Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэту "Прэсбол" ізноў пачынаюць судзіць


Галіна Абакунчык, Менск У Цэнтральным судзе Менску 10 кастрычніка распачынаюцца новыя судовыя слуханьні ў справе газэты “Прэсбол”. З пазовам супраць выданьня ў суд зьвярнулася галоўная бугальтарка Дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву Сьвятлана Рамановіч. Яна патрабуе спагнаць з газэты 14,5 мільёнаў рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай страты за публікацыю артыкулу “Весткі з палёў”.

У артыкуле паведамляліся падрабязнасьці звальненьня бугальтаркі, з-за якога кіраўнік вучэльні Мікалай Ананьеў атрымаў несправядлівае спагнаньне ад міністра спорту Аляксандра Грыгор”ева. Аўтарка публікацыі, вядомая біятляністка Сьвятлана Парамыгіна паведаміла пра стаўленьне да гэтай сытуацыі ў калектыве, які выказаўся не на карысьць спадарыні Рамановіч. Выстаўленыя ёй прэтэнзіі да газэты, рэдактар “Прэсболу” Уладзімер Беражкоў лічыць надуманымі й несправядлівымі.

(Беражкоў: ) “Гэтыя прэтэнзіі проста сьмешныя, сума завышаная. І ўвогуле імя гэтага чалавека ў артыкуле зусім ня згадвалася. Думаю, што за гэтаю заяваю стаіць не бугальтар, а людзі вышэйшыя”.

Спадар Беражкоў кажа, што з прычыны новага суду ён хвалюецца за далейшы лёс газэты ў зьвязку з тым, што гэта ня першы пазоў, паводле якога з выданьня патрабуюць спагнаць буйныя сумы грошай. Гэтак, “Прэсбол” мусіў сплаціць 30 мільёнаў рублёў міністру фінансаў Мікалаю Корбуту. Асабіста ў рэдактара на буйную суму была сканфіскаваная маёмасьць. Уладзімер Беражкоў называе гэта мэтанакіраваным перасьледам і вось чаму.

(Беражкоў: ) “Газэта крытычна настроеная ня толькі да ўлады, але да ўсяго. Мы імкнемся пісаць аб’ектыўна. Ня ўсім гэта падабаецца. Некаторыя прызвычаіліся жыць у камфортных умовах, калі іх толькі хваляць.”

У студзені “Прэсбол” адзначае 15-годзьдзе з часу заснаваньня. Суд супраць выданьня распачынаецца 10 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG