дарогах трагічна гінулі нават звычайныя людзі...

Адзіным арыенцірам можна лічыць пабудаваны дакладна ў дваццаці мэтрах ад месца гібелі Машэрава латочак, за якім мясцовыя жыхары гандлююць гароднінай ды бульбай. Дарэчы, машына першага сакратара ЦК КПБ сутыкнулася з грузавіком, які вёз калгасную бульбу.

Да сырэн Елізавета Граковіч, вокны дома якой выходзяць на “машэраўскае перакрыжаваньне”, прызвычаілася. Нават трагічныя ўрокі забываюцца вельмі хутка: дужа “высокае” начальства па-ранейшаму не зважае на правілы дарожнага руху – проста “лётае” туды-сюды... Нярэдка яна становіцца сьведкай чарговай аварыі... І тады жанчына згадвае далёкі кастрычніцкі дзень, калі пачула праз вакно пранізьлівы віск тармазоў, а ўсьлед -- моцны грохат... Яна зірнула ў вакно, убачыла чорную “Чайку” поперак дарогі і полымя, якое ўжо падымалася над грузавіком побач з рэдкім шыкоўным аўто. Потым ужо імкліва падляцела белая “Волга” суправаджэньня.

(Граковіч: ) “Яны як ўдарыліся, дык гэтая машына белая пад’ехала, хлопцы тыя адразу заднюю дзьвёрку рванулі на сябе, а там Машэраў, апусьціўшы галаву. А я адсюль бягу, “Ай-яй-яй”, -- крычу. Памятаю, у чорным строі, белая кашуля на ім была апранутая. Адзін пад ногі, другі пад плечы – пасадзілі -- і на Смалявічы”.

Еду ў адваротны бок, праз пяць кілямэтраў зварочваю з шашы ўправа і вось ужо ў вёсцы з паэтычнай назвай Ялоўка. Гэта тут жыў тады і дагэтуль жыве Мікалай Пуставіт -- той самы вадзіцель грузавіка з бульбай, які сутыкнуўся з машэраўскай “Чайкай”. Мікалая Пуставіта суд прызнаў вінаватым ў забойстве паводле неасьцярожнасьці. Прычым ажно трох чалавек: першага сакратара Кампартыі Беларусі Пятра Машэрава, ягонага вадзіцеля Яўгена Зайцава і ахоўніка з КГБ Валянціна Часнакова. Пуставіту далі 15 гадоў зьняволеньня – найцяжэйшае тады пакараньне пасьля сьмяротнага прыгавору. Адсядзеў ён значна менш -- без малога пяць год. Чым займаецца зараз? Звыкла круціць баранку аўтамабіля: на сучаснай фуры калясіць па дарогах Эўропы. Мікалай Пуставіт дальнабойшчык, цяпер ён ў Нямеччыне ў камандзіроўцы і калі прыедзе, паводле ягонай жонкі Тамары, невядома. Ды і не захоча сустракацца з журналістам, перакананая жанчына.

(Жонка Пуставіта: ) “Ня трэба, не чапайце вы яго нэрвы ды не чапайце вы ягонага здароўя. А то зараз ізноў пачнецца... Чаму мяне не пытаў ніхто, калі ў мяне дзеці былі малыя і я гадавала адна іх? А то дапісаліся, што грошай шмат атрымаў і кватэру мае двухпакаёвую ў Менску! Усялякую лухту зьбіралі...”

Чуткі пра тое, што зь Мікалаем Пуставітам нібыта шчодра расплаціліся тыя, хто замовіў забойства Машэрава, зьявіліся ў 1990-х. Тады модна стала пераглядаць афіцыйныя вэрсіі сьмерці папулярных людзей, а што Пятра Машэрава любілі ня толькі ў Беларусі, але і па ўсім Савецкім Саюзе – гэта факт.

Мэханік былога гаражу ЦК КПБ Васіль Кур’яновіч працаваў у зьмене, якая рыхтавала машэраўскую “Чайку” да апошняга рэйсу. Вэтэран клянецца: аўтамабіль быў спраўным, хоць і ня новым, і цалкам выключае, што аварыю справакавала наўмысная тэхнічная непаладка. Спадар Кур’яновіч з сумам кажа, што пра апошнюю вэрсію зь ім размаўлялі дзясяткі людзей, у тым ліку і “вельмі сур’ёзных”... Ды хіба толькі ў Менску?

(Кур’яновіч: ) “Пасьля той аварыі, можа гадоў празь пяць, быў у Трускаўцы, у санаторы. Дык там і заходнія ўкраінцы, ды іншыя, нават з Сібіры казалі, што гэта мы забілі Пятра Міронавіча. Маўляў, пагубілі Машэрава. Відаць таму, што чуткі ішлі, нібыта Пётар Міронавіч прэтэндаваў на першую асобу ў Саюзе”.

А што цяпер думаюць ў Беларусі пра гібель Машэрава?

(Жанчына: ) “ Мяркую, гэта ўсё ж была катастрофа. Бо хочацца верыць, што ў нас не настолькі нягодныя людзі і не настолькі моцныя гэтыя сілы, каб яны маглі гэта зрабіць”. (Мужчына: ) “Маё меркаваньне, што гэта састроілі. Я не адсюль, з Расеі, калі гэта здарылася, мяне тут не было, але ад мясцовых я чуў, што гэта было састроена”. (Мужчына: ) “Скажу гэтак, што камусьці ён быў упоперак дарогі, быў. Сваёй шчырасьцю, сваім стаўленьнем да народу. Але каб нешта было састроена... Я як раз па той шашы праходзіў, я там ў санаторыі лячыўся і пасьля той аварыі быў на тым месцы. Таму, гэта не. Але што ён быў для кагосьці непажаданым, ў гэтым я перакананы”. (Жанчына: ) “Ня ведаю, што і думаць. Я тады была зусім маладая, палітыкай зусім не цікавілася. Але я таксама чула ад старэйшых людзей, тую вэрсію, што маўляў нехта нешта зрабіў. Што гэта ўсё не проста. І гэтак можа і быць”.

