Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гістарычнай частцы Менску ідзе “экскаватарная рэстаўрацыя”


Ігар Карней, Менск З дазволу менскіх уладаў у гістарычным цэнтры сталіцы працягваюць зьнішчацца будынкі, якія ўнесеныя ў “Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў”. Чарговай ахвярай сталі два жылыя дамы ХІХ стагодзьдзя на скрыжаваньні вуліц Няміга і Калектарная.

Год таму два дамы з чырвонай цэглы, узьведзеныя на рагу вуліцаў Няміга і цяперашняй Калектарнай у ХІХ стагодзьдзі, былі агароджаныя і падрыхтаваныя да рэстаўрацыйных работаў. Аднак пры канцы мінулага тыдня за агароджай нечакана зьявілася цяжкая тэхніка і пачала руйнаваць будынкі, якія лічацца помнікамі архітэктуры. Расказвае гісторык Уладзімер Дзянісаў.

(Дзянісаў: ) “Я ведаю, што аб’ект знаходзіцца пад аховай, бо ўключаны ў “Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў”. Хоць, на думку чыноўнікаў, гэта, можа, і ёсьць абяцаная рэстаўрацыя”. (Карэспандэнт: ) “Але з дапамогай экскаватараў наўрад ці робяць рэстаўрацыю…”. (Дзянісаў: ) “Магчыма, гэта выключна нашае адкрыцьцё – “экскаватарная рэстаўрацыя”. Я ведаю, што на гэты аб’ект быў распрацаваны праект рэстаўрацыі. Да таго ж, будынак сам яшчэ моцны; дах, сьцены вельмі трывалыя, усё было на месцы. Таму можна толькі здагадвацца, што сталася падставай да яго разбурэньня. Увогуле, калісьці гэта былі жылыя дамы. Адзін зь іх зьвязаны з гістарычнымі падзеямі: там у пачатку ХХ стагодзьдзя адбыўся сіянісцкі кангрэс – калі не памыляюся, Другі ўсерасейскі кангрэс сіяністаў”.

Як мяркуюць спэцыялісты, нягледзячы на тое, што згаданыя будынкі ўнесеныя ў “Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў”, у абыход заканадаўчых нормаў яны маглі быць выкупленыя пад знос. А гэта значыць, што месца доўга пуставаць ня будзе – побач ужо месьцяцца офіс і рэстарацыя кампаніі “ЛУКойл”, “Белінвэстбанк”, узводзіцца дарагое жытло, і старыя пабудовы проста заміналі навабудам са шкла і бэтону. Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі кажа, што Менск, натуральна, мусіць разьвівацца, але не такім радыкальным чынам.

(Харэўскі: ) “Такі вялікі горад, як Менск, ня можа разьвівацца без частковага, фрагмэнтарнага зносу. Гэта натуральна. Але непакоіць некалькі фактараў. Першае, што гэта робіцца загадна-адміністратыўна. То бок, не зважаючы на рэальныя патрэбы. Таму што, калі неабходнасьць аб’ектыўная, тады праблема сама па сабе разьвязваецца. А калі прынятая проста так, фармальна дырэктыва зьнесьці палову старых забудоваў горада толькі дзеля таго, каб ён выглядаў неяк па-іншаму, то гэта патыхае абсурдам савецкіх часоў”.

Шэраг аўтарытэтных архітэктараў даўно б’юць трывогу з нагоды разбурэньня гістарычнага Верхняга гораду і прылеглых тэрыторый. Спадзяваньні на адпаведную рэакцыю з боку ўладаў пакуль ня спраўджваюцца. Ці можна гэта лічыць мэтанакіраванай палітыкай? Гаворыць старшыня Фонду культуры Уладзімер Гілеп.

(Гілеп: ) “Па праўдзе сказаць, я ніколі палітыкай не займаўся – прынамсі, у межах, якія называюцца вялікай палітыкай. Бо мая палітыка – гэта ахова помнікаў гісторыі і культуры. Таму, безумоўна, я катэгарычна супраць такіх дзеяньняў, якія асобныя бакі навязваюць. Ёсьць шмат іншых шляхоў, якімі можна йсьці, каб дасягнуць мэты, якую ставяць некаторыя палітыкі”.

Нядаўна мы расказвалі, што гісторыкі і архітэктары пратэставалі з нагоды плянаў зьнішчэньня прыватных пабудоваў ХІХ стагодзьдзя ў Паўночным завулку побач з Тэатрам музкамэдыі. Гэтае месца, на думку экспэртаў, найлепшае для стварэньня музэю драўлянага дойлідзтва пад адкрытым небам.

На здымках: З такімі шпаркімі тэмпамі “экскаватарнай рэстаўрацыі” ад помнікаў архітэктуры хутка нічога не застанецца.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG