Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне выступае беларуская "Незалежная Рэспубліка Мроя"


Алена Струвэ, Менск Сёньня а 21-й гадзіне ў бэрлінскім клюбе Акуд пройдзе інфармацыйна-музычная вечарына, прысьвечаная Беларусі. Сярод яе ўдзельнікаў – саліст гурту NRM Лявон Вольскі . Учора ў бэрлінскім клюбе Като, што ў заходняй частцы гораду ў шматнацыянальным раёне Кройцбэрг, адбыўся першы канцэрт беларускага гурту. Паводле арганізатараў гэтага музычнага турнэ Інга Пэтц і Максіма Грушавога, аўтараў нямецкага культурніцкага праекту “Малады твар Беларусі”, падобная акцыя мае на мэце наблізіць Беларусь да Эўропы.

Канцэрт NRM закончыўся позна ўначы. Беларускі гурт выступаў другім пасьля нямецкай групы . Музычны запіс атрымаўся кепскім, але радыёслухачы, магчыма, ўсё ж здагадаліся, што гэта гучыць -“Хавайся ў бульбу”.

Большасьць слухачоў у клюбе - немцы, якія, за рэдкім выключэньнем, не разумеюць беларускай мовы. Выключэньне – Марцін, студэнт-славіст з Франкфурту, які калісьці працаваў валанцёрам у Беларусі. Тут ён упершыню адкрыў для сябе NRM і авалодаў беларускай мовай. “Хавайся у бульбу” адна зь ягоных любімых песень.

(Марцін: ) “Канечне ж, гэтая песьня падабаецца. Як і кожная песьня NRM, гэта нейкая сацыяльная крытыка Беларусі, у хлопцаў здорава атрымліваецца перадаць такую атмасфэру боязі, якая ў краіне пануе”.

Як лічыць Марцін, у песьнях NRM галоўнае -вершы. Паводле ж ідэі нямецкіх арганізатараў, канцэрт ідзе безь перакладу.

Што тады рабіць тым гледачам і слухачам, якія не разумеюць па-беларуску ані слова, - пытаюся ў Марціна.

(Марцін: ) “Ну, ня ведаю, у любым выпадку можна калбасіцца пад музыку гурту. Яна клясная”.

Праўдападобна, што адсутнасьць перакладу не надта хвалюе і і саміх музыкантаў NRM. У размове са Свабодай Лявон Вольскі гаворыць. (Вольскі: ) “Ні на што не разьлічваем. Прыехалі проста пазнаёміцца з сытуацыяй, ці можна тут іграць. Бо тут ёсьць энтузіясты. Нямецкія журналісты, напрыклад, Інга Петц, які запрасіў нас сюды, ды Максім Грушавы. Паглядзім. Будзем тлумачыць сэнс неяк пры дапамозе жэстаў”.

Усе тры канцэрты NRM у Нямеччыне мусяць быць непадобныя адзін да аднаго, перакананы Максім Грушавы.

(Грушавы: ) "Сёньня будзе сольная праграма Лявона Вольскага. Канцэрт робіцца разам зь мясцовай філіяй Міжнароднай амністыі. Дарэчы, гэта будзе такі інфармацыйны вечар пра Беларусь. Дарэчы, пра NRM пішуць шмат нямецкіх медыяў Sueddeutsche Zeitung, Deutschlandfunk, Deutschlandradio”. Ва ўчорашнім інтэрвію Sueddeutsche Zeitung, Лявон Вольскі сказаў, што розныя прамовы - гэта ня іх справа. У музыкаў NRM ёсьць штосьці, што яны хочуць данесьці іншым праз сваю творчасьць".
XS
SM
MD
LG