Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрэмальныя забавы ў горадзе


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы” (эфір 2 кастрычніка)

(Вольга Канапелька: ) “Маладыя людзі дасьледуюць падземны Менск: мэтро, каналізацыі і бамбасховішчы. Дыгер распавядае пра кантрасты жыцьця пад зямлёй і на паверхні”.

(Ягор Маёрчык: ) “З сутарэньняў мы падымаемся на зямлю. Начамі ў Менску праходзяць нелегальныя аўтамабільныя гонкі. У спаборніцтве можна выйграць грошы, а можна патрапіць у засаду міліцыянтаў і пазбавіцца правоў. Толькі ў нас споведзь гоншчыка”.

(Канапелька: ) “Зь зямлі мы паляцім у паветра і скокнем з парашутам. Пра адчуваньні вольнага падзеньня і пра тое, як выглядае зямля пад белымі крыламі парашута, у нашай перадачы”.

Гаворкі пра дыгераў

(Канапелька: ) “У мяне такое прадчуваньне, што зараз Маёрчык запытаецца, ці гатовая я дзеля праграмы “Маладыя галасы” павандраваць па сутарэньнях, каналізацыйных калектарах і бамбасховішчах...”

(Маёрчык: ) “Волечка, я і так ведаю, што гатовая, таму нават пытацца ня буду”.

(Канапелька: ) “Што?!”

(Маёрчык: ) “Гэта быў жарт, супакойся”.

(Канапелька: ) “Дзякуй Богу!”

(Маёрчык: ) “Лепей ты ў нас з парашутам будзеш скакаць”.

(Канапелька: ) “Яшчэ лепей!”

(Маёрчык: ) “А гэта зусім ня жарт. А што да дыгераў (менавіта так называюцца аматары вандровак па падземных камунікацыях), яны людзі досыць спэцыфічныя — такія пахмурныя і ня надта гаваркія. І самае галоўнае, ім усё адно, што думаюць навакольныя людзі пра іхнае захапленьне. Дарэчы, тваё якое меркаваньне пра дыгерства?”

(Канапелька: ) “Ну, калі размова пра пахмурных і ня надта гаваркіх людзей, то мяне гэтае захапленьне не цікавіць. Дый што цікавага можна знайсьці ў каналізацыі, акрамя таго што ня тоне, ды статкаў пацукоў. Дзякуй, але ж гэтае відовішча не для мяне. А ці шмат дыгераў сярод моладзі?”

(Маёрчык: ) “Гэта ня самая распаўсюджаная забава. У Менску аматараў бавіць вольны час у сутарэньнях і каналізацыях ня болей за паўсотні. Хлопец, які хаваецца пад мянушкай Тэстар, адзін зь першых дыгераў у Менску. На маю просьбу апісаць сваё захапленьне, ён адказаў…”

(Тэстэр: ) “Гэта дасьледаваньне падземных камунікацыяў: каналізацыі рознага тыпу, мэтро, кабэльныя калектары, падвалы, бамбасховішчы, нейкія проста хады-пераходы. Асноўная мэта — эстэтычная”.

(Маёрчык: ) “Якая эстэтыка можа быць у сутарэньнях, у каналізацыях?”

(Тэстэр: ) “Мабыць, у тым кантрасьце паміж сьветам, у якім жывуць штодзённа, і тым, у які трапляюць. Мабыць, і проста нейкі прыгодніцкі азарт, нейкі экстрым. Самае цяжкае з гледзішча рэалізацыі — гэта мэтро. Самае лёгкае для мяне — калектары, падвалы. Бамбасховішчы таксама даволі цяжка. Даволі цяжка было іх знайсьці, у іх патрапіць. Яны ў нейкай ступені засакрэчаныя, яны вельмі добра зачыненыя часам бываюць, а мы стараемся ніколі не псаваць ні замкоў, ні дзьвярэй, ні сетак. Звычайна мы лезем туды, дзе ёсьць дзірка, альбо проста адчынена. Сваіх дзірак мы ніколі не рабілі ў сетках, замкоў не сьпілоўвалі. Калі ламаць кожную дзірку — нічым добрым гэта ня скончыцца”.

