Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску выступаў аўтар “мэталічнай казы” (фота)


Ігар Карней, Менск Учора ў менскім Палацы спорту даў канцэрт адзін з самых яскравых прадстаўнікоў стылю “хэві-мэтал” Роні Джэймс Падавана, добра вядомы прыхільнікам цяжкога року пад артыстычным псэўданімам DIO. Наш карэспандэнт пераканаўся: “ветэран сцэны” малады духам нават ў свае 65 гадоў.

Заплянаваная на 1 кастрычніка прэс-канфэрэнцыя з удзелам Роні DIO не адбылася. Як паведамілі арганізатары канцэрту з прадусарскага цэнтру “Класс-Клуб ДК”, цягнік, на якім музыкі ехалі з Украіны, на чатыры гадзіны спазьніўся ў Менск, і ўражаньне ад падарожжа ў апошні пункт эўрапэйскага туру было сапсаванае. Тым ня меней, на вечаровым выступе 2 кастрычніка гэта ніяк не адбілася, і легендарны рокер адпрацаваў “па поўнай праграме”. Дарэчы, з так званых “мэталістаў” узору 1970-80-х DIO адзіны, хто працягвае актыўную гастрольную дзейнасьць.

На прыкладзе нядзельнага канцэрту можна зрабіць выснову, што DIO лёгка знаходзіць кантакт нават з тынэйджэрамі, якія, паводле лёгікі, слухаюць зусім іншую музыку, але з задавальненьнем ідуць на канцэрты супэрзоркі іншай эпохі. Сам сьпявак гэта тлумачыць проста: у краінах былога СССР слухачы ніколі не былі распешчаныя “цяжкой” музыкай, таму і мэтал-рок тут ня так архаічна ўспрымаецца, як у ЗША ці Нямеччыне. Але, гаворачы аб рок-музыцы, DIO застаецца рэалістам: любы музычны кірунак актуальны для свайго пакаленьня. “Я не хачу слухаць музыку, якую слухаў мой бацька. Таму, гаворачы пра нашых дзяцей, цалкам лягічна, што яны аддаюць перавагу рэпу”, – канстатуе DIO. А ўвогуле, паводле музыкі, кожны новы кірунак актыўна жыве ня больш за пяць гадоў. Потым ён альбо мадыфікуецца, альбо прыходзіць штосьці прынцыпова новае.

У свае 65 гадоў сьпявак такі ж рухавы і “галасісты”, як і 30 гадоў таму. І здаецца, што абраны ім не зусім сьціплы псэўданім DIO (па-італьянску – Бог) цалкам адпавядае гэтаму маленькаму фізычна, але вялікаму ў сваёй унутранай энэргетыцы музыку. Дарэчы, першая каманда сьпевака называлася “Elf” – зноў жа таму, што ўсе яе ўдзельнікі былі маленькага росту, а Роні сярод іх увогуле падаваўся “ліліпутам”. Але ўжо тады ўсе зьдзіўляліся – як у такім целе зьмяшчаецца такі магутны голас. Першым, дарэчы, талент DIO разгледзеў лідэр “Deep Purple” Рычы Блэкмар, які ў 1975-м сабраў новы калектыў “Rainbow”, дзе якраз да месца прыйшоўся DIO.



Выступу сьпевака папярэднічала дэманстрацыя папулярных у 1980-х антуражных кампутарных спэцэфэктаў. Гэта ў пэўнай ступені даніна часу, калі на канцэртах шмат якіх “хэвімэталічных” гуртоў па сцэнах поўзалі мэханічныя павукі і вялізныя цмокі, зь якімі гераічна змагаўся і той жа DIO. Прасунутым праграмістам сёньня такія фокусы падаюцца прымітыўнымі, але менавіта ў іх – адбітак рамантычнай эпохі пакаланеньня “хард-н-хэві”. Учора на экране Палацу спорта дэманстраваўся кампутарны відэаролік пра тое, як герой-DIO змагаецца з цмокамі, засланымі імпэрыяй зла – “імпэрыяй дыска”. “Чалавецтва будзе выратаванае, вораг будзе разьбіты”, – амаль у духу савецкай прапаганды жартаўліва-пафасна гаворыць герой-DIO… Даўно ўжо састарэла “дыска”, па-за кантэкстам успрымаюцца апранутыя ў скуру “мэталісты”. Разумеючы і сваю ў пэўным сэнсе архаічнасьць, у эўрапэйскі тур з першым у сваім жыцьці заездам у Беларусь DIO выправіўся пад сьцягам першага самастойнага альбому “Holy Diver”, запісанага 22 гады таму, у 1983 годзе, пасьля разьвітаньня з гуртамі “Rainbow” і “Black Sabbath”. Рэдкі выпадак, калі сольная кар’ера пасьля ўдзелу ў такіх культавых камандах прынесла выканаўцу яшчэ большую славу.

Апроч песеннай спадчыны, DІО застанецца ў памяці мільёнаў прыхільнікаў “хэві-мэтал” як аўтар так званай “казы”, жэсту, зразумелага мільёнам рокераў ва усім сьвеце – “растапыраныя” у мэталічным экстазе мезенец і ўказальны палец рукі. Праўда, гавораць, што насамрэч “казу” прыдумала бабуля Роні: яна гэты знак разумела як абарону ад цёмных сілаў. Як бы там ні было, сам DІО з “казой” ніколі не разьвітваецца – на што і сьведчаць і шматлікія музычныя постэры з выявай маленькага, але вялікага ў сваёй сіле DІО.
XS
SM
MD
LG