Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міколы Статкевіча адбыўся інцыдэнт з супрацоўнікамі баранавіцкага КГБ.


Любоў Лунёва, Менск. У гэтым горадзе апазыцыйны палітык адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

Раніцай Міколу Статкевічу патэлефанавалі з “Партыі Свабоды і Прагрэсу”, лідэрам якой зьяўляецца Ўладзімір Навасяд, і паведамілі, што да іх прыехалі партнэры са швэцкага Рыгздагу. Парлямэнтары папрасілі аб сустрэчы з рэпрэсаваным сацыял-дэмакратам. Дамовіліся, што сустрэча адбудзецца ў абедзенны перапынак.

Літаральна праз некалькі хвілінаў пасьля тэлефанаваньня вакол будынку “Рэмбыттэхнікі” зьявіліся некалькі чалавек у цывільным і машына з танаваным лабавым шклом. Калі Статкевіч пайшоў у краму, каб набыць запчастку, за ім пайшлі людзі ў цывільным. Мясцовыя жыхары зь цікавасьцю назіралі за гэтым, бо сытуацыя нагадвала дэтэктыўныя фільмы-пародыі. Прадстаўнікі Рыгздагу Сэсілія Вікстром, Карын Гранбом, Аксэль Дарвік і Гунар Андрэн крыху спазьніліся і чакалі апазыцыйнага палітыка ля будынку, дзе ён працуе. Мікола Статкевіч узгадаў, што дома пакінуў табель, які ён мусіць штодня адзначаць і здаваць у спэцінтэрнаце дзяжурнаму. Калега з працы вызваўся яго падвезьці.

Калі Статкевіч садзіўся ў машыну, ён ня думаў, што стане ўдзельнікам імправізаванай гонкі. За машынай адразу паехаў аўтамабіль з танаваным шклом.

(Статкевіч:) “Ну, калега аказаўся такога добрага тэмпэрамэнту. Ён увесь час прапаноўваў мне “папятляць” па горадзе. Так ужо прасіўся… Але я спазьняўся. Потым кажу: “Добра, папятляй.” Ён на бардзюр, па пешаходнай дарожцы, праз балота па пешаходным масточку, а потым па ямінам прыватнага сэктару на сваёй машыне. Бачу, гэты “Фольксваген-пасат” таксама за намі скача. Наладзілі “разьмінку”. Прыехалі да працы, а там ужо госьці з мікрааўтобусу выйшлі. Яны заўважылі, што амаль на кожным квадратным мэтры стаяць людзі ў цывільным. Было вельмі сорамна і за нашу краіну і за яе спэцслужбы.”

Мікола Статкевіч са сьмехам паведаміў швэдам, што калі на мінулым тыдні да яго прыяжджаў нямецкі амбасадар, то суправаджаў іх аўтамабіль расейскай вытворчасьці – старэнькі “Жыгуль”, які ў народзе празвалі “капейкай”. Гэтым разам машына лепшая – “Фольксваген-Пасат”. Пасьля таго, як палітык паразмаўляў і разьвітаўся з дэпутатамі швэдзкага парлямэнту, да яго пачалі прыходзіць супрацоўнікі спэцкамэндатуры.

(Статкевіч:) “Пасьля гэтага пайшлі візіцёры. З камэндатуры дасылаюць маёра – што ды як. Даруйце! 37-ы год. Замежнікі прыехалі ў Савецкі Саюз і НКВД ставіць усіх кантакцёраў на вушы, хто меў няшчасьце зь імі сустрэцца. Што гэта робіцца?! Ці гэта ня ХХІ стагодзьдзе і не краіна ў сярэдзіне Эўропы?! З глузду зьехалі ўжо.”

Мікола Статкевіч лічыць, што ініцыятыва сыходзіла ад супрацоўнікаў мясцовага КГБ. На яго думку, міліцыя са спэцкамэндатуры апытвала яго, згодна зь іх загадам.
XS
SM
MD
LG