(Маёрчык: ) “Што вы бачылі пад зямлёй? З чым выпадала сутыкацца?”

(Тэстэр: ) “Пацукі”.

(Маёрчык: ) “Ня гідка?”

(Тэстэр: ) “Пацукі? Пацукі — зусім ня гідка. Вось павукі — гідка. Баюся павукоў, а пацукі для мяне нават цікавыя. Яны мяне баяцца болей, чым я. Памятаю, быў выпадак, калі заторы ў калектарах знаходзілі. У дзяржаўных установах ніхто нават не здагадваўся, што ў калектарах такое можа быць. Пасьля гэтага яны ўжо неяк інакш паглядзелі на тое, што там адбываецца, і нейкія меры прынялі”.

(Маёрчык: ) “Мапу Менску, у сэнсе вуліцаў, можна набыць ледзь ня ў кожным шапіку. Дзе вы бераце інфармацыю пра падземныя камунікацыі?”

(Тэстэр: ) “У асноўным складаем самі. У нас ёсьць людзі, якія займаюцца картаграфіяй. У іх ёсьць пэўнае абсталяваньне, тыя ж GPS-навігатары, і з дапамогай гэтага абсталяваньня яны складаюць карты, якія потым астатнім дапамагаюць”.

(Маёрчык: ) “Якая небясьпека ў вандраваньні па падземных камунікацыях?”

(Тэстэр: ) “Усё праходзіць добра, прынамсі, у нас няшчасных выпадкаў яшчэ не здаралася ніколі”.

Гаворкі пра начныя гонкі

(Маёрчык: ) “Спадарства, адкрою вам жахлівую таямніцу. Вольга Канапелька хуткім часам набудзе машыну. Па праўдзе, я з дрыжыкамі ў каленях чакаю, калі яна з шараговай пешаходніцы ператворыцца ў аўтааматарку. Ня тое што вуліцу пераходзіць, нават па ходніках рухацца стане небясьпечна. Мне нічога іншага не застанецца, як карыстацца выключна мэтро”.

(Канапелька: ) “Што ты людзей пужаеш? Што гэта за абразы!”

(Маёрчык: ) “Якая абраза!? Сама прыгадай, колькі ёсьць показак пра жанчыну за рулём”.

(Канапелька: ) “Мне такое падабаецца! Калі мужчына за баранкай памыляецца — гэта нармальна, з кім, маўляў, не бывае. А вось жанчыне няма літасьці! Адразу прыказкі, прымаўкі і байкі зьяўляюцца! Ягор, чым табе язда зь дзяўчынай-кіроўцай не спадабалася?”

(Маёрчык: ) “А мой страх, дарэчы, грунтуецца не на народным фальклёры, а на ўласным досьведзе. Некалькі разоў быў пасажырам машыны, за рулём якой сядзела дзяўчына. Адрэналіну, якія выпрацаваў мой арганізм, хапіла б на пяць чалавек”.

(Канапелька: ) “А я табе даводжу, што жанчыны кіруюць машынамі ня горш за мужчынаў!”

(Маёрчык: ) “Вось гэта сэнсацыя! Я не зьдзіўлюся, калі пасьля такіх заяваў глямурныя жаночыя часопісы арганізуюць сваю лігу “Формулы-1”.

(Канапелька: ) “Я працягну сваю думку: Жанчыны кіруюць машынамі ня горш за мужчынаў! І робім мы гэта так, як нас навучылі ў аўташколах. Скажыце, а хто там выкладае? Там вы ня знойдзеце ніводнай інструктаркі, спрэс адны мужыкі! Адпаведна, даражэнькія, як вы нас навучылі, так мы машынамі і кіруем”.

