Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жонка Мілінкевіча Іна Кулей: “Буду дапамагаць мужу ўсім, чым магу”


Валер Каліноўскі, Менск Жонка Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, Іна Кулей пераяжджае са сваім мужам у Менск і зьбіраецца актыўна дапамагаць яму ў палітычнай барацьбе. Яна шчыра верыць у перамогу апазыцыі на будучых выбарах. З Інай Кулей размаўляў наш карэспандэнт.

Іна Кулей прысутнічала на Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі, і калі на форуме была абвешчаная перамога яе мужа, яна разам зь ім выйшла на сцэну Палаца культуры МАЗа, каб прывітаць удзельнікаў кангрэсу. Пра тое, як яна ўспрыняла перамогу мужа, спадарыня Кулей заявіла наступнае:

(Кулей: ) “Перамогу ўспрыняла спачатку зь вялікай радасьцю, таму што Аляксандар гэтую перамогу заслужыў сваёй працай, сваёй асобай, сваёй упэўненасьцю… Але праз пяць хвілін я ўжо адчула вялікую адказнасьць. І мы разумеем гэтую адказнасьць.”

Іна Кулей кажа, што яе не палохае будучы пераезд у Менск, цяжкасьці перадвыбарчай палітычнай кампаніі:

(Кулей: ) “Менск – гэта сэрца Беларусі, гэта любімая сталіца, канешне, тут трэба будзе знайсьці нейкае жытло зараз і ўмацавацца. А адносна справаў, то мы прызвычаеныя да таго, што шмат трэба езьдзіць, за рулём абодва бываем. Таму я думаю, што буду дапамагаць мужу ўсім, чым магу. Спачатку гэта надзейны тыл, каб было спакойна і ўтульна ў хаце, а ў астатнім, канешне, буду паплечнікам, калі трэба”.

Іна Кулей заявіла, што не баіцца магчымых рэпрэсіяў беларускіх уладаў супраць яе і Аляксандра Мілінкевіча, і абсалютна верыць у яго перамогу на будучых прэзыдэнцкіх выбарах:

(Кулей: ) “Абсалютна, таму што мне падаецца, што нармальныя людзі ў Беларусі даўно чакаюць пераменаў. Мы сябе адчуваем унутрана ўпэўнена, таму што за намі праўда, людзі, зь якімі мы працуем, даўно ведаюць нас, нам няма чаго хвалявацца і за што саромецца.”

Спадарыня Кулей заўважыла, як адрэагавалі дзяржаўныя СМІ Беларусі на абраньне адзінага кандыдата ад апазыцыі, і мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка такім чынам хоча ўтрымаць уладу:

(Кулей: ) “Канешне, гэты ідэалягічны націск, які зараз ідзе на грамадзтва – паказчык таго, што яны апошнія дні знаходзяцца пры сваёй уладзе. Таму баяцца няма чаго, глядзець гэта можна, і трэба проста шукаць шляхі, каб супрацьпаставіць сваю праўду гэтай плыні ілжы. Колькі б ні была цемра – ноч скончыцца і надыдзе дзень. І толькі ад нас залежыць, як мы будзем пераконваць і ўпэўніваць людзей. Ад нас залежыць, наколькі нашыя вочы будуць гарэць.”

Іна Кулей працуе кіраўніком Беларускай асацыяцыі рэсурсных цэнтраў і зьяўляецца старшынёй фонду “Наша вежа” ў Берасьці. Яна другая жонка спадара Мілінкевіча і кажа, што і ў яе, і ў Аляксандра захаваліся нармальныя прыяцельскія адносіны з папярэдняй жонкай.

Іна Кулей паходзіць з Брагінскага раёна Гомельшчыны, ёй 44 гады, яна маладзейшая за мужа на 14 год, яе маці працавала настаўніцай беларускай мовы ў школе, бацька быў пракурорам.

Іна Кулей закончыла Менскі пэдагагічны інстытут, БДУ і ЭГУ. Мае спэцыяльнасьці пэдагога-дэфэктоляга, эканаміста-юрыста і палітоляга. Працавала выкладчыцай у школе і Берасьцейскім унівэрсытэце. З 1997 года актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Адна зь лідэраў трэцяга сэктару Беларусі. Замуж за А.Мілінкевіча выйшла ў 2002 годзе. Мае сына ад першага шлюбу. У А.Мілінкевіча двое сыноў, малодшы зь якіх ходзіць у 11 клясу сярэдняй школы.
XS
SM
MD
LG