Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Непартыйныя” чакаюць, што скажа Аляксандар Мілінкевіч


Алесь Дашчынскі, Менск Як ацэньвае вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў, што прайшоў у мінулыя выходныя, так званая “непартыйная” частка апазыцыі? Ці падтрымае яна адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году – Аляксандра Мілінкевіча?

Былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў Валерыю Фралову я нагадаў камэнтар цяперашняга старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва - “у Аляксандра Мілінкевіча няма ніводнага працэнта рэйтынгу, таму што гэтага чалавека ніхто ня ведае”. Адпаведна, маўляў, адзіны кандыдат не складзе дастойнай канкурэнцыі А.Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах.

(Фралоў: ) “Я цалкам згодны з Канаплёвым. На жаль, у Мілінкевіча вельмі мала рэйтынгавых працэнтаў. Хаця і ў іншых таксама мала, і ў мяне, і ў Лябедзькі. Ну, трошкі болей, але гэта ня тыя працэнты, пра якія можна было б казаць. Няма магчымасьці, каб людзі цябе бачылі, слухалі, нешта чыталі. “Народную волю” прыкрываюць – зусім ня будзе ніякіх магчымасьцяў”.

А як ацэньвае Валеры Фралоў вынікі Кангрэсу дэмсілаў?

(Фралоў: ) “Партыя БНФ больш баяздольная, мэтанакіраваная аказалася. Толькі ў гэтым такі вынік кангрэсу. Ну а мы аніякіх абавязкаў перад адзіным ад партыйнай кааліцыі ня маем, мы не падпісвалі ніякіх папер. Мы будзем займацца тым, чым займаемся. Мне здаецца, гэта не апошні кандыдат, іх яшчэ будзе шмат. Людзі няхай пабачаць, зробяць нейкі выбар. Мне здаецца, ад нашай групоўкі будзе ня вельмі дрэнны кандыдат. Магчымасьці і патэнцыял будзе трохі вышэйшы, чым у адзінага партыйнага”.

Валеры Фралоў заінтрыгаваў. Пад словам “мы” ён мае на ўвазе сябе, Аляксандра Вайтовіча, Уладзімера Парфяновіча, Васіля Лявонава і Ўладзімера Коласа. Аднак спадар Фралоў пакуль не называе імя таго, хто з гэтай кагорты можа прэтэндаваць на кандыдата ў прэзыдэнты. Каб не пасварыцца. Паводле Фралова, чакаць засталося няшмат.

(Фралоў: ) “Тыдні два-тры і ня больш. І недзе, ня менш за тысячу людзей якраз і вылучаць гэтага чалавека”.

Былы старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч нагадвае падпісаную раней дэклярацыю: "Мы прыкладзем усе намаганьні, каб падчас выбарчай кампаніі быў адзін кандыдат у прэзыдэнты ад дэмсілаў”. Паводле А.Вайтовіча, тут не гаворыцца, што гэтым адзіным павінен быць кандыдат, вылучаны партыйнай часткай. А што да вынікаў кангрэсу?

(Вайтовіч: ) “...І вы думаеце, што пагадненьне ўверсе, пагадненьне лідэраў партый будзе выконвацца ўнізе? Ня будзе выконвацца. Многіх вельмі не задаволіла тое, што адбылося. Пытаньне не такое адназначнае. Калі Мілінкевіч здолее сябе паказаць лідэрам нацыі, тады ніякіх пытаньняў ня ўзьнікне. Хутчэй за ўсё, ён і ня стане адзіным кандыдатам. Ідуць жа некалькі калёнаў. Што вы думаеце, што да яго падбяжыць Казулін і стане ў ягоныя шэрагі? І іншыя? Трэба ж рэальна глядзець на рэчы”.

Аднак у чым спадар Вайтовіч бачыць пазытыў кандыдатуры Аляксандра Мілінкевіча?

(Вайтовіч: ) “Шушкевіч, Лябедзька ўжо доўгі час на першых ролях у апазыцыі, да іх грамадзтва так прывыкла і такое ўяўленьне пра іх у грамадзтва, што памяняць яго амаль немагчыма. У гэтым пляне Мілінкевіч яшчэ “сьвежы” чалавек, і гэта яго галоўны пазытыў”.

Паводле старшыні фонду “За новую Беларусь” Васіля Лявонава, кангрэс – гэта добрая зьява. Аднак вырашана пакуль пытаньне аб кандыдаце партыйнай апазыцыі. Спадар Лявонаў станоўча ацэньвае Аляксандра Мілінкевіча і падкрэсьлівае ягоную адукаванасьць. Што ж будзе рабіць далей “непартыйная” апазыцыя?

(Лявонаў: ) “Мы будзем рабіць тое, што павінны рабіць: садзейнічаць зьменам у Беларусі. Я пачую Мілінкевіча. Лічу, што гэта павінна быць добрая праграма. Я ня ведаю пакуль ягонай праграмы, плятформы. Мы ж ня ведаем, што скажа Мілінкевіч. Чакаем Мілінкевіча”.

Нарэшце, яшчэ адзін палітык, які прэтэндуе на ролю агульнанацыянальнага лідэра, былы міністар замежных спраў Пятро Краўчанка, пакуль не сьпяшаецца адкрываць сваіх плянаў і камэнтаваць вынікі кангрэсу.

(Краўчанка: ) “Я ніколі не раблю такія экспрэс-заявы. У мяне будзе асобая думка і такі нейкі асобы падыход. Так што ў шэраг іншых мяне не ўключайце, калі ласка”.
XS
SM
MD
LG