Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры Рады БНР закрануць у Брусэлі пытаньне нацыянальнай дыскрымінацыі беларусаў


Сяргей Навумчык, Брусэль. Сёньня распачынаецца візыт дэлегацыі Рады БНР у Брусэль, дзе маюць адбыцца сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапейскага парлямэнту і Эўракамісіі.

Заплянаваныя сустрэчы зь кіраўніцтвам Эўрапарлямэнту і прадстаўнікамі шэрагу дэпутацкіх фракцыяў, зь кіраўнікамі Эўракамісіі і тымі асобамі, якія адказныя за канкрэтныя праекты адносна Беларусі.

Дзьве тэмы плянуецца абмеркаваць пад час сустрэчаў. Першае – гэта, так бы мовіць, вывад Беларусі з–пад расейскага ўплыву. Як вядома, Крэмль апошнім часам даволі выразна дае зразумець Эўропе, што Беларусь уваходзіць у зону расейскіх інтарэсаў. Дык вось, мэта Рады БНР, як вызначае яе Івонка Сурвілла – пераканаць эўрапейскіх палітыкаў у тым, што ніякай дапамогі беларускай дэмакратыі з боку Расеі чакаць не выпадае. Будзе таксама закранутая праблема пагрозы сувэрэнітэту Беларусі ў кантэксьце апошніх сумесных ваенных ініцыятываў Масквы і Менску.

Другая тэма – беларускамоўнае вяшчаньне на Беларусь. Два месяцы таму Рада БНР прыняла адмысловую заяву адносна рашэньня распачаць вяшчаньне радыёстанцыі “Нямецкая хваля” па-расейску. Рада БНР прызнала гэта сумнеўнай праявай падвойнага стандарту. Гэтая тэма будзе абмяркоўвацца ў кантэксьце наступу на беларускую мову ў цяперашняй Беларусі, ліквідацыі беларускамоўных адукацыйных і культурніцкіх устаноў, што сябры Рады БНР лічаць праявай нацыянальнай дыскрымінацыі.

Апрача афіцыйных сустрэчаў у структурах Эўразьвязу, заплянавана таксама спатканьне з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Бэльгіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG