Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брата Анжалікі Борыс прымушаюць звольніцца зь міліцыі? (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Паводле кіраўніка Саюзу палякаў Анжалікі Борыс, якую не прызнаюць улады, яе брата — капітана міліцыі Віктара Борыса прымушаюць звольніцца са службы. Сам ён гаворыць, што зможа расказаць падрабязнасьці толькі ў панядзелак, калі наконт яго службы ўсё канчаткова вырашыцца.

Капітан Віктар Борыс служыць у Гарадзенскім райаддзеле міліцыі. Анжаліка Борыс паведаміла мне, што яе брата выклікала кіраўніцтва абласной міліцыі, яму сказалі пісаць рапарт і звальняцца. А вось што адносна капітана Борыса мне сказаў начальнік абласной міліцыі Генадзь Хацько:

(Хацько:) “У нас, напэўна, адна траціна палякаў працуюць. Я не разумею, шчыра кажучы, аб чым вы гаворыце. Я ведаю, што яе брат працуе, па-мойму, у Гарадзенскім райаддзеле, ну й што? Хай працуе, ён, кажуць, дабрасумленны супрацоўнік”.

Спадар Хацько сказаў, што ў яго асабіста пытаньняў да капітана Борыса няма.

Сёньня Віктар Борыс быў на нарадзе ўчастковых інспэктараў. Пасьля яе заканчэньня ён паведаміў наступнае:

(Віктар Борыс:) “Я на сёньняшні дзень не магу пакуль нічога сказаць, я яшчэ працую ў органах унутраных справаў. Пытаньне маё нібы ўжо вырашана, але я яшчэ супрацоўнік міліцыі”.

Анжаліка Борыс перакананая, што брату хочуць адпомсьціць за яе дзейнасьць у якасьці старшыні Саюзу палякаў. Яна гаворыць, што раней яе саму выклікалі ў абласную міліцыю, дзе папярэдзілі, каб яна адмовілася ад сваёй дзейнасьці і сказалі, што інакш у яе родных могуць быць праблемы. Спадарыня Борыс лічыць, што гэта быў намёк на яе брата.

Яна гаворыць, што Віктар не зьяўляецца сябрам Саюзу палякаў, але ён падпісаў ліст ў падтрымку СПБ, які накіравалі прэзыдэнту Лукашэнку. Пад гэтым лістом паставілі подпісы каля трох тысяч чалавек, сярод іх і некалькі міліцыянтаў. Анжаліка Борыс мяркуе, што яны зараз могуць пацярпець за сваю сьмеласьць.
XS
SM
MD
LG