Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі спрабуе ўлагодзіць канфлікт зь сям’ёй Лапіцкіх


Міхал Стэльмак, Менск У 9-гадовага Янкі Лапіцкага з Жодзіна зьявілася надзея працягнуць адукацыю па-беларуску. Міністэрства адукацыі зьвярнулася ў мясцовы гарвыканкам зь ініцыятывай урэгуляваньня канфлікту. Нагадаем, жодзінскі хлопчык другі год не наведвае школы. Беларускамоўная кляса, у якой вучыўся Янка, была расфармаваная напярэдадні мінулага навучальнага году. У ёй было два вучні. Паводле жодзінскіх чыноўнікаў, трымаць клясу дзеля двух вучняў — задорага для бюджэту. Бацькі Янкі адмовіліся ад прапанаванага навучаньня сына ў расейскамоўнай школе.

Сям’я Лапіцкіх атрымала копію ліста Міністэрства адукацыі, накіраванага ў Жодзінскі гарвыканкам. Як паведаміў бацька Янкі Аляксей Лапіцкі, у гэтым лісьце намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно просіць жодзінскіх чыноўнікаў прыняць неабходныя меры, каб забясьпечыць канстытуцыйныя правы Янкі Лапіцкага і яго бацькоў на атрыманьне іх сынам адукацыі на беларускай мове.

(Лапіцкі: ) “У гэтай сувязі сёньня тэлефанаваў кіраўнік Жодзінскага аддзелу адукацыі Горыд і ўдакладняў нашы патрабаваньні. Я нагадаў яму, што патрабаваньні адны і тыя ж ужо больш як год і адзін месяц. Мы патрабуем аднаўленьня і адкрыцьця беларускамоўнай клясы. Каб зь дзецьмі альбо з дзіцёнкам займаліся па адпаведнай праграме настаўнікі па ўсіх прадметах па-беларуску. Ён удакладняў гэта. Казаў, што, можа, хай будзе самаадукацыя, на хаце. А я яму зноў нагадаў, што самаадукацыя робіцца па заяве бацькоў. Мы адмаўляліся ад такога варыянту. Бо гэта фактычна сьвядомае адмаўленьне ад права на бясплатную агульную сярэднюю адукацыю, якая фінансуецца і гарантавана Канстытуцыяй Беларусі кожнаму грамадзяніну Беларусі”.

Паводле Аляксея Лапіцкага, цяперашняя ініцыятыва Міністэрства адукацыі ўрэгуляваць канфлікт у Жодзіне стала наступствам афіцыйнага ліста сям’і Лапіцкіх, які яны накіравалі нядаўна міністру адукацыі Аляксандру Радзькову. У сваім лісьце Лапіцкія паскардзіліся, што зь 2004 году з-за рашэньняў мясцовай улады яны пазбаўленыя “элемэнтарнага права” на атрыманьне сынам абавязковай і бясплатнай адукацыі на роднай мове, якая ёсьць дзяржаўнаю моваю ў Беларусі. За год прымусовага, як лічаць Лапіцкія, пазбаўленьня Янкі магчымасьці навучацца па-беларуску, яны ў Жодзіне не дачакаліся ад мясцовага аддзелу адукацыі вырашэньня іх пытаньня. Больш таго, з боку мясцовых чыноўнікаў ідзе псыхалягічны ціск, яны прымушаюць сям’ю Лапіцкіх прыняць значна пагоршаныя ўмовы працягу адукацыі. Лапіцкія выказалі ў лісьце да міністра “рашучы пратэст” дыскрымінацыйным, на іх думку, дзеяньням жодзінскага аддзелу адукацыі.

Як паведаміў Аляксей Лапіцкі, жодзінскія ўлады зьбіраюцца адрэагаваць на зварот Міністэрства адукацыі.

(Лапіцкі: ) “Фігуруе слова “просіць”. Не патрабуе, хаця ў тэлефанаваньні Горыда гэта гучала па-іншаму. Ня “просяць”, а “зьвярнуліся да нас, каб мы прынялі адпаведныя меры”. Пытаньне будзе разглядацца на паседжаньні гарвыканкама. Будзем глядзець, што яны там вызначаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG