Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Сяргея Скрабца перадаюць у суд


Уладзімер Глод, Менск Рэспубліканская пракуратура завяршыла дасьледаваньне крымінальнай справы вядомага апазыцыйнага палітыка, кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргея Скрабца. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні для СМІ, якое прэсавая служба пракуратуры распаўсюдзіла 3 кастрычніка.

Рэспубліканская пракуратура абвінавачвае Сяргея Скрабца ў трох парушэньнях закону – выманьваньні крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару. Паводле пракуратуры, спадар Скрабец, нягледзячы на тое, што быў абраны восеньню 2000-га году дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і таму мусіў бы спыніць прадпрымальніцкую дзейнасьць, працягваў да лістападу 2001 году кіраваць асабіста і праз падстаўных асобаў "Гандлёвым Домам “Бел-Бабаеўскае".

Пракуратура таксама заяўляе, што былы парлямэнтар сумесна са сваім братам Аляксандрам двойчы прадстаўляў сьвядома сфальсыфікаваныя дакумэнты і дамогся ў "Беларусбанку" валютных крэдытаў, якія нанесьлі страту дзяржаве ў памеры 498.220 даляраў ЗША.

Сяргей Скрабец на гэтыя абвінавачваньні адказваў, што ён спыніў пасьля абраньня дэпутатам прадпрымальніцкую дзейнасьць. Што ж тычыцца крэдытаў, дык яны сапраўды былі атрыманыя. На гэтыя грошы купілі сельскагаспадарчую тэхніку, якую зьбіраліся прадаць за межамі Беларусі. І калі б яе раптоўна не канфіскавалі, дык адпаведныя фірмы ўжо даўно б разьлічыліся за пазыку.

Адвакат Сяргея Скрабца Алег Дубавец, які, дарэчы, абараняў былую кіраўніцу справамі прэзыдэнта Галіну Жураўкову, на маю просьбу пракамэнтаваць сытуацыю сказаў, што яму трэба яшчэ ўдакладніць некаторыя дэталі справы і прапанаваў сустрэцца ў аўторак, 4 кастрычніка.

Малодшы брат былога дэпутата Аляксандар Скрабец, які зьяўляецца саўдзельнікам ў яго справах, але, ў адрозьненьне ад брата, знаходзіцца на волі, лічыць, што тут ёсьць над чым паразважаць:

(А.Скрабец:) "Адносна кожнага пункту тут можна размаўляць. Што тычыцца хабару, дык я яго не прапаноўваў і не даваў. Наколькі я ведаю, Сяргей яго таксама не прапаноўваў і не даваў. Тое, што не даваў, дык гэта і пракуратура прызнае. Яна інкрымінуе, што ён меў такі намер. Адкуль мне ведаць? Можа, яны яго думкі чытаюць? Можа, у іх ёсьць прыстасаваньне, якое запісвае біятокі яго мозгу. Але, паўтаруся, хабару ён не даваў. Што тычыцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці? Я дакладна ня ведаю, ці можна было ў той час быць дэпутатам і адначасова займацца камэрцыйнай дзейнасьцю. І як будзе даказана, што ён ёй займаўся – таксама не ўяўляю. Карацей, як мне было раней незразумела многае, так і цяпер незразумела".

Сяргея Скрабца, які, як мы паведамлялі раней, знаходзіўся на абсьледаваньні ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, 29 верасьня вярнулі ў сьледчы ізалятар часовага ўтрыманьня па вуліцы Валадарскага ў Менску. Ці працягвае ён галадаваць, дакладна невядома.
XS
SM
MD
LG