(Маёрчык: ) “У мяне болей няма аргумэнтаў супраць па-жаночаму жалезнай лёгікі Вольга Канапелькі. Я не зьдзіўлюся, што хуткім часам Вольга, ужо на ўласным аўто, захоча спаборнічаць у начных гонках па вуліцах Менску”.

(Канапелька: ) “А што? Добрая ідэя! Ты, Ягор, яшчэ ўнукам сваім з гонарам будзеш апавядаць, што быў са мной знаёмы!”

(Маёрчык: ) “Я тут вырашыў закласьці цаглінку ў падмурак тваёй славы. Уважліва слухай Андрэя — даўняга ўдзельніка нелегальных ралі. Магчыма, думка паўдзельнічаць у спаборніцтвах пакіне тваю галаву”.



(Андрэй: ) “Ставяцца дзьве машыны, і бярэцца прамая 402 мэтры. Хто хутчэй даедзе, той і перамог. Сэнс — добра пабавіць час, атрымаць адрэналін і выкінуць сваю энэргію”.

(Маёрчык: ) “Адлегласьць 402 мэтры. Адкуль вынікае гэтыя лічба?”

(Андрэй: ) “Здаецца, гэта адна чацьвертая мілі. Гэта да нас прыйшло з Амэрыкі. Раней была адна самая бясьпечная траса. Аднак на тое месца сталі часта наведвацца даішнікі, якім гэтая забава не падабалася. І цяпер яны яе папсавалі. Паставілі некалькі “сьпячых паліцэйскіх”, гэта такая штучная няроўнасьць дарогі. Калі вы будзеце ехаць з хуткасьцю болей за 20 кілямэтраў, і наедзеце на гэтую перашкоду, можна там і падвеску пакінуць”.

(Маёрчык: ) “У тым разе, калі гэтыя гонкі накрылі міліцыянты, што пагражае ўдзельнікам?”

(Андрэй: ) “Забіраюць правы. Будзе пасьля разьбіраньне і штраф. Звычайна прымаюцца захады, каб гэтага не адбылося. Пры канцы дыстанцыі стаіць некалькі машынаў з аварыйнымі сыгналамі. Калі хтосьці зьяўляецца, “аварыйкі” адразу гасяць. Усе могуць разьехацца”.

(Маёрчык: ) “А што за людзі ўдзельнічаюць у гэтых спаборніцтвах?”

(Андрэй: ) “Моладзь, якая захапляецца аўтамабілямі. У некага ёсьць свае машыны, а хтосьці бярэ ў бацькоў. Таксама ўдзельнічаюць людзі, якія захапляюцца т’юнінгам. Т’юнінг — гэта дапрацоўка аўтамабіля. Можа паставіць іншы бампэр, можна выразаць жабры на капоце, усталяваць спартовы руль і нэон-падсьветку. Удзельнічаюць машыны самыя розныя: ад старога “масквіча” да новых наварочаных “БМВ”. Вельмі шмат удзельнікаў прыяжджаюць на “хондах цывік” альбо на “гольфах” — гэта самыя папулярныя маркі”.

(Маёрчык: ) “Небясьпека чалавечага жыцьця — арганізатары такіх гонак робяць захады, каб абараніць людзей?”

(Андрэй: ) “Часам яны выстаўляюць фішкі. Часам усіх просяць стаяць на ўзбочыне — гэта калі гонкі праходзяць за горадам. І людзі слухаюцца. Бываюць і няшчасныя здарэньні. Раз на год якая-небудзь машына ўедзе ў гледачоў. Сёлета загінуў адзін чалавек”.

Гаворкі пра скачкі з парашутамі

(Маёрчык: ) “Зноў у цэнтры ўвагі мая каляжанка Вольга Канапелька”.

(Канапелька: ) “Сёньня мне столькі ўвагі, што ня ведаю, куды падзецца”.

(Маёрчык: ) “Так. З аўтаамараствам разабраліся, пераходзім да раней анансаваных скачкоў з парашутам”.

(Канапелька: ) “О-о-о! Я даўно пра гэта мару!”

(Маёрчык: ) “А што табе перашкаджае скокнуць? Ня ўмееш — навучаць за некалькі гадзінаў! Няма свайго парашуту — выдадуць у аэраклюбе! Чаго ты тармозіш? А можа, ты баісься?”

(Канапелька: ) “Я баюся?! Можа, толькі інструктараў! Бо калі скакаць з парашутам будуць вучыць, так жа, як на машыне езьдзіць, то сам разумееш, нічога добрага не атрымаецца. Сам жа потым скажаш, што ня так хутка ляцела, ці парашут занадта позна ці рана адкрыла. Карацей, знойдзеш да чаго прычапіцца. А напраўду, Ягор, няма мне кампаньёна. Мо разам скокнем ды ў паветры праграму запішам? Вось будзе файна: у аблоках, у эфіры “Маладыя галасы”! Пагаджаесься?”

(Маёрчык: ) “Гучыць вельмі спакусьліва. Але…”

(Канапелька: ) “Ты не баязьлівец, але баісься!”

(Маёрчык: ) “Ды не баюся я! Ды толькі няма часу пайсьці ў аэраклюб. Ты першая — а я за табою”.

(Канапелька: ) “Усе вы мужыкі такія, як што — то адразу ў кусты. І ўвесь цяжар гераічнага ўчынку кладзецца на жаночыя плечы”.

(Маёрчык: ) “Наадварот. Табе дастануцца ляўры першай вядучай “Маладых галасоў”, якая скокнула з парашутам. Я, дарэчы, не зьбіраюся хавацца, як ты выказалася, у кустах. І ўжо пачаў рыхтаваць цябе да палёту. Сустрэўся з зацятым скакуном Юрыем Паляковым. Вось ягоны аповед”.

(Палякоў: ) “Дзесьці ў 1999 годзе пачуў, што дзесьці каля Менску ёсьць такое месца, дзе можна скокнуць з парашутам. Я быў студэнтам тады яшчэ. У сяброў пазычыў нейкія грошы, узяў таксоўку, паехаў і ў той жа дзень скокнуў. Там стандартная ёсьць працэдура: дзесьці гадзіны дзьве-тры навучаньня. Гэта сапраўды вельмі проста, бо ўсё навучаньне зводзіцца да некалькіх фразаў кшталту “Пастаўце ногі разам, калі будзеце прызямляцца”. Потым сядаеце ў самалёт, вялікі дэсантны парашут, 82 квадратныя мэтры, тры сэкунды вольнага падзеньня, пасьля чаго купал аўтаматычна адчыняецца, і вы яшчэ тры хвіліны пад купалам — вельмі прыгожа. Самалёт ляціць вельмі высока, і сьвядомасьць неяк не адчувае гэтай вышыні. Калі мы скакалі, вышыня была 1750 мэтраў, і на зямлі быў такі пахмурны шэры дзень, аблокі пачыналіся на 900, а заканчваліся на 1600 мэтрах, мы прабівалі гэтыя аблокі хвілінаў дваццаць, і потым мы вылецелі, а там такое сонца, там такая прыгажосьць, там усе гэтыя аблокі вось так да гарызонту, як белае мора. І вось адчыняюцца дзьверы, чалавек выходзіць, ён кладзецца на паветра. І вось пакуль я ляцеў да гэтых аблокаў, я ўсяго столькі пабачыў і адчуў у сабе…”



(Маёрчык: ) “Чалавек, які прайшоў праз такое выпрабаваньне, як ён мяняецца, што гэта яму дае?”

