Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Канстытуцыйны суд пакінуў "дазвольныя" штампы ў пашпартах на няпэўны тэрмін</B>


Алесь Дашчынскі, Менск Канстытуцыйны суд прыняў заключэньне ў справе, распачатай 5 верасьня гэтага году на прапанову Савету міністраў Беларусі — аб “дазвольным” штампе ў пашпартах беларускіх грамадзянаў. У ім гаворыцца, што адказныя дзяржаўныя структуры не прынялі неабходных мераў дзеля выкананьня рашэньня Канстытуцыйнага суду аб адмене штампу з 1 студзеня 2006 году. Улічваючы прапановы ўраду, падтрыманыя Палатай прадстаўнікоў (ініцыятарам вытворчасьці па справе), суд працягнуў выкананьне свайго рашэньня на нявызначаны тэрмін.

Такім чынам, грамадзяне, якія паверылі Канстытуцыйнаму суду і чакалі адмены “дазвольнага” штампу ў пашпарце 31 сьнежня гэтага году, мусяць зноў станавіцца ў чаргу па гэты штамп. На адзін год адзнака каштуе 25 500 рублёў.

Нагадаем, урад зьвярнуўся ў вышэйшы суд краіны з просьбай працягнуць выкананьне яго рашэньня ад 2002 году. Маўляў, не хапае грошай для стварэньня адпаведнай сыстэмы ўліку. Суд пайшоў насустрач і адмяніў сваю ранейшую дату, 31 сьнежня 2005. “Дазвольныя” штампы пакінуты на нявызначаны тэрмін. Суд толькі абавязвае дзяржорганы прыняць дадатковыя захады дзеля спрашчэньня парадку прастаўленьня штампу за грошы грамадзянаў.

Дзяржава атрымлівае значныя сродкі ў якасьці пошліны за штамп. Немалыя сумы атрыманы ў рамках саюзных праграмаў, зь дзяржаўнага бюджэту, па лініі міжнароднай дапамогі. Аднак іх нібыта не хапіла на стварэньне неабходнай сыстэму ўліку. Канстытуцыйны суд таксама зьвярнуў увагу на недасканалы кантроль за перамяшчэньнем грамадзянаў. Улічваючы сёньняшняе рашэньне, ці мае сілу ў краіне Канстытуцыйны суд? Пытаньне да судзьдзі-дакладчыка па справе Валянціна Шукліна:

(Шуклін: ) “Канстытуцыйны суд не распараджаецца бюджэтам. І ён ня можа выдаткаваць сродкі на фінансаваньне любой праграмы. Гэта не азначае, што Канстытуцыйны суд ня мае сілы. Гэта такая яго місія, напэўна, ва ўсіх краінах сьвету. Суд не распараджаецца грашовымі сродкамі”.

Вядома, што агалошаньне рашэньня суду некалькі разоў адкладвалася. Ці азначае гэта, што суд узгадняў сваё рашэньне з кіраўніком краіны?

(Шуклін: ) “Мы не ўзгаднялі гэтага рашэньня ні з кім зь дзяржаўных органаў. Проста пытаньне вельмі складанае. Мы разглядалі, ці можна паставіць пытаньне пра тэрмін выкананьня. Але мы ня можам, каб тэрмін выкананьня яшчэ раз пераносіўся. Таму што не было відаць, што дзяржаўныя органы гатовыя матэрыяльна, фінансава забясьпечаныя, каб зрабіць гэтую працу да пэўнага тэрміну”.

(Карэспандэнт: ) “Але пытаньне Канстытуцыйнага суду ня ў тым, як будзе выконваць урад ваша рашэньне, якія ў яго магчымасьці фінансавыя, тэхнічныя і гэтак далей. Ваша задача адсачыць, каб выконвалася Канстытуцыя”.

(Шуклін: ) “Вы што — прапануеце, каб мы не разглядалі гэтае пытаньне і з 1 студзеня 2006 году грамадзяне маглі б выяжджаць без адзнакі? А на мяжы іх не гатовыя сустрэць з пашпартам бяз штампу”.

(Карэспандэнт: ) “Але гэта праблема ўраду...”

(Шуклін: ) “Праблема ўраду і праблема прэзыдэнта... Мы ж ня можам ня ўлічваць, мы жывём у дзяржаве, Канстытуцыйны суд існуе ў дзяржаве Рэспубліка Беларусь”.

Праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак адзначае, што ўрад усё ж пэўную працэдуру павагі да Канстытуцыйнага суду выканаў. Але чаму суд пайшоў на такое рашэньне?

(Гулак: ) “Канстытуцыйны суд фактычна зьнівэляваў сваё рашэньне. Чаму грамадзяне павінны выпраўляць тыя хібы, якія дзяржава дапусьціла? Ніхто ж не пытаецца ў грамадзяніна, ці ёсьць у яго грошы заплаціць за штампік. Іншая справа, што цяпер і палітычная сытуацыя іншая. Дзяржава ўсё больш кантралюе перамяшчэньне людзей празь мяжу. Гэтая працэдура дзяржаве неабходная ў тым ліку ў палітычных мэтах”.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў заявіў:

(Пастухоў: ) “Суд павінен ставіць кропку зараз жа, як толькі ён выявіць парушэньне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Атрымліваецца, што Канстытуцыйны суд згаджаецца з прапановай ураду, з тым, каб гэтае парушэньне працягнуць на нявызначаны тэрмін. У дадзеным выпадку Канстытуцыйны суд паступае непрынцыпова. Ён як бы дае дазвол на парушэньне правоў чалавека і згодны мірыцца з такім парушэньнем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG