Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пераможца конкурсу “Настрой на “Свабоду” атрымаў прымач “GRUNDIG”


Ігар Карней, Менск Супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Мікалай Прыгодзіч – пераможца конкурсу “Настрой на “Свабоду” – атрымаў галоўны прыз віктарыны нашага радыё – прымач “GRUNDIG”.

Спадар Прыгодзіч – у пэўным сэнсе чалавек, якому шанцуе. Практычна ўсе конкурсы, у якіх 50-гадовы менчук браў удзел, былі для яго пасьпяховымі. Два гады таму, дзякуючы сваім здольнасьцям, упершыню выехаў за мяжу. Дзесяць дзён, праведзеных у Кітаі, уражваюць дагэтуль. Але далей размаўляем пра ягонае адчуваньне свабоды – у розных сэнсах гэтага слова.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Мікалай, як даўно вы слухаеце “Свабоду”?

(Прыгодзіч: ) “Я са “Свабодай” даўно. Зараз не магу дакладна сказаць, але яшчэ ад савецкіх часоў, калі слухаць было і цяжка і небясьпечна. А цяпер, калі аднабакова ўсё падаецца на нашым тэлебачаньні, дзяржаўным радыё, у прэсе – тым больш трэба слухаць “Свабоду”.

(Карэспандэнт: ) “Да тых, хто праз столькі часу зараз слухае “Свабоду”, стаўленьне гэтаксама неадназначнае…”.

(Прыгодзіч: ) “Канечне. Мне нават зрабілі заўвагу на працы, што я выйграў у віктарыне. А гэта значыць, што начальства таксама слухае. Увогуле, народ слухае. Іншая справа, што некаторыя баяцца ў гэтым прызнацца”.

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што інфармацыя на “Свабодзе” аб’ектыўная, ёй можна давяраць?”.

(Прыгодзіч: ) “Так, праўдзівая, аб’ектыўная інфармацыя”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля таго, як атрымалі прыз, яшчэ будзеце працягваць слухаць, ці, магчыма, ужо стымул ня той?”.



(Прыгодзіч: ) “Канечне, буду працягваць. Я думаю, што з дапамогай лічбавага прымача ўдасканаліцца прыём і цяпер я буду без перашкод слухаць “Свабоду”. Я ўвогуле вельмі ганаруся, што атрымаў такі падарунак, і хачу пажадаць ўсім, хто думае, піша, гаворыць, хто спрыяе незалежнасьці нашай Беларусі, каб яны яшчэ з большым імпэтам рабілі сваю справу. І няхай для ўсіх, хто зьвязаны з “Радыё Свабода”, хто тут працуе, хто піша, хто слухае радыё, каб у іх усё атрымоўвалася... Вельмі хвалююся, прабачце…”.

(Карэспандэнт: ) “Магчыма, у вас ёсьць нейкія заўвагі. Можа, якіхсьці перадач бракуе? Чаго вам не хапае на “Свабодзе”?

(Прыгодзіч: ) “Як быццам, усё ёсьць... Адзінае жаданьне – каб меней было памехаў. Таму што ў гадзіну пасьля дзевятай вечара слухаеш-слухаеш “Свабоду”, а потым яна плаўна чамусьці пераходзіць у “Нямецкую хвалю”. А ў астатнім – усё добра. Адзначу, што вядучым на радыё зусім не павінна быць сорамна за беларускае вымаўленьне. І тым, хто хоча навучыцца вольна размаўляць па-беларуску, можна сьмела слухаць “Свабоду”. Бачна, што ўсе, хто зьвязаны з “Радыё Свабода”, вельмі стараюцца, каб перадачы мелі плён і станоўчы вынік”.

Мікалай Прыгодзіч кажа, што новы прымач, атрыманы ў якасьці падарунку ад “Радыё Свабода”, прыйдзецца якраз да месца ў ягонай кватэры – сёлета, пасьля некалькіх дзесяцігодзьдзяў блуканьняў па інтэрнатах, ён нарэшце стаў гаспадаром сваёй першай, уласнай кватэры. Посьпехаў – і свабоды!
XS
SM
MD
LG