Гісторыя аварыяў з удзелам першых асобаў Беларусі сапраўды давала падставы меркаваць самае рознае. Да Пятра Машэрава ў аварыі загінуў старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Фёдар Сурганаў, яшчэ раней – намесьнік старшыні ўраду Рыгор Кісялёў... Такога не здаралася ў ніводнай з тагачасных савецкіх рэспублік. Цяжка ўявіць, што КГБ і дзяржаўная аўтаінспэкцыя БССР не зрабілі высноваў з тых трагедый. Невыпадкова журналіст і дасьледчык Славамір Антановіч, аўтар кнігі пра Пятра Машэрава, лічыць: ахоўнікі з супрацоўнікамі ДАІ таксама нясуць адказнасьць за ягоную сьмерць. А вось што кажа спадар Антановіч пра вэрсію нібыта “замовы Крамля”:

(Антановіч: ) “У 2000 годзе адзін вядучы перадачы цэнтральнага тэлебачаньня прыяжджаў сюды і кінуў фразу пра нейкія чуткі, што ходзяць пра Галіну Брэжневу, пра дыяманты ў сувязі з Машэравым. Была яна тут, мяжу перасякала, але прычым тут Машэраў? Ён бы і не пасьмеў супрацьдзейнічаць. Ён быў звычайным закладнікам той сыстэмы адміністрацыйна-гаспадарчай, як мы яе называем зараз. Абойма круцілася, усё кантралявалася... Каб ён асабіста нейкае самастойнае рашэньне прымаў – не было такога”.

Напрыканцы 1990-х гадоў, калі ішлі чарговыя выбары ў беларускі парлямэнт, тэма магчымага забойства першага сакратара ЦК КПБ загучала і зь беларускіх крыніцаў. У тым ліку яе агучвала дачка Машэрава, Натальля Пятроўна. Аднак пэўных доказаў таго, што сьмерць бацькі не была выпадковасьцю, не прадставіла нават яна.

Беларусі гісторык Віталь Скалабан лічыць, што такім доказам, нават калі яны і ёсьць, яшчэ ня час зьявіцца, бо ўсур’ёз архівы і дакумэнты, зьвязаныя зь гібельлю Машэрава, яшчэ ня вывучаныя.

(Скалабан: ) “Праблем вельмі шмат. Ня выключана, што зьвязана гэта з разборкамі наверсе. Тым больш, Беларусь як памежная рэспубліка зьвязаная з мяжой. Ёсьць такая вэрсія. Але трэба складваць усё гэта ў такі ланцужок, вывучаць. Трэба вывучаць і нашы архівы, і маскоўскія, расейцы зараз шмат што друкуюць. І вывучаць успаміны людзей, якія там былі”.

Пра успаміны. Пяць гадоў таму вадзіцель Мікалай Пуставіт, які ўжо 10 гадоў быў на волі, нечакана даў інтэрвію “Белорусской деловой газете”. Журналістка Марына Загорская ўзгадвае Пуставіта як вельмі маральнага чалавека: ён не адмаўляўся ад сваёй віны і як вадзіцель, і як чалавек веруючы. Як прафэсіянал -- што ня здолеў пазьбегнуць аварыі. Як вернік -- што мае адносіны да сьмерці адразу трох душ...

Кожны год, са словаў Загорскай, Пуставіт ходзіць на менскія Ўсходнія могілкі і ўскладае кветкі на магілы Машэрава, ягонага вадзіцеля Зайцава і ахоўніка Часнакова. Але Мікалай Пуставіт нязгодны, што толькі ён адзін адказвае за тую трагедыю, і спадзяецца: калісьці прысуд яму будзе перагледжаны. Хаця б тымі, хто мае дачыненьне да аварыі.

(Загорская: ) “Пакуль яшчэ жывыя тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў гэтай аварыі, яны павінны сустрэцца і абмеркаваць, што ж тады здарылася. Бо жывы вадзіцель МАЗа, які прытармазіў перад ім, якога Пуставіт хацеў абагнаць, жывыя людзі з суправаджэньня гэтай “Чайкі”, вадзіцелі і міліцыянты з гэтых машын. А яшчэ ён мне казаў пра тое, што ў Зайцава, які сядзеў за рулём “Чайцы”, было 6 мэтраў на асфальце і 3 мэтры на паласе разгону, каб абмінуць яго і не сутыкнуцца. Але Зайцаў загінуў і ня можа сказаць, што там здарылася насамрэч. А Пуставіт пасьля сутыкненьня страціў прытомнасьць і ачуняў, калі ўбачыў, што сядзіць сярод полымя ў машыне і не можа выбрацца з яе. А зразумеў, што здарылася, ужо ў турэмным шпіталі на “Валадарцы”.

Але пакуль ні сьведкі, ні экспэрты, ні дзейныя палітыкі ня дужа ахвотна згадваюць пра тую трагедыю. Нават сёньня, на 25-ю яе гадавіну. Вось і сваякі Мікалая Пуставіта, і дачка Машэрава Натальля адмовіліся ад размовы – абачліва спаслаліся на розныя жыцьцёвыя абставіны. Асабіста мне пасьля гэтага ня дзіўна, што на “машэраўскім перакрыжаваньні “ няма таблічкі нават з такім ляканічным надпісам: “Тут чацьвертага кастрычніка 1980 году загінуў Пётар Машэраў”.
XS
SM
MD
LG