(Палякоў: ) “Усялякія дробязі, дробныя праблемы, яны больш не кранаюць вашыя мазгі, іншае зусім адчуваньне жыцьця, адчуваньня сьвету, усёй гэтай прыгажосьці, якую я там бачыў. Мяняецца адчуваньне гэтых дробязяў. Я ў суботу зноў скокну, у панядзелак прыйду на працу, штосьці там папрацую, але потым зноў у суботу я прыйду, я гэта ведаю, гэта мяне трымае ў жыцьці”.

(Маёрчык: ) “Ці часта бывае з аматарамі, каб не раскрыўся парашут?”

(Палякоў: ) “Зь першаразьнікамі такога не здараецца ніколі. Таму што гэта сапраўды вельмі надзейны аўтаматычны парашут. Гэта часам можа здарыцца з прафэсіяналамі, бо там і парашуты менш надзейныя, бо яны выконваюць розныя складаныя дзеяньні ў паветры. Але я магу сказаць, што паводле статыстыкі гэта больш бясьпечна, чым займацца футболам ці конным спортам, таму што сапраўды нейкія пазаштатныя сытуацыі здараюцца на 10 тысяч скачкоў — адна”.

(Маёрчык: ) “Калі люк ужо адкрыты, вырашальны момант — што можна назіраць у такіх сытуацыях?”

(Палякоў: ) “Рэакцыяў можна шмат пабачыць за тыя гады, што я скакаў. Розныя рэакцыі. Напрыклад, чалавек можа быць вельмі спакойны, не размаўляць. Вось так спакойна скочыць, прызямліцца і потым распавядаць, як яму было жудасна ў гэтым самалёце. Хтосьці наадварот — моцна выражае свае эмоцыі. Было такое, што інструктар падштурхоўвае людзей туды, у паветра, таму што самі яны ня могуць зрабіць гэтага кроку”.

(Маёрчык: ) “Ці былі падчас скокаў з парашуту ў Менску сьмяротныя выпадкі?”

(Палякоў: ) “Апошні, як я памятаю, быў у 1982 годзе, дзе спадар быў эпілептык. Зь ім здарыўся эпілептычны прыпадак, а на той час не было другога страхавальнага прыбора на запасным парашуце. Цяпер бы так не атрымалася, цяпер бы адчыніўся запасны парашут аўтаматычна. У той час такога не было”.

(Маёрчык: ) “Хто ідзе скакаць з парашутам?”

(Палякоў: ) “Кантынгент вельмі разнастайны: ад школьнікаў, якія часам з дазволам бацькоў (а часам і безь яго) прыходзяць да нас, да вельмі сталых людзей гадоў пад шэсьцьдзесят, і жанчыны да нас прыходзяць такога ўзросту. Болей усё ж такі маладых людзей гадоў дзесьці 20—25”.

(Маёрчык: ) “Колькі такое задавальненьне каштуе?”

(Палякоў: ) “25 даляраў, ці 56 тысяч беларускіх рублёў. Трэба пытацца ня колькі каштуе першы скачок, а колькі вам будзе каштаваць усё гэтае жыцьцё потым. А наконт парашута — гэта ўсё яшчэ мая мара, я думаю, што ў траўні яна ўсё-ткі зьдзейсьніцца, у мяне будзе свой парашут. Ён каштуе ад 2,5 да 5 тысяч даляраў, у залежнасьці ад якасьці. Ня кожны мае свой парашут, вельмі шмат моладзі арандуюць парашуты ў аэраклюбаў альбо адзін у аднаго. І гэта сапраўды вельмі дарагое хобі”.

(Маёрчык: ) “Праграма “Маладыя галасы” фінішуе. Натуральна, што колькасьць экстрэмальных забаваў у горадзе не абмяжоўваецца дыгерствам, начнымі гонкамі і парашутным спортам”.

(Канапелька: ) “Само жыцьцё часам бывае такім экстрэмальным, што не параўнаць нават са скачкамі з вышыні некалькіх тысяч мэтраў”.
XS
SM
MD
LG